«Якія бялюткія (ну, рыхтык снег). Як яму ўдаецца не выпацкаць іх у такую слоту? Чыстыя нават падэшвы. Звычайна абутак мяняе сваю форму ад формы нагі, скасабочыцца ці выпнецца ад якой-небудзь косткі. Гэтыя ж - быццам толькі што з вітрыны камерцыйнай крамы і тупаюць самі, нават не моршчацца. Ды яшчэ й без почырку: не падскокваюць, не драбняць і не запавольваюць крок, не адводзяць насы ў бакі і не крывалапяць».
Чалавек ледзь прыкметна моршчыцца: «Так, мусіць, выглядае безаблічнасць». І ён асмельваецца прыўзняць на хвіліну белы да сінявы твар, які ніколі не ведаў галення. «Хутка гаспадар гэтых чысценькіх красовак прычыніць за сабою дзверы ўласнай кватэры, не прынёсшы з вуліцы ні бруду, ні ўражанняў. Ён уважліва агледзіць пустымі вачыма абутак, павыцірае на ім плямінкі, якія, можа, шукае праз павелічальнае шкло, яшчэ раз агледзіць, як любімы твор мастацтва, і акуратна паставіць у кут. Пасля разважліва пройдзе па чысценькай хаце, абстаўленай калі не багата, то без анічога лішняга. Затым уключыць музыку і апусціцца ў крэсла, утаропіўшыся ў столь. Гэта чалавек добра вядомай мне пароды: такія ніколі не выходзяць у дождж на вуліцу без парасона і не ездзяць без талона ў гарадскім транспарце. Салага... Мамін сыночак... Ён і ў пяцьдзесят гадоў будзе маміным пестуном. Можа, зірнуўшы на мае чаравікі, ён нават і не пагідзіўся б, бо яму на ўсё і на ўсіх напляваць».
Чалавек выціснуў наступную порцыю лупінак, а набеглы вецер-скразнячок адкінуў іх на якія паўметра ўбок, акурат пад ногі прахожых. «Перасмажаныя, халера на іх. Толькі пальцы запэцкаў. Во якія страшныя. І вусны, напэўна, такія ж...» Але вусны былі чыстыя. Вільготныя, яны блішчалі, нібыта налакаваныя, і гэта рабіла яго доўгі твар яшчэ больш непрыемным.
Чалавек злавіў сябе на думцы, што прыйшоў сюды зусім не для таго, каб назіраць за людзьмі, а тым больш за іх абуткам. Проста сярод вялікай колькасці людзей ён заўсёды адчуваў сябе адзінокім. Яшчэ больш адзінокім, чым калі заставаўся сам-насам. А ён нічога так моцна не любіў, як адзіноту. Яна была яго шчасцем, і толькі ў адзіноце ён адчуваў, што жыве, адчуваў ход жыцця і быў свядомым яго ўдзельнікам. Рэчы, што знаходзіліся побач, адразу ж асвятляліся яго пачуццямі і набывалі пэўны сэнс, яны нібы прасілі чалавека заўважаць і прызнаваць іх неабходнасць. Лічыцца з імі.
Чалавек прыйшоў сюды, каб пабыць у адзіноце. І ён сапраўды адчуваў сябе самотным. Адзінокім сярод дзесяткаў і сотняў ботаў, ног, характараў. Спачатку ён разглядаў іх (ногі) проста так... Не тое што ад няма чаго рабіць, а хутчэй, каб падкрэсліць сваю адзіноту, нагнаць паболей самоты і адчуць у ёй асалоду. Асалоду ад усведамлення свайго існавання. Але тупат і шорганне быццам наэлектрызоўвалі...
Калі зусім блізка і з цяжарам прасунуліся няўклюдныя гумовікі, чалавеку захацелася ўбачыць іх уладальніцу голаю. «Якою яна, мабыць, выглядае брыдкаю, калі распранецца. Сунецца, што тая качка. Можа, яна ніколі не распранецца пры кім-небудзь. Ногі - нібы ласты. Таму яна і хавае іх у боты, каб ніхто не ўбачыў. Калі б гэтыя ногі наступілі на мяне, я, мусіць, ніколі ўжо не падняўся б».
Чалавеку здалося, што ўвесь сустрэчны натоўп ног скіраваўся на яго і зараз затопча. «Нават вось гэтыя маленькія чырвоныя боцікі-капыткі на стройненькіх ножках-верацёнах - яны таксама будуць таптаць мяне.
У гэтых ботах, напэўна, чысценькія ружовыя пальчыкі з пакрытымі лакам малюсенькімі пазногцікамі».
Раней, калі ён думаў пра такія рэчы, адразу з'яўлялася жаданне. Яму хацелася цалавацьь дзявочыя рукі і плечы. Нічога такога цяпер чалавек не адчуваў. Якое можа быць жаданне да абцягнутага мясам і скураю, няхай сабе і прыгожага з вягляду, шкілета. Чым яе косці адрозніваюцца ад касцей той няўклюднай качкі? Яны ж аднолькавыя. «Гідота. Яна радуецца, што ўсе бачаць яе дарагі абутак. А хіба ж можна такому радавацца? Хіба для гэтага Ўсявышні надзяліў людзей розумам, якога не знойдзеш ні ў адной жывой істоты на зямлі? Навошта ім гэты розум? Хапіла б такога, як у малпы. Можа, людзі і ёсць малпы. Толькі больш жорсткія, хітрыя і цынічныя».
Чалавек каторы ўжо раз адчуў, што ненавідзіць людзей. «Самая горшая, самая брыдкая істота, якая толькі ёсць на зямлі, - гэта чалавек. Прырода надзяліла яго розумам, свядомасцю, інтэлектам. Для чаго? Няўжо толькі для таго, каб ён мог прыдбаць чаравікі, якімі закрывае свае ногі ад вачэй сабе падобных?
Бедныя, бедныя людзі. Яны думаюць, што ботамі схаваюць ногі. Наіўныя. Каго цікавяць іх ногі? Каго цікавяць іх пальцы, пазногці, лыткі і пяты? Небаракі. Яны нават і не падазраюць, што, закрываючы плоць, адчыняюць сваё нутро, адкрываюць нешта патаемнае са сваёй натуры. Кожная маршчына на іх абутку, кожная пляма, драпінка або нават колер і фасон гавораць пра чалавека амаль што ўсё».