Герасіма тым часам пасадзілі на два з паловаю гады. За напад на супрацоўніка міліцыі маглі і болей уляпіць, ды, кажуць, некаму даў хабар, адкруціўся, выклапатаў мінімум. А як вярнуўся ўвесь у наколках, пасвяжэлы, распаўнелы - відаць, няблага на «зоне» жылося, адпачываў, набіраўся сіл для гаспадарчых клопатаў - дык яшчэ больш стаў здзеквацца з жонкі. Няйначай, яшчэ больш агрубеў, пасуравеў у турме. Прывучыў: лясне пяцярнёй па назе, гаспадыня тут як тут. Нібы цюцька. Ён тады загады аддае. Праўда, і сам цягне, як вол. Але ж і здароўе ў яго - на траіх. А тут - шчэпка. Ды болей сохне. Гэтак пакутавала Герасімава матка, а цяпер і жонка пакутуе. Затое калі на якое свята ў царкву ні на пагулянку выходзяць, яна гэткае ўбранне апранае, што ўсе раты раскрываюць. І гэткая пекная, статная, толькі што ціхмяная, маўклівая, няўсмешлівая. Сын таксама ўзяў ціхенькую, мяккую (ляпі з яе што хочаш, нібы з гліны) дзяўчыну з суседняй вёскі. Ажаніўся рана - толькі-толькі першы пушок над верхняю губою прабіўся.
Гэтак і жывуць тутэйшыя куркулі Грыбы, перадаючы ў спадчыну ад старэйшых да маладзейшых нажытае дабро, звычкі, характар, цягавітасць ды славу нядобрую.
Калі яшчэ ні ў каго з вяскоўцаў не было ўласнага аўтамабіля, Герасім прыгнаў (зноў-такі невядома адкуль) навюткую «Ніву». Тады на такой машыне нават калгасны старшыня не ездзіў, задавальняўся гарбатым зялёным УАЗам-«козлікам». Цяпер на падворку красуюцца і маленькі трактарык-трапястунчык, і грузавік, і бліскучы перламутравы «Мерседэс». Бывала, падвязе каго, падбярэ па дарозе з райцэнтра да вёсачкі. Натуральна, чалавек пачынае дзякаваць, «спасібкаць». Тады Герасім кідае ў бок пасажыра цяжкі пагляд і з пагардаю выціскае:
- «Спасіба» у карман не пакладзеш.
Або:
- «Спасіба» замного, хапіла б і рубля.
Калі чалавек працягвае грошы, бярэ іх моўчкі і на спадарожніка нат не зірне.
Ніхто ніколі не звяртаўся да Грыбоў з якою просьбаю ці справаю. Адпужваў сам выгляд сядзібы: высокі, нейкі змрочны, пацямнелы ад часу нефарбаваны, толькі пацягнуты аліфаю, плот, масіўныя рыпучыя вароты і веснічкі, якія, толькі крані іх, нібыта незадаволена, па-старэчы крэкчуць: «ну-у, што-о табе-е трэ-э-эба ту-у-ут?» У двары часам падае грамавы голас вялізны лахматы ваўкадаў. Раней Грыбы чамусьці сабак не заводзілі, мо не хацелі лішніх расходаў, бо лічыць капейку яны вой як умеюць, а гэта апошнія гады тры-чатыры, адразу ж, як купілі «Мерседэс», прывялі знекуль унушальных памераў шчанюка. Цяпер ён ростам з добрае цяля: скочыць на плечы - не ўстанеш, у шыю ўчэпіцца - і не хрыпнеш.
Новы дом, праўда, не такі змрочны. Жоўценькі, абшыты светлаю хваёвай шалёўкай. Дах бляшаны. У сонечныя дні бляха блішчыць, асляпляе, нібы гэта не звычайны дах, а царкоўны купал.
Нечым гэты дом падобны да церамка. Высокі, на два, ды яшчэ з дадаткам-паддашкам, паверхі.
Змрочны паркан нагадвае гэткага ж панурага, няўсмішлівага, смуглявага гаспадара. Стаіць, бывала, ля веснічак - і нібы зліваецца і колерам нічым такім не адметнага твару, і настроем з непрыступнаю драўлянаю сцяною штыкетніку. І пазірае спадыбла на свет. Што ў тым позірку - ці пагарда да ўсяго і ўсіх, ці звычайная чорная пустата, ці якое іншае, няйначай, нядобрае, пачуццё - паспрабуй здагадацца. А хутчэй за ўсё ён проста абмазгоўвае чарговую нейкую справу. Можа, задумаў яшчэ што збудаваць або прыдбаць у гаспадарку, хоць, здаецца, чаго ім яшчэ не хапае. Але ж натура... Не дае яна супакоіцца, сядзець склаўшы рукі. Можа, Грыб-Мухамор якраз у гэты час прыкідвае, дзе, у якім найвыгоднейшым месцы паставіць харомы наступным двум сынам, што ірвуцца, як і ўся моладзь, у горад, але іх моцна трымае на гэтай зямлі бацькава цвёрдае, цвярдзейшае за любыя ланцугі, слова.