«Нечакана мне ўспомніўся той мярзотны смех...» І ўсё. Я збіраўся растлумачыць чытачу, што гэта быў за смех і чаму ён мярзотны, усяго ў некалькіх сказах, і на гэтым скончыць свой не тое каб нудны, хутчэй наадварот - дынамічны і цікавы, але цалкам выдуманы, штучны па сваёй сутнасці, твор.
Адкуль жа ведаць таму, для каго я рыпеў пяром, што гэта быў за смех? Калі ўжо пісаць вось так, то лепей наогул не ўспамінаць слова «смех». Або зноў перажыць яго і звязаныя з ім цяжкія ўспаміны разам з чытачом. Праўда, не ў гэтым творы. Нельга ўплятаць гэтую жывую іскрынку ў амярцвелую тканіну аповесці.
У сваім узрушэнні я крыху ачмурэў. Чорныя гарбылі-штыкетнікі літар апошняга сказа прыліплі да даўжэзных, на шырыню ліста, жэрдак. Мае рукі пацягнуліся да спісанага стосіка паперы. Пачуўся прыглушаны трэск, нібы па ім прашамацелі доўгія звілістыя маланкі. Перад вачыма замільгацелі абрыўкі слоў і словазлучэнняў: «хлусня... рымай, які ёсць... я не ўпісваюся ў гэта квітнеючае нава... наогул... нейкі...». Быццам слоўны калейдаскоп на хвіліну крутнуўся перад вачыма. Ён жа ацверазіў: чорт... Што я раблю? Заўтра апошні дзень здачы аповесці. Што я скажу ў рэдакцыі, дзе чакаюць яе і пакінулі па маёй просьбе месца ў часопісе?
Але парваныя лісты раскіданы на стале і падлозе, і зваротнага шляху няма.
Так. Усё. Я пішу аповед, і будзь што будзе. Не хачу думаць пра публікаванне, бо ёсць нешта і больш важнае. Каму патрэбен гэты востры, але нацягнуты і выдуманы сюжэт, гэтыя стэрыльныя героі, уся гэта, сказаць па-простаму, хлусня.
«Нечакана мне ўспомніўся той мярзотны смех». Няхай гэты сказ будзе пачаткам новага твора і пачаткам крутога павароту ў маёй творчасці. «Гэты смех адклаўся ў маім успаміне - выразна, асязальна, усё адно як вылеплены перад вачыма з чалавечай плоці, - можа, якую хвіліну. У маім рэальным жыцці цяпер нічога не звязана ні з ім, ні з тым (дакладней - з тою), каму ён належаў. Але пачуцці ў свядомасці выклікаў тыя ж, што і калісьці: здзіўленне, крыўду, безвыходнасць, нарэшце - амярзенне. Я занадта любіў і люблю сябе, каб адчуць сваю нікчэмнасць і ў нечым вінаваціць сябе. Не, я хутчэй згаджуся з непаўнацэннасцю некага іншага і лепш буду лічыць вінаватаю яе».
Моцна зацягнуўшыся вільготаю «космасінай», я пачаў да драбніц успамінаць тую злашчасную, але непазбежную сустрэчу.
«Мы не бачыліся больш за год. Я ніяк не мог вырвацца з падмаскоўя, дзе праходзіў практыку...» Кім працаваў? Хіба так важна, кім я працаваў - аграномам, настаўнікам ці медыкам? Прычым тут прафесія, калі размова ідзе пра рэчы больш важныя.
«...Але я пісаў ёй гарачыя лісты, у якіх нічога не ўтойваў ад сваёй каханай, нават прыгоды з іншымі жанчынамі. Іх, гэтыя прыгоды, я лічыў нечым дробязным і нязначным у параўнанні з тым усеабдымным і хвалюючым пачуццём, якое адчуваў да Святланы». Так, я назваў яе сапраўднае імя. А мог бы паставіць і любое іншае. І гэта нічога не змяніла б у маім аповедзе, бо імя, як і мая прафесія, тут зусім не маюць ніякага значэння. «Я быў упэўнены, што яна адчувае тое ж самае і таму добра разумее мяне. А значыць, і не стане крыўдаваць. Тое ж, што яе пісьмы былі пазбаўлены ўсялякага пачуцця, тлумачыў выключна сціпласцю дзяўчыны...»
Я адкідваў ліст за лістом, не спыняючыся ў сваёй апантанасці. Але хутка схамянуўся: што гэта я баюся падступіцца да самага галоўнага. Усё падрыхтоўваю, падрыхтоўваю да яго сябе і чытача, хаджу навокал ды побач. У куток стала лёг яшчэ адзін спісаны ліст. Краем вока я прыкмеціў, што не закрэсліў на ім ніводнага сказа і нават слова. Зараз, зараз я падступлюся да самага галоўнага. Яшчэ якіх пару абзацаў, яшчэ паўстароначкі, і ўсё. «...На абцягнутым аголенаю раннімі восеньскімі халадамі вінаграднай лазою ганку мяне сустрэла Святланіна маці. Захутаная ў тоўстую рудую хустку з кутасамі, здаровая чырванашчокая кабета.
- Чаго прыпёрся, - адно буркнула на маё прывітанне. - Света замуж збіраецца. Не замінай ёй.
Мая радасць ад прадчування хуткай сустрэчы імгненна знікла і яе месца заняла трывога, жаданне хутчэй збегці адсюль, але рука ўжо цягнулася да клямкі...»
Ну, дай Божа цвёрдасці і вытрымкі, цяпер галоўнае. Так, самае-самае... Я адкіну цырымонію сустрэчы, тыя нязначныя фразы, якія не датычацца тэмы, бо патрэбна сутнасць, іначай і гэты рукапіс ператворыцца ў ашмоцце. Праўда, пра Святлану колькі слоў усё ж скажу. «Яна не змянілася. Шыракаваты бледны твар з добра прыкметнымі скуламі, апраўлены доўгімі і раўнюткімі белымі валасамі, найперш мог запомніцца выпадковаму сустрэчнаму вельмі выразнымі вялізнымі вачыма і цёмна-карычневага колеру вуснамі, таксама выразнымі і тугімі. Можна было падумаць, што выкананы яны з цвёрдай гумы, калі б так лёгка не расцягваліся. Датыкаючыся да іх, я заўсёды здзіўляўся, што на самой справе яны вельмі мяккія, рухавыя і цёплыя.