Выбрать главу

Хвіліны ператварыліся ў гадзіны, а мастак, які б павінен даўно адчуць у руках і нагах стому ад працяглай напругі, нястомна тыцкаў пэндзлікамі ў палітру, нешта выводзіў імі на палатне, засяроджана пакусваючы вусны.

Жанчына аказалася цярплівай. Яна, ведама ж, не была ў палоне творчага экстазу, як Стаўровіч, а таму адчувала і час, і, наколькі дазваляў прытуплены хмелем розум, рэальнасць. Але гадзіна за гадзінаю сумленна чакала, не падганяючы болей і наогул не чапляючыся да мастака. Толькі раз-пораз кідала на яго няўцямны пагляд, доўга таропілася на ссутуленую вуглаватую постаць, быццам бы імкнучыся зразумець, чаму ён так доўга не дапівае ліманад. Адначасова жанчына высмыкала з кішэні беленькія трубачкі, гучна дзьмула ў іх, пасля твар засланяўся густым кудлатым дымам, а яшчэ крыху пазней пад нагамі большала яшчэ на адзін акурак. Толькі калі блакітна-белы пачак у кішэні ватоўкі апусцеў і быў злоўлены на ляту ўчэпістай галінкай шыпшыны, мужчынская постаць у жаночай спадніцы варухнулася, адкінула нагою рудога бадзягу на раскіслую чорную сцежку, пасунулася, ляпаючы шырокімі халявамі, да бутэлькі.

Стаўровіч ускінуў галаву і незадаволена-запытальна зірнуў на жанчыну. Тая спачатку сумелася, пашукала вачыма сабаку, нібыта ён мог яе падтрымаць, падбадзёрыць, заўважыла яго, і ўжо крыху з большай упэўненасцю ў голасе працягвала:

- Мужык, у мяне, бач ты, папяросы кончыліся... Адненькую, ага?

- Няма, дома засталіся, - ляпнуў Стаўровіч сябе па сцёгнах, шчыра шкадуючы, што не мае чым дапамагчы ні ёй, ні сабе. Хаця яму ўжо быццам бы і расхацелася паліць.

- То давай дапівай ды пасуну ў краму бутэльчыну. Або я дап'ю, калі не здужаеш. Яна каўтанула сліну, пасоўваючыся бліжэй да мастака. Мабыць, ад палення перасохла ў горле і самы час быў прамачыць яго хоць ліманадам.

- Бутэлькі не хопіць нават на «беламор»!.

- Ага, адной не хопіць. У мяне во шчэ адна, - жанчына ляпнула сябе даланёй па кішэні.

Стаўровіч усміхнуўся, глынуў з бутэлькі і працягнуў ёй рэшту.

Асушыўшы пасудзіну, жанчына шмарганула па вуснах зацёганым рукавом, крактанула, са словамі «Ну, і што ты тут намалякаў?» зайшла за мальберт, ажыла, павесялела.

- О-о-о, то ты праўда мастак. Гэта ж мо мяне намаляваў? Ты бачыш, а якая прыгожая. У мяне дома картачка ёсць, то там я копія во як тут - і маладзенькая, і пекная во такая, і ў белым... Хочаш, прынясу пакажу?

- Не, не хачу.

Жанчына доўга ўзіралася ў амаль завершаную каціну, і па нейкай адной ёй вядомай прычыне (можа, занадта напружвала вочы, а мо наплылі разам з успамінамі шчымлівыя пачуцці) беражкі яе павекаў пачырванелі, заблішчалі. З карціны на яе... Не, не на яе, а некуды ўдалеч глядзела натхнёным позіркам статная дагледжаная маладзіца. Яна сядзела на беласнежнай лаўцы, паклаўшы адну руку на яе спінку, а другою вітаючы некага далёкага, і ледзь улоўна ўсміхалася поўненькімі, сакавітымі вуснамі. Усё яе цела, твар, адкрытыя далікатныя рукі, здавалася, дыхалі свежасцю і жыццём. Пад нагамі прыгажуні згарнуўся калачыкам выкармлены дварняк, рыжая шорстка якога ажно свяцілася, нібы пафарбаваная бліскучымі сонечнымі промнямі. І ўсё гэта - на фоне гіганцкага асенняга парку і разбуранага, хоць і захаваўшага былую веліч, мура.

- От, бачыш, бываюць жа такія людзі. Гэтак цябе намалякае, што здаецца, глядзела б і глядзела. Ну, проста вачэй не адвесці. А я і праўда была такою, ага. Не думай, што маню. Я картачку магу...

Жанчына змоўкла, нейкая сіла прыдушыла ў ёй голас. Яна ціхенька абышла мальберт і пайшла. Відаць, у бліжэйшую краму па «беламор».

Тым часам сонца ўжо збіралася запаліць далягляд за блізкімі стваламі і далёкімі кронамі. Вецер неўпрыкмет сціх, і парк ад гэтага быццам бы пасур'ёзнеў. Дрэвы, здавалася, выраслі ўдвая, выцягнуліся, і стаялі самотныя і гордыя, нібы гіганцкія дзіды. Яшчэ якая гадзіна, і ў вечаровым паўзмроку яны будуць выглядаць пагрозліва.

Стаўровіч правёў неспадзяваную натуршчыцу паглядам, зірнуў на карціну, вакол сябе, угару, на схіленыя над галавой цёмныя вершаліны, адышоў колькі крокаў ад недапісанага партрэта, нарэшце паваліўся на мяккі дыван з толькі што апалых лісцяў і пажухлай травы, ляжаў і ўзіраўся ў ціхае-ціхае вечаровае неба. Цёплыя ручаінкі прабеглі па скронях, заблыталіся ў валасах, прыемна казытнулі вуха.

Парк засяроджана сачыў за чалавекам, маўчаў, баючыся парушыць ягоны шчаслівы спакой.