У свой адрас я пачуў нямала кампліментаў, прычым не толькі ад сваіх знаёмых. Але ў дзень выхаду газеты быў і званок зусім іншага кшталту. Нехта на другім канцы провада зласліва прасіпеў: «Слухай мяне, вырадак. Ты сёння дахаты не дойдзеш». І я, азіраючыся, краўся да свайго дома па завуголлях. На наступны дзень званок паўтарыўся: «Дарэмна хаваешся, мярзотнік, ад нас не ўцячэш».
Максім Максімавіч сядзеў нерухома. А ў попельніцы курчыліся ў недарэчных позах тры свежыя акуркі.
«Гэты другі званок быў учора. А сёння - снежка ў акно. Гэтак моцна саданула, быццам атрымаў добрую аплявуху. Каго ж я пакрыўдзіў сваім артыкулам?.. Ведама - яе. А голас жа ў трубцы быў мужчынскі. І снежку гэтак моцна ўляпіць у шкло сваёй выпешчанаю ручкай яна не змагла б. Затое змаглі тыя боўдзілы, з кім яна вадзіла кампанію.
Значыць, помсцяць за яе. І калі так, дык гэта яшчэ не самае страшнае. Куды страшней, калі я, пішучы артыкул, выпусціў з-пад увагі нейкую важную акалічнасць, нечага не ўлічыў. Можа, занадта мелка капнуў праблему і гэтым самым незаслужана пакрыўдзіў гераіню артыкула? Відаць, так яно і ёсць. Тут усё вельмі проста... Як жа я адразу не дапяў: яна, гэтая ветраная афіцыянтачка, і не думала займацца мужавай маёмасцю. Не мяшочніца яна, не «анучніца», як ахрысціў яе ў атрыкуле. Натура не тая, склад розуму іншы. Ёй проста закарцела правучыць свайго мужа, які, з яе пункту гледжання, калоціцца над кожнаю капейчынай, кожнаю анучай... Эх, ёлупень, не дапяў. А цяпер во расплачвайся. І правільна. Так мне і трэба».
Вынесшы сабе прысуд, Максім Максімавіч з нейкай нават палёгкаю пакінуў кухню. І якраз у гэты момант яго запыніў званок у дзверы. «Ну, вось і развязка... Усё складваецца, як ён таго і чакаў... На ўсялякі выпадак зірнуў у вочка. «Го-о, ды гэта наш Васька Тупаў!» Крыху расчараваўшыся, што расплата зноў адкладваецца, паспяшаўся адчыніць дзверы.
- Заходзь, намеснік рэдактара па фотаілюстрацыях плюс заўгар. (Васіль працаваў у рэдакцыі фотакорам і на паўстаўкі вадзіцелем «Нівы», быў хлопцам у дошку сваім, і з яго пасад любілі пакпіць.)
- О, ты ўжо і апрануты. А я думаў, чакаць давядзецца. Пайшлі хутчэй. Шэф пасылае нас на разборку адной справы.
- Дык жа субота.
- Хіба першы раз?
- Іду.
Калі яны ўжо імчалі на старэнькай «Ніве» некуды на ўскраіну горада, Васіль хітра, па-змоўніцку зірнуў на Шагалевіча і чамусьці ні з таго ні з сяго зарагатаў.
- Здурнеў.
- Ты чаму такі бледны? Мо хто напалохаў, вунь твар як выцягнуўся.
- Э-эх, братка, сам я сябе і напалохаў. - Вырашыў выгаварыцца - мо лягчэй стане.
- Як гэта?
- Памятаеш пазаўчарашні артыкул пра развод?
- Ну. Пытаеш яшчэ.
- Не разабраўся я там да канца - дроў наламаў. Цяпер во нехта расплатай пагражае.
- Па тэлефоне?
- Угу. А ты скуль ведаеш?
- Казалі, што дахаты не дойдзеш?.. - Тут Васіль не ўтрываў і зноў зайшоўся ад смеху. Рагатаў так, што ажно слёзы нагарнуліся на вочы. - Турак ты дурнаваты. Дубіна. Ну-у, з табой не засумуеш. Цырк на дроце. Анекдот. Гэта ж, гы-гы-гы, я... У-га-га, гэта ж я званіў табе...
Ён смяяўся яшчэ вельмі доўга, а Максім Максімавіч ажно скамянеў. Нарэшце да яго вярнулася мова:
- Не хлусі, не твой голас быў. Я добра памятаю.
- То адкуль тады я ведаю, што табе казалі па тэлефоне?
- І праўда, адкуль?
- Кажу ж - сам я і гаварыў.
- А голас?
- Што голас. Я насовачкаю мікрафон прыкрыў - і ўся музыка.
Максім Максімавіч павярнуў люстэрка, што вісела над галавой, і паглядзеўся ў яго. «Няўжо так нічога і не здарылася?.. Няўжо ўсе мае трывогі, пакуты - пустыя?» А ўголас сказаў:
- Не можа таго быць, каб нічога не здарылася. Ну ніяк не можа быць...
Фантазія на тэму кахання
- Хачу, каб мы сталі з табою адным цэлым, - сказаў Ён.
- І каб у нас былі маленькія шчабятунчыкі, - удакладніла Яна.
- Хачу, каб яны былі падобныя да цябе і мяне, - засмяяўся ён.
- Вой, я ўзлятаю, - ускрыкнула Яна. І пачала птушкаю, распасцёршы рукі, узнімацца над ім, кружляць над бярозавым гаем, што знізу здаваўся бялюткім, а зверху - пухната-зялёным.
- Якая прыгажосцьь, - пачулася з вышыні. - Які тут мяккі і цёплы вецер. Ляці да мяне.
Ён паспрабаваў уявіць, што шугае аж да самых зорак, і ад страху заплюшчыў вочы. Але расплюшчыў іх і ўбачыў над сабою вяршыні бяроз і Яе, маленькую, сярод агромністых белых аблокаў. Яна кружляла і рабілася ўсё меншаю.
- Я не магу ўзляцець, - крыкнуў Ён.
Але Яна, мусіць, не пачула, бо не адгукнулася.
- Ха-ха, - зноў засерабрыўся звонкі смех: Яна, склаўшы за плячыма маленькія крылцы, плаўна прызямлілася. Па празрыстай шлюбнай сукенцы бруіўся бялюткі, бялейшы за ствалы бяроз, вэлюм, а споверх - вяночак з жоўтых дзьмухаўцоў і сініх валошак.