Цяпер мне і ў галаву не магло прыйсці яшчэ раз праверыць пасля доўгага развітання іх пяшчоту, бо было зусім не да гэтага.
- Прыгожая ты, Светка. Ды толькі... - Я разгубіўся і толькі моцна сціснуў у руцэ лёгкую спартыўную шапачку-пеўніка, седзячы насупраць яе.
- ...Ды толькі тваім маскоўскім дзявіцам не роўня? Ты гэта хацеў сказаць? - Яна гаварыла спакойна, і толькі вочы пазіралі на мяне з пагардай або нават гідлівасцю. Іншага пачуцця я ў іх не знайшоў.
- Прычым тут дзявіцы. Я ж нікога апроч цябе ніколі не кахаў і кахаць не...
- У-у-у... - яна згарнула свае вусны ў тонкую мускулістую трубачку. - Вы толькі зірніце, што за франт. Госпадзі ты божа мой. Увесь у фірме.., ха-ха, нібы ў дзярме. Дзевак там цягаеш, ды яшчэ й мне прыехаў тут галаву дурыць...
- Ты не зразумела мяне. Ні з кім нічога сур'ёзнага...
- А тут і разумець няма чаго. - Яна не хацела слухаць. - Распуснік і здраднік... «Любая Светка. Учора мы няблага павесяліліся. Да мяне ў госці прыходзілі сябар Юра і Каця з Насцяю - мясцовыя дзяўчаты. А ў думках я, ведай, увесь час быў з табою», - прадэкламавала яна радкі аднаго з маіх лістоў са з'едліва-ўзнёслай іроніяй і дадала. - Думаеш, не бачу, што насмешку строіш з мяне. Але цяпер мне ўсё роўна. Можаш валіць адсюль.
- А ты. Ты не здраджвала мне? - узгарэўся я, хоць і адчуваў, што цяпер адзіным шансам паправіць нашыя адносіны можа быць толькі памяркоўнасць.
- Я?
- Ты, ты.
- Я не.
- Ніколі?
- Ніколі.
- А хто згадзіўся выйсці замуж за...
- За каго?
- Ці не ўсё роўна. Я ведаю, за каго.
- Ну, згадзілася. Але якая ж тут здрада. Я з ім нават і не цалавалася, не тое што...
У гэты самы момант, перапыніўшы дзяўчыну, я сказаў ёй тое, што выклікала ў яе не проста смех - прыступ смеху.
- Тое, што ў мяне былі нейкія там сувязі з іншымі жанчынамі, наогул не варта прымаць да ўвагі пры высвятленні нашых адносін. Яны не пакінулі ў маім сэрцы нават самага дробнага следу. Гэта нельга назваць нават захапленнем. Ведаеш, у жыцці ўсякае бывае, а мы ж усе жывыя людзі. Я і не баяўся табе расказваць пра ўсё, што са мною здаралася, бо заўсёды адчуваў сябе чыстым прад табою. З кім бы я ні быў, маё сэрца належала табе. Пра гэта я не забываўся ні на хвіліну. А ты... Ты аддала сваё сэрца другому і яшчэ сцвярджаеш, што не здрадзіла мне. Няўжо ты не разумееш, што гэта і ёсць здрада. Няхай бы ты сабе цалавалася з ім, сябравала, але ў думках была са мною, я не сказаў бы і слова. Бо не само дзеянне ёсць здрада, а тое, да чаго імкнешся ў сваёй свядомасці. Я імкнуўся да цябе, заўсёды імкнуўся. Ты - да яго. Іначай не прыняла б такога рашэння. Разумееш...
Яна не разумела. Гэта было бачна па вачах - пустых і ўедлівых. Колькі хвілін яны ўсё з той жа гідлівай абыякавасцю глядзелі на мяне, як на пачвару, а пасля прыжмурыліся, здалося - атупелі, і дзяўчына зайшлася ад смеху.
- Ой, не магу... Ой, памру зараз... Трымайце мяне восем чалавек...
Смех у яе быў звонкі, залівісты, быццам абудзіліся раптам тысячы малюсенькіх званочкаў. Яны бязлітасна галасілі пад самым вухам, не давалі апамятацца, аглушалі. У гэты момант я адчуў, што больш не кахаю яе. Каханне растварылася ў звоне, як раствараецца цукар у гарачай гарбаце, і свядомасць мая затуманілася нянавісцю. Толькі нянавісць гэтая была звязана ўжо не з каханнем. Яна - ад таго, што мяне не разумеюць і не хочуць зразумець. Мяне лічаць зусім не такім, які я ёсць. Яе смех - гэта рэшткі болю, які яна аддае мне. Але ж я ніколі не жадаў прычыніць боль ні ёй, ні каму б там ні было. Толькі цяпер ужо нічога не дакажаш і не растлумачыш. Для яе я назаўсёды застануся здраднікам, а яна - для мяне. Хоць кожны са свайго боку чысцюткі як кропля расы. Мы маглі б, маглі б знайсці паразуменне. Толькі цяпер ужо позна. Яна выліла праз гэты ідыёцкі смех увесь свой боль, а я згубіў у ім сваё каханне. Мы глядзім адзін на аднаго кожны з вышыні свайго ўласнага разумення непагрэшнасці, і бачым адзін аднаго недзе ўнізе. Я разумею гэта і лічу сябе меней вінаватым, яна - не разумее, і таму, відаць, лічыць сябе не вінаватаю зусім...»
З таго вар'яцкага дня, дарагі чытач, прайшло нямала гадоў. Сваю гісторыю я расказваў шмат разоў знаёмым і незнаёмым (па натуры я чалавек балбатлівы), і ўсе найперш вінавацілі мяне. Таму я зрабіў вывад, што мае погляды на жыццё яўна адрозніваюцца ад поглядаў большасці, а можа, і ўсіх людзей. Я змірыўся з гэтым, але маё самалюбства не дазваляе мне адчуць сябе горшым за іншых. Я толькі хачу, каб, прачытаўшы гэтую споведзь, вы зразумелі, чаму я раптам, не завяршыўшы аповед, адкінуў ручку, пацягнуўся ўзмакрэлаю аж да кончыкаў пальцаў рукою па цыгарэту, хоць толькі што струшчыў у попельніцы бычок і адчуваў у горле непрыемную горыч ад доўгага смалення, глыбока зацягнуўся і адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы і забыўся пра ўсё на свеце.