Натоўп плыў і плыў. Але ніхто яго не затоптваў. Некрануты заставаўся нават дыванок, што саткаўся сам па сабе з лупінак і абляпіў яго шэрыя ад высахлай гразі чаравікі, неахайна сцягнутыя белымі матузамі. Чалавеку прымроілася, што людзі рухаюцца не «туды-сюды», а па замкнёным коле.
«Я ўсё зразумеў. Гэта такі ў іх дзікунскі танец. Перш чым прыкончыць мяне, яны будуць доўга танцаваць вакол. А пасля накінуцца і будуць таптаць, баючыся згубіць або парваць свой паганы абутак. А я не баюся страціць нават сваё жыццё, бо я не такі, як яны. Я не магу жыць разам з імі, таму нехта з нас павінен памерці.
Чаму ж я раней адносіўся да людзей як да сваіх братоў і не мог зразумець, што чалавек - гэта не што іншае, як згустак звярынай плоці і эгаізму.
Калісьці я думаў, што чым большую чалавек займае пасаду, тым ён разумнейшы, адказнейшы, і тым больш яго трэба паважаць. Але ўсё гэта - лухта. Яны - эгаісты. Чалавеку надакучыла насіць абутак са штучнай скуры, і ён дамагаецца, каб пасада дазваляла яму насіць з натуральнай, ды яшчэ самай лепшай. Усё вельмі проста. І палітыкі, і прэзідэнты думаюць найперш не пра сваю дзяржаву і народ, а пра самыя лепшыя і самыя дасканалыя туфлі».
Зусім побач прашумела доўгая чорная мантыя. Паветра ўскалыхнулася, і шалупінне, нібы спалоханая вераб'іная чарада, адляцела ад самых ног чалавека. Дыванок змяніў форму з амаль што правільнага паўкруга на няправільны, абрэзаны з аднаго боку.
«Святар. Гэта прайшоў святар. Сур'ёзны і нават суровы. Я толькі адзін раз быў у царкве - у дзяцінстве. Але я часта бачыў святароў па тэлевізары: яны чытаюць казанне або разважаюць пра душу. Таму я ведаю, што ўсе яны на адзін твар. А тады, у дзяцінстве, я бачыў, як людзі неслі ў царкву хлеб, віно, кілбасу. Дзіўна, але мяне не цікавілі ні залачоныя кандэлябры і рамкі, ні каляровыя малюнкі з выявамі святых на сценах і нават на столі, ні дзіўны пах, які браўся невядома адкуль. Мяне, блазнюка, цікавіла, чаму гэта людзі нясуць сюды, у такую вялізную, багатую і таямнічую пабудову пітво і ежу. І яшчэ, прыкмеціў, грошы. Запытаўся пра гэта ў маці, а тая толькі засмяялася і сказала вельмі проста:
- Так павялося, сынок. Так патрэбна.
Я тады дзіцячым розумам падумаў: ці то нясуць усё таму, што месца гэтае - велічнае, святое, ці гмах гэты пабудавалі і панаставілі ў ім залачоных рэчаў ды намалявалі шмат прыгожых карцін для таго, каб сюды неслі кілбасы».
Ён адчуваў, што тут не ўсё так проста, і ўсё ж непрыязнасць да святароў засталася назаўсёды. Хоць яны п'юць і ядуць як і ўсе, і плоць іх як ува ўсіх людзей, і ёсць у іх на пальцах ног пазногці, і жаданні ў іх таксама чалавечыя. Дык нашто ж гэты ўвесь маскарад? Няўжо каб браць, каб нешта браць для сябе? Як бяруць жабракі ці пагарэльцы, што амаль з дня ў дзень шныраць па кватэрах, просяць міласціну. Дык яны хоць не прыкідваюцца: прыходзяць і кажуць, каб даў ім што-небудзь паесці, грошай або анучу якую. Ён даў бы ім многа, ды ў самога нічога няма. Хлеб ды сала. Але цяпер ён іх таксама ненавідзіць. Як і ўсіх людзей. Бо яны бяруць, бяруць, бяруць. Ён любіць толькі вар'ятаў. Гэтым мілым істотам зусім нічога не патрэбна. Яны калі што і просяць або бяруць, то не свядома, а, хутчэй, інстынктыўна. Тыя, што называюць сябе нармальнымі, таму і пазбаўляюцца ад іх, таму і хаваюць іх у бальніцы-турмы, каб не нагадвалі ім лішні раз, што ногі зусім не абавязкова хаваць у боты і зусім не абавязкова разумнічаць, каб жыць і быць шчаслівымі.
Вочы чалавека раптам загарэліся, і чырвоныя беражкі павекаў сталі вільготныя.
«Адкуль ты ўзяўся, хлопчык?»
Перад ім стаяў хлапчук гадоў дзесяці ў насунутай на самыя вочы вялізнай вельветавай кепцы, расцягнуўшы вусны да самых вушэй, сушыў дзёсны, бо быў шчарбаты.
- Дзядзька, дай семак, - сказаў ён, гулліва паводзячы вачамі і варушачы мускульчыкамі свайго рабога і непрыемнага твару.
Чалавек дастаў з зашмальцаванай кішэні поўную жменю семак і напоўніў прыгаршчы малога. І ўсё нешта казаў, хоць і не чуў сваіх слоў.
А хлопец бяздумна ўсміхаўся і не слухаў яго. І чалавеку гэта падабалася. Яму ж ніхто не патрэбны, як нікому не патрэбны і ён.
Але хутка чалавек устрапянуўся, быццам нешта ўзгадаў, і схапіўся за галаву. «Я такі ж, як і ўсе людзі. Малы ўзрадаваўся. Усмешка на ўвесь шчарбаты рот. Яму я хацеў зрабіць прыемнае. Яму. Не сабе. То чаму я радуюся яго дурнаватай усмешцы? Я ж зрабіў прыемнае самому сабе. Я такі ж эгаіст, як і ўсе людзі. Але я не хачу быць падобны да іх».