Выбрать главу

Я ўзяў ружжо, дастаў з яго патрон, адкінуў ружжо ўбок. Янко спаў. Прайшло з паўгадзіны, ужо ў лесе ўцямнела. Я разбудзіў яго і сказаў, амаль загадаў:

   —  Янко Іванавіч! На работу!

Ён прамармытаў знізу, з зямлі:

   —  А дэ журавэль?

   —  Паляцеў.

Ён узяў бутэльку, паглядзеў — пуста, нічога не сказаў, нават не ўздыхнуў, я падаў яму ружжо, аддаў патрон, ён здзіўлена паглядзеў на мяне, выпаўз з палаткі, цягнучы за сабой ружжо, стаў на ногі, дастаў з кішэні патрон, плюнуў на яго, пайшоў з лесу на дарогу, на мост...

Я стаяў у вячэрнім лесе, слухаў цішыню і чакаў. I птушка на высокіх нагах выйшла з вецця, нізка і слаба падскочыла, стала глядзець на мяне. Я не паварушыўся, нават вокам не міргнуў, хоць вачэй маіх журавель і не мог бачыць у цемры. А можа і бачыў — па-свойму, па-птушынаму? Я ж яго вочы бачыў — нават не самыя вочы, а слабенькі бляск у іх ад месяцовага святла. Той бляск ледзь прыкметна трымцеў — мабыць, трымцела ўся птушка. I ўсё-такі я варухнуўся — ступіў крок, друті да жураўля. Бляск у яго вачах неспакойна ўздрыгнуў, але птушка стаяла на месцы. Я зрабіў яшчэ крок, і тады крылы цяжка ўзмахнулі — журавель адскочыў крыху назад. Я сеў на мох, адчуў яго вілыотны халадок. На гэтым мы з птушкай моўчкі пагадзіліся — я сядзеў нерухома, яна нерухома стаяла. Потым я ціха сказаў у цемру:

   —  Курлы.

Журавель падняў сваё месяцовае святло ўгору, знерухомеў. Я — яшчэ раз:

— Курлы.

I тады журавель на ўсё горла так голасна курлыкнуў, што на мяне ажно раса упала з дрэва, і ў гэтым голасе я пачуў: ты мяне, чалавеча, не перадражнівай, не бунтуй, я ўсё ведаю і лепей памаўчым. Я быў упэўнены: крылле ў жураўля не паранена, а, мусіць, ад каменя, кінутага чалавекам, яму балюча ў баку...

Журавель узмахнуў крыламі, скочыў яшчэ і яшчэ раз да мяне. Я працягнуў руку яму насустрач, ён не бачыў яе, злажыў крылле, стаяў, і месяцовае святло ў вачах яго не трымцела. Потым мы наблізіліся яшчэ адзін да аднаго. Я ледзь дыхаў — баяўся чым патрывожыць яго, і журавель таксама, напэўна. I ўсё-такі мы абодва дыхалі — таму што абодва яшчэ жылі. Патрон пакуль яшчэ схаваны ў кішэні Янко...

Птушка зусім наблізілася да мяне. Не я, чалавек, быў першым у нашым набліжэнні. Даруй мне, птушка, ты слаба ведаеш наш свет — ты бачыш яго зверху, з неба.

Журавель стаяў ля мяне, расшчапіўшы дзюбу, я чуў яго лёгкае і цёплае дыханне на працягнутай мной далоні. Я хуценька і немітусліва намацаў у цемнаце загорнутую ў газету рыбу, панюхаў яе: рыба была яшчэ не сапсаваная: узяў яе, падышоў да жураўля, працягнуў да дзюбы. Ён здаля і асцярожна дзеўбануў. Скурай далоні я пачуў халодны кончык дзюбы. Птушка пераступіла з нагі на нагу, пад самую далонь, і дзяўбла, і глытала. Я вынес з палаткі вады, паставіў слоік на зямлю, ён блішчаў пад месяцам, і журавель стаў глытаць ваду.

Жывём, брат, жывём! Хоць і пабітыя мы ў бакі свае, але — жывём, крыллем яшчэ махаем...

Я датыкнуўся рукой да аднаго боку жураўля — нічога, маўчыць. Датыкнуўся да другога — ён дзеўбануў у руку, адскочыў назад. Баліць? Баліць. Адаб’юць, брат, і пячонку, і ныркі... Умеюць адбіваць, асабліва рукамі — спраўна, дакладна, і — без знакаў на целе. Каменем — гэта насляпую, хоць папасці могуць і ў скронь...

Я ціха ўзяў жураўля пад крыло — хацеў узяць на рукі, занесці на ноч да сябе ў палатку, але ён стаў адчайна біць крыламі і адскочыў у свой гушчар. Што ж, хай — так яму будзе спакайней. Ды й мне...

Ля палаткі я азірнуўся на падлесак: вока не свяцілася. I сам месяц ледзь віднеўся з-за цёмных аблокаў...

Уранні я ўжо быў намерыўся, з розным кормам, наведаць уладанне жураўля, але не паспеў: Янко з ружжом у руцэ бег трушком між дрэваў да палаткі, ажно задыхаўся.

   —  Го! Здаровы булы! Ны прылітаў?

   —  Не.

Ён не паверыў мне, пабег у гушчар, і я кінуўся за ім — вырашыў: заламаю ў руках яго ружжо да зямлі, калі трэба — павалю яго на зямлю, калі трэба — наб’ю. Але Янко ўжо стаяў ля хваінкі, трымаў у руцэ чорную пярынку, зіркаў няўцямна, як спрасоння, на хрыбет рыбіны, потым прымружаным вокам доўга глядзеў на мяне: ён усё зразумеў. I тады я падумаў: з гэтай хвіліны мы з ім ворагі, адзін з нас выйдзе з гэтага лесу пераможцам, другі — пераможаным.

Янко сцішана абышоў лес паблізу, вярнуўся. Мы моўчкі пайшлі ў палатку. Ідучы, кожны з нас вырашаў: як быць нам тут далей, што рабіць, што адзін аднаму гаварыць... Я сеў на сена, Янко — на папаратнік, ружжо ён паклаў ля нагі.