Выбрать главу

У цягніку

Са мною ў цягніку ехалі двое - Цягун Толік і Касцюк Васіль. Яны мне ніякія не сябрукі. Так - знаёмыя. Толіка, праўда, ведаю даўно, яшчэ са школы. Ён мяне ў камсамол прымаў. Памятаю, у тых, хто ўжо атрымаў чырвоную кніжачку, я пытаўся: «Хто прымае? Што за чалавек такі?» І чуў у адказ: «Ды Цягун нейкі. Ачкарык. Даўжэзны такі і худы, што саломінка. А па статуце ганяе, па ордэнах, па з'ездах, ажно пакуль з цябе халодны пот не пырсне». Я тады здзіўляўся сваёй празорлівасці: якраз такім, доўгім і ў акулярах, я і ўявіў яго адразу, як толькі пачуў прозвішча Цягун. Бывае ж такое, калі прозвішча падказвае, які выгляд мае яго носьбіт.

Нягледзячы на свае выключныя акуратнасць і прынцыповасць, ён усё ж не ўзняўся вышэй інструктара райкома камсамола. Затое неўзабаве ўзначаліў раённае таварыства «Веды». Толькі і гэтую «канторку» хутка скарацілі. Зноў вярнуўся ў камсамол (дакладней, проста самол), але ўжо асобаю незалежнай - дырэктарам малога прадпрыемства «Ікар» пры РК.

Насіў ён звычайна светла-карычневую троечку (на гэты раз таксама быў у ёй), яна вельмі пасавала да крыху святлейшых за вопратку валасоў і бледнага твару Цягуна. Шкельцы акуляраў абавязкова мелі форму закругленых па рагах прастакутнікаў, а рукі нязменна, як толькі ён уставаў з сядзення, хаваліся ў адпрасаваных да бляску нагавіцах з вострымі, нібы лязо, кантамі. Ні даць ні ўзяць - правінцыйны арыстакрат. Нават манера весці размову ў гэтага франта мала чым адрознівалася ад яго знешнасці. Такая ж гладкая, хоць часцей за ўсё пустая. Каб дайсці да сэнсу таго, што ён кажа, трэба добра паблытацца паміж шматлікімі да месца і не да месца ўстаўленымі - «так сказать», «в принципе», «в общем», «имеется в виду»...

Толік ехаў у Менск дамаўляцца з нейкім не то лекарам, не то шаптуном, каб той наведаўся ў раён і правёў там свае сеансы. Падобныя дамовы - клопат яго малога прадпрыемства.

Для Васіля Менск - толькі пачатак шляху. Адтуль ён на самалёце памчыць у далёкую Цюменскую вобласць, дзе чакаюць яго сябры па вахце, марозны дух і высозныя нафтаздабываючыя вышкі. Васіль, калі няма на стале пляшкі, не вельмі з табою пагамоніць. Ён лепш уткне свой круглы, нібы мячык, твар у газету.

Мяне заўсёды разбірае смех, калі гляджу на Васілёў твар. Выліты калабок. Нават рот пры ўсмешцы расцягваецца гэтак жа шырока і задзірыста, як у казачнага калабка на дзіцячых малюнках. І падстрыжаны ён заўсёды да кароткіх валасоў. А непаслухмяны віхор спераду сведчыць пра далёка не мяккі характар нашага суседа.

- Ат, ёлкі, як начытаешся гэтых газет, і жыць страшна робіцца. - Васіль усміхаецца аднымі толькі вуснамі, расцягваючы іх ці не да самых вушэй. - На, інтэлігенцыя, зірні, што пішуць.

Толік разгортвае пярэста-хрусткую газету, праводзіць па ёй позіркам праз тоўстыя выгнутыя лінзы ўдоўж і ўпоперак, а пасля засяроджваецца і, палічыўшы, што знайшоў цікавае, чытае сваім занудлівым голасам:

- Хотите знать истину?

- Га? - ускідвае галаву Васіль.

- Я не табе. Тут загаловак такі.

І Толік працягвае далей:

- Обратитесь к откровению Граля «В свете истины». Так называется книга, презентация которой состоялась... Так-так-так. Во Дворце искусств... Гм, гм. В форме лекций... Существует ли свобода воли...

- Ты не тое чытаеш. Знайшоў глупства нейкае. - Васіль незласліва хмурыць шараватыя, як цыгарэтны попел, бровы. - Там, на апошняй, пра вампіраў ёсць. І пра бацькоў, якія дзецьмі гандлююць. І яшчэ пра адну маці. Яна немаўля прыдушыла. Сваё. А на першай - пра крадзяжы і забойствы.

- Да лямпачкі мне твае крадзяжы. Нам трэба шукаць сэнс жыцця, шукаць адказ на пытанне, хто мы такія і для чаго існуем на свеце. Няўжо гэта меней цікава, чым нейкія выдуманыя вампіры?

- А-а, ідзі ты... Чыстаплюй вашывы... - Васілёва галава паварочваецца да нас стрыжанай патыліцай, а Толік працягвае крыху цішэй, часам збіваючыся на незразумелае балбатанне сабе пад нос:

- ...Это не религиозное учение. Но... Базируется на наследии Иисуса Христа... Не на наследии его... последователей. Это не одно и то же... Откуда знал тот, кто пятьдесят лет назад умер, что произойдет сегодня... Автор Абд-ру-шин... Сын света... Черпает свои познания из чистейших и высочайших источников.

- Во даюць. - Не мяняючы паставы, Васіль крутнуў галавою. - І прыдумаюць жа такое.

- Если вы тоже захотели узнать истину, пожалуйста, обращайтесь к откровению Граля. Оно уже появилось в магазинах.

- Шчэ чаго не хапала, на розную ерунду траціцца. За гэтую сваю ісціну яны, напэўна, тры шкуры здзяруць. От жа дармаеды. Што толькі не прыдумаюць, абы не працаваць, а грошы лапатаю заграбаць.