Мне надакучыла лаянка ды пустая балбатня хлопцаў, і я ўзяў са століка Толеву кніжку. У ёй пісалася нешта пра мараль, этыку, культуру.
Адна нудота, і вырашыў выйсці ў праход, што падзяляе салон і тамбур. Балазе наш плацкарт быў апошні і лёгка было юркнуць за дзверы, схавацца ад спрэчак.
У праходзе я досыць утульна размясціўся на пласцікавым вечку скрыні для смецця, дастаў з падоранага сябруком на дарогу пачка «астмы» (там мы любілі называць «Астру») пляскатую цыгарэту, з асалодаю пацягнуў гаркавы дымок. Але паглыбіцца ў роздум не паспеў. З'явіўся госць. І я б не сказаў, што жаданы. Гэта быў хлопец гадоў семнаццаці з доўгімі чорнымі пэйсамі і адвіслай ніжняй губою. Крыху згорблены.
- Чувак, - ён нахабна разваліўся побач і крыва, адным толькі кутком вуснаў, усміхнуўся, быццам паказваючы сваю ўладу нада мною, - забэніць дай.
Я насцярожыўся і пачаў пакрысе злавацца. Каму ж падабаюцца такія выхадкі? Да таго ж свядомасць пранізала думка, што ён, напэўна, не адзін у цягніку. Хутчэй за ўсё тут цэлая банда. Але працягнуць цыгарэту мяне змусіў не страх (ён калі і быў, дык у самы першы момант), а цікаўнасць: што ж будзе далей?
- Шчэ адну дай, калі не жадзён. - Ён нахіліўся, і на мяне патыхнула перагарам.
Я працягнуў яму яшчэ тры цыгарэты.
- Не. Што ты. Дзве хопіць.
- Бяры-бяры, у мяне многа, - усміхаючыся, я падумаў, што новы знаёмы не такі ўжо і дзялок, якога выпінае з сябе.
- Слухай, а ты мне білет свой не пазычыш? Далёка едзеш?
- Да Менска.
- То пазыч. Я ў Баранавічах выскачу, а білет вярну.
- О-о-о, брат, у такую далячынь выбраўся, а білет у касе не ўзяў...
- Разумееш, я не збіраўся нікуды ехаць. Ускочыў у першы ж цягнік, які трапіўся на вочы.
Хлопец усеўся побач са мною, чыркнуў запалкай. Закашляўся і колькі разоў плюнуў сабе пад ногі:
- У Пінску больш не з'яўлюся. Сучары, яны, пэўна ж, хацелі падставіць мяне, толькі я не такі дурны, каб не заўважыць гэтага.
Ён зноў плюнуў, толькі ўжо не на падлогу, а перад сабою.
- Ведаеш, мой стары - мент, маёр міліцыі. Я яго цярпець не магу. Мусар паганы. Сёння ён прагнаў мяне з хаты і сказаў, каб на яго вочы больш не трапляўся. Х-хэ. У труне я бачыў яго... І старую, і ўсіх... Пляваў я на ўсіх з высокага слупа.
- А маці кім працуе?
- На-астаўніца, - з'едліва скрывіўся ён і дадаў: - Я ведаю, чаму яны прагналі мяне. Каб не няславіў іх перад людзьмі і, галоўнае, на працы. Ну і трасца з імі. Пражыву і сам. Мне яны яшчэ больш абрыдлі.
У гэты час дзверы ў наш праход адчыніліся, і мы падабралі ногі. Васіль і Толік усё яшчэ спрачаліся. Я ўлавіў колькі слоў.
- Ты кажаш, - даносіўся хрыплаваты голас Васіля, - што ў жыцці нічога не адбываецца выпадкова? Калі чалавек пакутуе, значыць, гэтыя пакуты заслужаныя?..
Дзверы клацнулі, і мы зноў засталіся сам-насам.
- Я пайшоў да дзяўчыны ў інтэрнат. Каб ты ведаў, якая дзяўчына! Таня. Адна яна мяне разумее. А там якраз мае карашкі: мы з імі на вакзале грошы сшыбаем, пакой адзін грабанулі, дзверы высадзілі. Маг узялі, шмоткі. Цяпер, калі што, мяне падставяць. Людзі ж бачылі мяне там. А пасадзіць мяне, што два пальцы аб асфальт. Я ж судзімы. У Баранавічах сядзеў. У цюразе хацелі пеўнем зрабіць. Ды не на таго нарваліся. Увесь сіні хадзіў, месяцамі свяціў ліхтарамі, а нат і не падумаў здавацца. На канцы я іх бачыў.
- Та-ак, - пашкадаваў я хлопца. - Цяпер табе не пазайздросціш. Слухай, а калі б табе выпала мажлівасць уладкавацца на працу і пачаць новае жыццё, згадзіўся б?
- А-а-й, - выдыхнуў вяла мой субяседнік. - Якое новае жыццё? Хадзіў я, прасіўся, а як толькі даведаюцца, што судзімы, - усё, крыж. Не, я чхаў на гэтых таўстазадых.
- А што ж ты збіраешся рабіць у Баранавічах?
- Не ведаю. Там у мяне пару карашкоў ёсць. Мне цяпер адна дарога: у цюрагу альбо на той свет. Дык ты, гэта, білет мне дасі?
- У гэтым цягніку ты не возьмеш тое, што табе трэба, ні ў аднаго пасажыра, бо ўсе квіткі ў правадніцы.
Недзе ў падсвядомасці маёй гэтыя словы прагучалі так, што, маўляў, у гэтым цягніку ты ні ў каго не знойдзеш спагады, бо яна закратавана падазронасцю і перасцярогай.
- Калі ты не супраць, я дам табе параду. - Я сапраўды шчыра хацеў дапамагчы хлопцу. - Мне здаецца, што табе лепш за ўсё было б даехаць да Лунінца, зайсці ў міліцыю і там расказаць усё, што ты расказаў мне. І папрасіць у іх дапамогі. Думаю, цябе ўсё ж зразумеюць. А з былымі сябрамі табе лепш не бачыцца зусім.
- Не-е. Да мянтоў не пайду. Хопіць з мяне іхняй дапамогі.
- Ты не спяшайся. Я табе пра сябе раскажу.
І я пачаў расказваць яму гісторыю, якую пачуў ад свайго добрага знаёмага. Дакладней, прысвоіў тое, што здарылася з ім у юнацтве. Плёў, быццам ездзіў некалі ў Карэлію паступаць у мараходку. Там па нейкай прычыне не прынялі. Але адступацца не хацеў і дахаты не вяртаўся. Жыў на вакзале. Без капейкі ў кішэні. Згаладаўся. Толькі ваду з-пад крана хлабыстаў.