Выбрать главу

Колькі людзі помняць Герасіма, ён ніколі ні з кім не вітаўся, не загаворваў, не меў ніякіх агульных спраў. Нібыта і не заўважаў нікога. Ніхто ніколі не бачыў яго без якой-небудзь прылады ў руках. Калі ідзе па вуліцы, дык абавязкова або з віламі, або з рыдлёўкай, або з сякерай... Хоць якую дошчачку, ды прыхопіць з сабою, валачэ дахаты. Людзі на світанні яшчэ толькі праціраюць зрэнкі, а ён ужо тупае каля шматлікіх, вялікіх і малых, хлявоў. Пасмейваюцца, маўляў, Мухамор, відаць, і ноччу не спіць, бо калі б ні праснуўся, ён у любы час на нагах. Напэўна, гэты жарт быў не такім ужо і далёкім ад праўды. Колькі разоў то адзін, то другі вясковец, па нейкай прычыне сярод ночы апынуўшыся на двары, прыкмячалі незразумелы рух на Герасімавым падворку. Няйначай нешта краў, бо што яшчэ можна рабіць апоўначы. Дый адкуль у яго гэтулькі сена, саломы (дзесятак стажкоў высяцца за гумном, а яшчэ ж і свірны поўныя), мукі, камбікорму, што выкормлівае штогод па пяць-шэсць вепрукоў, трымае прыгажуна-каня, дзве каровы, цялят... Плоймы гусей вытоптваюць ваколіцы, курэй, па ўсім, яны і самі не ведаюць, колькі. А калгас жа яму і адной соткі сенакосу не дае, як і салому таксама не выдзяляе. Сее, праўда, сваё жыта. Ды колькі там яго. Во толькі нядаўна пачаў займаць суседнія агароды, тыя, што ўжо колькі год нават не пад пустазеллем - дзірваном пакрыліся. Пры жывых гаспадынях, бо гаспадары большасцю следам за моладдзю заспяшаліся пакінуць неперспектыўную вёску, адбегчы хоць на кіламетр, на гэткія ж неперспектыўныя, зарослыя акацыяй ды бярозамі, могілкі, на якіх большая частка крыжоў пачарнелі, скасабочыліся, а самыя старыя пападалі і сатлелі.

Нямоглыя бабулькі самі не здужалі ні ўскапаць грады, ні, тым больш, узараць агарод і пасля з вясны да зімы гарбаціцца на ім, таму дамовіцца з імі на арэнду зямлі было няцяжка. Герасім адшчыкваў кожнай на пражыццё бульбачкі, мукі, прывозіў ім з сяла ці з горада хлеб і крупы... Праўда, рабіў усё гэта без усялякага імпэту, неахвотна. Нібы пад прымусам. Ад каго сыходзіў той прымус - ад Бога, уласнага сумлення, вясковага ладу жыцця, у які, нягледзячы на сваю адасобленасць ад усіх, урос плоццю і крывёю, ці, можа, інстынкт самазахавання дыктаваў свае ўмовы? Хутчэй за ўсё апошняе кіравала Грыбам-Мухаморам, бо з сумленнем у яго нічога агульнага не было, пэўна, ажно з саплівага маленства. Старэйшыя людзі помняць, як ён, ледзь навучыўшыся гаварыць, абзываў усіх, хто праходзіў паўз іх плот. Бывала, стаіць галюткі, белабрысы, і гарлае:

- Дулань, дулань, дулань...

І язык паказвае. Калі хто рабіў выгляд, што хоча злавіць яго, каб пакараць, уцякаў, мільгаючы мурзатым ад наліплага пяску азадкам. З глыбіні двара даносілася ўсё тое ж:

- Дулань, дулань...

Нібыта іншых слоў і не ведаў.

Часам у прахожага ляцелі каменьчыкі, камячкі гразі.

Калі падрос, украў у суседа яйкі. Цэлы дзесятак. Выбраў, не пабаяўся, з-пад квактухі. Пачаў разбіваць, а там птушаняты. Некаторыя жывыя, варушыліся. Яны яго і выдалі.

- Гэта не хлопец, а нейкае чарцяня, - крычаў сусед і цягаў малога за вушы. А з таго, як з гуся вада. Вырваўся, адбег, і зноў за сваё: «Дурань, дурань...» Адно што ўжо «р» выгаворваў правільна, цвёрда.

Гэткім і запомніўся Герасім вяскоўцам. «Увесь у старых Грыбоў», - ківалі яны пры выпадку адно аднаму і скрушна галовы схілялі.

Старыя Грыбы. Нейкія непрыступныя былі. Як ні ўгаворвалі іх, як ні змушалі, чым ні пагражалі - не пайшлі ў калгас. Засталіся аднаасобнікамі, хоць і не былі, здавалася, багацеямі. Каня, праўда, мелі, ды ўсялякі інвентар: плугі, бораны, сошкі, косы, вілы рознай даўжыні, граблі, сякеры, невялічкі млын, сячкарню... Усё гэта было настроена так, што, здавалася, толькі зачапі, само будзе касіць, калоць, грэбці, складваць...

У гэтым сямействе невядома з якога пакалення павялося, што жанчына ў хаце, не раўнуючы, як рабыня. Яна мае права толькі працаваць і ўвогуле рабіць то, што скажа гаспадар. Не дай Бог, згатуе не надта смачную ежу або тае ежы будзе малавата. Тады бяжы куды вочы глядзяць, хавайся па суседзях або дзе ў хмызняку, пакуль не пройдзе гаспадароў гнеў, іначай і зубы паляцяць, і костачкі затрашчаць. Было, гэтак адлупцаваў сваю Параску, што тая тры тыдні ў бальніцы правалялася. На другі дзень пасля тае бурнай разборкі на падворку з'явіўся малады сухаваты дзяцюк з рудым чубам і цёмнымі жвавымі вочкамі, у міліцэйскай форме - участковы. Наслухаўшыся ад людзей пра Герасімаву сквапнасць, пра тое, што ён, напэўна, нячысты на руку, міліцыянт, перш чым пастукацца ў хату, прайшоўся па падворку, зазірнуў у хлявы... За гэтым заняткам і застаў яго Герасім. Ён злосна бліснуў вачыма, са словамі «не смей тут гаспадаром хадзіць, я тут гаспадар» хапіўся за першае, што трапілася пад руку, за вілы-трайчакі. І, доўга не вагаючыся, кінуў у няпрошанага візіцёра. Той спрытна ўскінуў руку, адбіў дабротную, бліскучую, з гладзенькім, адпаліраваным шурпатымі даланямі тронкам сялянскую прыладу. Адно што руку, якраз правую, абдзёр ледзь не да касці, і не меў сілы выцягнуць ёю з кабуры пісталет. Але зброя і не спатрэбілася. Герасім сказаў: «Не бойся, болей не зачаплю. Што, параніўся? Распраніся ды абмыйся во каля калодзежа, а я бінт прынясу». Міліцыянт пасля дзівіўся перад сябрамі: во сіла ў голасе Мухаморавым, што нават ён, службовец, паслухаўся, распрануўся, хоць гэта і было небяспечна.