Выбрать главу

Кінуты мною звярок ляжаў на мяккім травяным дыване мёртвы.

- Мусіць, ад страху акачурыўся? Прама на ляту, - выказалі здагадку малыя.

Я падарыў ім свае малюсенькія пушыстыя трафеі, забінтаваў рану на пальцы палосачкаю тканіны, адарванаю ад анучы, у якую было загорнула сала, а Сымонькаў Колька дастаў з кішэні складанчык, і мы ўсе разам абступілі звярка. Вельмі ж карцела дазнацца, што ў яго там за вантробы, у гэтага малога і доўгага чорнага драпежніка. Але як толькі чэрава пад лязом разышлося, хуценька пазатыкалі насы.

- Бэ-э, які смярдзючы, - завылі малыя.

- Ф-фэ, гадасць нейкая, - скрывіўся Колька і шпурнуў знэнджанага звярка ў карчы. Але яго як бач знюхаў сабака - наш верны пастушок Ваўчок, і Сымонька падвесіў маю чорную вавёрку, да якой я страціў усялякую цікавасць, на сучок далей ад кастра.

На гэтым і завяршылася б адна са шматлікіх гісторый майго дзяцінства, і вы ніколі не даведаліся б пра яе (бо цікавага, а тым больш надзвычайнага ў ёй вельмі мала), калі б праз цэлых сем гадоў не падарыў мне лёс яе працяг. Здарылася гэта неспадзявана, калі з памяці пачалі ўжо сплываць паціху малюнкі дзяцінства.

Быў адзін такі вечар, калі я наважыўся правесці з танцулек Сымонькаву Ярыну - старэйшую Колеву сястру (тады ён быў ужо ў войску, а я збіраўся адправіцца за ім услед толькі вясною). Не хачу перад вамі хваліцца, але што было, тое было. Правесці Ярыну дахаты лічылася ў нас вялікім гонарам нават для хлопцаў старэйшых, не тое што для мяне - кавалера саплівага. Толькі так ужо неяк атрымалася: я запрасіў яе на вальс, і ў той момант, калі мы кружыліся (прабачце - таўкліся) у цеснай хаце сярод іншых пар, я папрасіў у яе дазволу правесці дахаты. Яна адразу ж згадзілася, і гэта было дзіва з дзіваў. Я ледзь дачакаўся, пакуль гарманісты схаваюць у футаралы свае галасістыя інструменты і не зводзіў з яе цнатлівых закаханых вачэй.

Ярына была ў белай, размаляванай дробненькімі кветачкамі, сукенцы, у боціках, якія цяпер, ведама ж, сілаю не прымусіў бы насіць ні адну дзяўчыну, але якія тады лічыліся сапраўднаю раскошай (такіх не было ні ў адной яе сяброўкі, і ўсе танцавалі ў чаравіках), а валасы яна сабрала ў вялізны, як круглы бохан, гугель. Ярына была як выспеленая вішанька. Здавалася - яшчэ год-два, і пераспее.

З хаты мы выходзілі апошнімі, і я з прагнасцю назіраў, як грацыёзна яна накідвае на рухавую мілую галоўку квяцістую «марыканськую» хустачку, стараватае, але гожае паліто з бліскучым чорным каўнерыкам - бадай, самым багатым яе ўпрыгожаннем.

- О-о, які хвайны каўнер. З куніцы хіба? - мне трэба было нешта сказаць, каб яна не думала, што ў мяне ад шчасця заняло мову.

- Ага, з куніцы, - ганарліва пацвердзіла яна.

І ўжо калі мы выкаціліся на блакітную і рыпучую ад снегу і моцнага марозу сцежку, яна расказала тое, што пачула ад бацькі. Гэта была тая самая гісторыя, якую я расказаў вам вышэй. Толькі не было ў ёй мяне (ці то Колька, расказваючы бацьку, знарок не ўпамянуў маё імя, ці бацька забыўся, хто тады лазіў на асіну), а быў зусім кароценькі працяг. Ды вы ўжо і самі, напэўна, здагадаліся, які ён. Надвячоркам Колька, які добра ведаў, што гэта была ніякая не чорная вавёрка, а каштоўны футравы звярок, збегаў на тое месца, зняў мёртвую куніцу з сучка, а бацька - прызнаны ў акрузе майстар па вырабе скур, зрабіў з яе гэткі ладны каўнерык.

Ярына ж свой расказ завяршыла так:

- Той дурань, мусіць, і цяпер яшчэ думае, што на свеце існуюць чорныя вавёркі, - і залілася вясёлым, зусім не з'едлівым смехам.

Я крануў тады футра, што абляпіла яе шыйку, і рука мая быццам зноў правалілася ў тое ненавіснае дупло: гэткае ж мяккае і цёплае, быццам бы гэта жывая «чорная вавёрка». Я хацеў сказаць ёй, што дурань той несусветны стаіць зараз перад ёю, але ж занадта блізка апынуліся нашы твары, і мы моўчкі пацалаваліся. Для мяне той пацалунак быў першы ў жыцці, і я разгубіўся, пачаў хаваць вочы, а яна, пэўна ж, цалаваная, і не раз (няхай прабачыць мне мая жонка за гэтыя словы), толькі гарэзліва засмяялася і штурханула мяне ў пушыстую гурбу.

- Ну што ты за кавалер такі, нясмелы зусім. Заечая твая душоначка.

І яна навалілася на мяне, пачала закідваць снегам. Ён калоў і апякаў твар, але затое ўзбадзёрыў, ажывіў, і я, загробшы Ярыну ў абярэмак, перакуліў яе цераз сябе, насеў зверху і, назіраючы, як растаюць на расчырванелым, свежым далікатным тварыку халодныя крышталікі, хутчэй выдыхнуў (баяўся, што пасля ўжо не асмелюся):

- Гэта ж я той дурань, які лічыў куніцу чорнай вавёркай, - і хутчэй, баючыся, што ад гэтых слоў яна зніякавее, дадаў: - Але я вельмі рады, што яна дасталася табе.

Ярына не зніякавела. Не той характер. Ды ўсё ж не змоўчала. Калі мы ўразвалачку падыходзілі да яе хаты, прапанавала: