Выбрать главу

- Дык вось, - працягваў я, - аднойчы падыходзіць да мяне барыга, а з ім яшчэ чалавек пяць. Той барыга стары быў, увесь у татуіроўках. Давай грошы, кажа. Расказаў я ім, што сам тыдзень галадаю. Тады яны адышлі і праз якія паўгадзіны вярнуліся з пончыкамі, катлетамі... Віна налілі. Захмялеўшы ад ста грамаў, я заладзіў: мужыкі, паеду з вамі, куды вы, туды і я. Тады стары (ён быў за пахана) сказаў: «Калі пойдзеш з намі - загубіш сабе жыццё. Ідзі лепш у міліцыю, раскажы там усё, скажы, што прыехаў з Беларусі, і ўсё ўладзіцца». На развітанне ж ён паклаў мне ў руку дваццацьпятку. Я зрабіў так, як параіў барыга. І праўда, як у ваду глядзеў ён, спраўдзіліся ягоныя словы. Так што...

- Вой, мне пара, - схамянуўся хлопец.

Цягнік прыцішваў хаду. За акном праплыў, міргнуўшы жоўтымі вочкамі-вокнамі, будыначак вясковай станцыі.

- Ты ж да Баранавіч...

- Ды ну іх. Кантралёр наскочыць, а ў мяне грошай на штраф няма.

- Я як жа ты... Я дам табе грошы.

- Не трэба. Ён ужо адчыняў дзверы. Але раптам вярнуўся, падаў руку. - Дзякуй табе, чувак. Бывай.

Колькі хвілін пастаяўшы ля акна і паназіраўшы, як аддаляецца ў сіратлівым святле адзінокага вулічнага ліхтара цёмна-зялёная спартыўная шапачка над згорбленымі плячыма, я рушыў да дзвярэй. Мне карцела расказаць хутчэй пра выпадковую, але ў нечым сімвалічную гутарку з хлопцам, сваім спадарожнікам. Толькі не паспеў я раскрыць рот, як Васіль астудзіў мяне:

- Чулі, чулі мы ўсё. Можаш не расказваць. Ты з ім выпадкова не цалаваўся, добрая твая душа? А можа, і праўда нядрэнны быў, хто яго там разбярэ, - сказаў быццам пра нябожчыка.

- Правер кішэні. Ён у цябе нічога не спёр? - у голасе Толіка была іронія.

Гэтая абыякавасць здзівіла мяне і збянтэжыла. Гаварыць адразу ж перахацелася. Я падняўся і выйшаў у халодны грукатлівы тамбур. За брудным шклом дзвярэй праплывалі зацягнутыя цёмна-сіняю сеткаю вечара тэлеграфныя слупы, рэдкія дрэвы, светлячкі далёкіх паселішчаў.

З гэтага моманту мне ненавісным стала Толікава шуканне сэнсу жыцця. То было не сапраўднае шуканне, а ўсяго толькі шырма, за якою цёпла і ўтульна жывецца. Ненавідзеў я і Васілёву грубую прастакаватасць. Відаць, і гэта таксама шырма, абалонка, за якою можна жыць у адноснай бяспецы. Заставалася толькі згадзіцца з невядомым аўтарам, у якога некалі прачытаў: «сумленнасць і велікадушша і праўда церпяць урон ад развіцця разумення каштоўнасці жыцця і ўласнасці». Церпяць жа. А ці добра гэта, ці так павінна быць, хто вызначыць? Пакуль будзем думаць, той зусім юны небарака павісне на суку ў якім-небудзь лясочку паміж Пінскам і Лунінцом. І мы спішам гэта на лёс.

Я зноў зірнуў у акно. Вось яно - жыццё. Гэтая цемрадзь з раскіданымі там-сям плямінамі святла, цягнік, Толік і Васіль, бадзяга, у якога я нават не спытаўся імя, нарэшце - я. Усё гэта - звычайнае, добрае і не вельмі радаснае чалавечае жыццё. І няма чаго тут мудрыць.

А сэрца ўсё ж не на месцы. От жа...

Вар'ят

Чалавек стаяў у падземным пераходзе і падпіраў прамавугольнік аблямаванай шэрым каменнем калоны, якая падзяляла паток на «туды» і «сюды». Ён нікога не чакаў. Проста стаяў і няспешна лузгаў чорныя падсмажаныя сланечнікі. Даставаў з кішэні старэнькага драпавага паліто маленькае мурзатае зярнятка, кідаў у рот, апусціўшы і без таго адвіслую непаслухмяную сківіцу, доўга калашмаціў яго задубелым ад бясконцай працы языком і пасля выціскаў вільготныя лупінкі. Яны слізгалі па зацяганым да бляску лацкане, вялізных чорных гузіках, перашытых, відаць, з ватоўкі, што адслужыла свой век, апускаліся, нарэшце, на калісьці чорныя, а цяпер проста брудныя чаравікі. Дзве лупінкі-лодачкі, якія нядаўна былі адным цэлым, зачапіліся за шчарбіну верхняга гузіка і цяпер свяціліся бялюткай сярэдзінкай, целяпаючыся на цяжкім, моцна набрынялым халоднаю вулічнаю імжою скразняку.

Чалавек нікога не цікавіў, і ніхто з прахожых, аблітых светлаю глазураю неонавага святла, не цікавіў яго. Ён нават ні на каго не глядзеў, а яго абыякавыя вочы таропіліся пад ногі ды на абутак людзей. Перад ім быццам разгортвалася цэлая энцыклапедыя... Не, не ног - чалавечых характараў. І лёсаў. Ён не ўзнімаў галаву, бо абавязкова заблытаўся б у сваім тонкім, хоць нікому і не патрэбным, аналізе. А хутчэй за ўсё баяўся глядзець на людзей...

Ногі шоргалі і цокалі, чаўкалі і праносіліся бязгучна. За салдацкімі чаравікамі падскоквалі высокія шпількі на бліскучых металічных набойках, мільгацелі гумовікі самых розных колераў. Насустрач несліся вострыя насы туфляў і ботаў, тупарылыя або з загнутымі аж наверх падэшвамі насы красовак.