- Мне нешта не па сабе. З табой так паскудна абышоўся мой брат. Лепш я аддам табе гэты каўнер. Ён жа твой. Ты ж калісьці нацярпеўся з-за яго.
- Што ж, - адказаў я, - няхай будзе мой. Але я дару яго табе. Гэта мой табе падарунак.
- Не, гэта занадта дарагі падарунак. Я не прыму яго.
- Тады давай пажэнімся, і ён стане нашым, - выпаліў я і зарагатаў, бо калі б не зрабіў гэтага, то згарэў бы ад сораму пасля такой дзёрзкасці.
- А-а-а, бач ты які - ціхо-о-оня. Куды завярнуў, - закаціла яна чарнюткія свае вочы. - А ўсё-такі праўду кажуць, што ў ціхім балоце ды чэрці водзяцца. Ідзі ўжо, жа-а-аніх.
Пасля таго вечара мы пачалі сустракацца часта. Гэты небам пасланы каўнер быццам бы зрадніў нас. Ёй, мусіць, няёмка было адмаўляцца ад маёй кампаніі (хоць я на два з паловай гады маладзейшы за Ярыну), а можа, як яна і цяпер яшчэ мне даказвае, наадварот, сустрэча са мной заўсёды была жаданай для яе, і ў рэшце рэшт мы пажаніліся. Перад самым маім адыходам на службу.
Цяпер у нас трое дарослых дзяцей і ўнукі. Мы ні разу за ўсё сумеснае жыццё не пасварыліся (паспрабавалі б вы ў чым-небудзь з ёю не пагадзіцца, я тады з вас пасмяяўся б), а каўнер той з «чорнай вавёркі» і цяпер яшчэ тлее паціху ў цыратовым мяшочку. Рэліквія.
Ну, а Мікола Сымонькаў - загадчык бойні ў нарыхтоўчай канторы, мусіць, і да гэтага часу думае, што я нічога не ведаю пра яго фокус-марокус. А мо і забыўся ўжо - колькі ж гадкоў мінула. Толькі я не крыўдую. Я ўдзячны яму, і вы ведаеце, за што. Можа, прачытае калі гэтыя радкі, дык няхай ведае - дараваў я яму той грэх.
Шчаслівая ты, Ленка
У самым цэнтры студэнцкага пакойчыка-кубіка звіваецца на гарачых сілікатных цаглінах вогненная гадзюка - спіраль самаробнага абагравальніка, змудраванага мужчынскай паловай тэхнікумаўскага інтэрната. Карыстацца ім, канечне ж, катэгарычна забаронена, але адчыніце знянацку любыя дзверы ў гэтым шматпавярховым каменным вуллі, і рэдка ў каго вы не ўбачыце падобнага прыстасавання.
- Хіба выключым, дзеўкі, а ну ж праверка?
- Няхай Ленка сагрэецца, змерзла ж, мусіць.
- Ага. Хай пагарыць трошку, і праўда - закалела.
Са сцен на дзяўчат натхнёна пазіраюць, седзячы адзін на адным, як рабацінне на твары, вядомыя артысты, спартсмены і проста прыгожыя мужчыны. З імі не так самотна, тым больш цяпер, калі ўсе дома - усе тры сяброўкі, уся сямейка.
Наташа Весялова. Яе прычоска ў студэнцкіх колах называецца «я ўпала з сенавала...» Успёршыся з нагамі на ложак, дзяўчына напамінае квактуху. У яе руках - злучаныя кавалачкам лескі бліскучыя няўлоўныя спіцы, па баках на дзягастым чырвоным пакрывале два вялізныя яйкі - клубкі тоўстай шэрай ніткі.
- Якая ты шчаслівая, Ленка. Столькі хлопцаў закаханы ў цябе. А гэты, што ўчора падвозіў нас на «Волзе»... Як ён глядзеў на цябе. Ах, трапіўся б мне такі, з'ела б, здаецца. Прыгожы. Праўда, Рыта?
- Мыгы. - Рыта (па мянушцы «Мышка») на імгненне падняла далёка не сімпатычную, хоць і ветлівую, вострую мордачку з доўгім гарбатым носам і працягвала чысціць пазногці чорнаю невідзімкаю.
- А што ён казаў табе?.. Ну, тады ж, калі папрасіў затрымацца?
- Ён назначыў мне спатканне.
- Гэта ж была зараз на спатканні з ім?
- Вядома, - Ленка задаволена, усім сваім выглядам паказваючы перавагу над сяброўкамі, усміхнулася, захінулася ў тоўстую коўдру і падсела бліжэй да агню, бо ўжо была ў адной толькі доўгай і бялюткай ільняной сарочцы ды мяккіх з кутасікамі шлепаках. Ускалыхнутае паветра падняло з падлогі некалькі пясчынак і апусціла іх на распаленыя спіралі. Трэснулі і рассыпаліся іскрынкі.
У Ленкі было не вельмі прыгожае прозвішча - Карпуніна. Хлопцы, што вучыліся на адным з ёю курсе, неаднойчы спрабавалі да гэтай стройненькай светлавалосай прыгажуні, у цёмных вачах якой нястомна бегалі вясёлыя неўтаймоўныя чорцікі, якую-небудзь мянушку, для чаго абавязкова скарыстоўвалі немілагучнае прозвішча. Спачатку прыдумалі «Карпуха». Не прыжылося. Пасля - «Карпуша». Тое ж самае. Былі яшчэ «Карпуня», «Карпіха». Але з'еды шчыравалі дарэмна. Яе па-ранейшаму клікалі Ленкаю. Гэтае імя было заадно і мянушкаю дзяўчыны.
- Вой, я ж забылася. Ленка. Мы торт сёння купілі. Рытка, нясі хутчэй. І гарбаткі падагрэй. Трэба ж, забылася зусім.
- Не ўставай, Рыта. Я не галодная.
- У рэстаране з ім была? Вот так жаніх.
-Ён заказваў для мяне музыку. І мы доўга танцавалі...
- І пілі віно?
- Не, я не захацела.
- А я б не адмаўлялася. Я знарок захмялела б, каб гэты сімпацюля хоць крыху паняньчыўся са мною. У мяне вочы заплюшчваюцца, калі ўяўляю, што ён побач.