- Адкуль ты ўзяла такое хараство? - здзівіўся Ён.
- Адтуль, - паказала Яна рукою ў блакітную вышыню. - Двое маленькіх анёлаў звілі мне вяночак. Іншыя выпралі з аблокаў нітку і выткалі вэлюм і сукенку.
- А крылы?
- Крылы падараваў мне самы старэйшы анёл.
- А кветкі адкуль? Ім рана яшчэ цвісці.
- О-о! На небе столькі кветак!.. Там вольна дыхаецца... Ляці са мною, і ты ўбачыш усё на свае вочы.
- Я спрабаваў, але не змог адарвацца ад зямлі.
- Тады даганяй мяне.
І Яна ўзвілася, нібы матылёк, да вершалін бяроз, шуганула ўніз і пабегла сярод белых ствалоў па блакітным дыване пралесак.
- Тут, на зямлі, я абавязкова даганю цябе. - Ён кінуўся следам. Яна бясшумна мільгацела сярод бярозак, то знікаючы, то зноў з'яўляючыся зусім у іншым месцы, і ўсё смяялася, не ведаючы стомы. Яна вырастала перад ім як з-пад зямлі, абсыпала цэлым сукветам зорачак-пралесак і знікала зноў. Ён спыніўся, каб аддыхацца.
- Дзе ты, мая каханая? - паклікаў. І ў гэты час пяшчотныя ручаняты закрылі Яму вочы і зноў пачуўся смех. Ён таксама ўсміхнуўся, ды так лагодна, што суровы твар Яго стаў добрым-добрым. Яна ўхапіла Яго за руку і замахала сваімі крылцамі.
- Я таксама лячу-у-у, - азваўся Ён з вышыні, не адчуваючы ніякага страху.
Яны ляцелі праз вёскі. Людзі гаварылі: «Гэта анёлы...» І хутчэй жагналіся і ўспаміналі Бога.
А калі надыходзіла ноч, Ён і Яна ўзнімаліся высока-высока. Там, у вышыні, усё тыя ж руплівыя анёлы клалі іх на мяккую бялюткую аблачыну, акрывалі вытканай з цёплага ветрыку і сонечных промняў коўдраю, гралі на старых залачоных арфах. І яны засыналі, закалыханыя чароўнымі самотнымі гукамі.
Чорная вавёрка
Маё далёкае-далёкае дзяцінства непарыўна звязана з лесам. Я гойсаў з такімі ж дзікаватымі падшыванцамі, як і сам, па непралазных гушчарах, па дрэвах, нібы малпа, палохаючы казуль, лісіц ды зайцоў, якіх было тады процьма. Мы вазамі вазілі з лесу грыбы і кошыкамі лавілі рыбу ў лясных балоцістых сажалках, сябравалі з бабрамі, кармілі хлебам і чарвякамі птушанят у гнёздах і яшчэ паспявалі з дня ў дзень пасвіць чараду кароў.
Аднаго разу, загнаўшы свой паслухмяны і памяркоўны статак у чарамшаннік, мы (гэта значыць, я, Колька Сымонькаў ды яшчэ двое меншых за нас падшыванцаў, якія ніякай ролі ў маёй гісторыі не адыгралі) распалілі невялічкае вогнішча, пагулялі з ножыкам (хто прайграваў, той зубамі выцягваў з зямлі моцна ўбіты калочак), дасталі з кішэні некалькі бульбін і загарнулі іх у гарачыя вугольчыкі, пасля малыя нашукалі рыжыкаў, і мы падсмажылі іх разам з салам, нанізаўшы на лазовыя пруткі. Паснедалі, паразлягаліся, выставіўшы ўверх жываты (балазе, каровы хадзілі побач і добра чутно было, як храбусціць, рвецца ў іх моцных зубах жорсткая лясная трава). І тут я заўважыў на адной з высачэзных і галюткіх да самай вяршыні асін дупло, а ў ім востранькую чорную мордачку - рухавую і надта ж цікаўную.
- Глядзіце, - паказаў я мурзатым ад вуголля, тлушчу і абгарэлай бульбы пальцам на дупло, - вавёрка. Чорная вавёрка.
- Чорных вавёрак не бывае, - запярэчыў нехта з малых, калі галава звярка вытыркнулася зноў.
А вось і бываюць, не здаваўся я. Чырвоныя жывуць на хвоях, а чорныя - на асінах.- Цяпер мне аж сорамна, что я - дзіцё лесу, аказваецца, так мала ведаў пра яго насельнікаў. Але спішам гэта на ўзрост.
Колька не ўлазіў у нашую спрэчку, толькі павёў вачыма на вершаліну асіны, зноў заплюшчыў іх і працягваў драмаць, закінуўшы нагу на нагу і насунуўшы на нос кепку.
Мяне разабрала цікаўнасць.
- Палезу, - рашуча сказаў сябрукам.
- Не залезеш. Высока і сучкоў няма.
- Затое ў мяне рэмень ёсць.
З дапамогай гэтай вельмі карыснай ва ўсіх адносінах штукі я досыць хутка дабраўся да малюсенькага дупла. Пачаў запіхваць усярэдзіну руку і ледзь-ледзь прасунуў. Там намуляў нешта мяккае, цёплае і дрыготкае. «Ага, вось ты дзе». Зараз жа схапіў яго, і разам са звярком рука сама выскачыла з вузенькага лаза (можа, так думаю цяпер, ад страху, які падвойваў сілу). Дзіўна, але ў сваёй хаце звярок не кусаўся, а тут ушчаперыўся ў кончык пальца і ледзь не прапароў навылёт. Я прыціснуў яго да нагі, але ён як бач пракусіў мае дзіравыя нагавіцы. Заенчыўшы ад болю, я, зусім не разумеючы, што раблю, кінуў зубастае стварэнне на зямлю.
Пасля гэтага вырашыў праверыць, ці не засталіся ў дупле маленькія вавёрчаняты. Іх аказалася двое. Але гэтыя былі не страшныя. І я злез, паклаўшы іх за пазуху.