Выбрать главу

Усе ў вёсцы помняць, як прыходзіла да яго пасля выпускных экзаменаў дырэктар школы ды ўгаворвала, каб адпусціў сваіх блізнюкоў у інстытут. Маўляў, старэйшага трымаеш тут у глухмені, дык хоць малодшыя няхай у людзі выбіваюцца. У іх светлыя галовы, добрыя веды, выдатныя адзнакі ў атэстаце...

- Што-о-о! - крычаў Герасім на ўсё невялічкае паселішча, бо размова вельмі хутка перакінулася з хаты на вулачку. - Да гэтых басякоў гарадскіх, у нішчымніцу, у бязладдзе... Усіх ужо паадрывалі ад зямлі, і маіх хочаце адарваць? Не бываць гэтаму.

Сказаў, як адрэзаў. Яшчэ і паўшчуваў бедную настаўніцу:

- Надта вы ўсе вучоныя. Развялося вас - працаваць няма каму. Думаеце, не ведаю: не мае сыны вам патрэбны, а каб адрапартаваць, маўляў, з нашай школы во колькі вучняў у інстытуты папаступалі. Падбрэхачы праклятыя.

І грымнуў цяжкімі веснічкамі.

- Мухамора не перапрэш... О-о-о...

- Не бярыце ў галаву, вы ж ведаеце, што гэта за свіння.

- Усім ужо ён як тая костка ў горле...

Гэтак спачувалі дырэктарцы бабулі, што выйшлі на крык. А акрамя іх, старэнькіх, нямоглых, пакручаных жыццём і працаю, ды гэтага куркуля-злыдня, нікога болей у вёсцы і не засталося.

Церам светлы і годны за парканом - як ёсць старэйшы сын Герасімаў. Рослы, светлавалосы, з адкрытым паглядам і гэткаю ж адкрытай, хіба толькі занадта самаўпэўненай, усмешкай. Віктар не ўмеў абразіць, але і не падпускаў блізка да сябе ні старэйшых, ні маладзейшых, ні аднагодкаў. Пра яго казалі: «О-о-о, гэты ведае сабе цану». Аднак адносіліся да яго цярпіма, нібыта нават і паважалі.

Віктар, калі маленькі быў, любіў з цацачнымі машынкамі бавіцца. Колькі ні вазіў іх бацька з горада, усе разбіраў да апошняга вінціка, бывала, што і збіраў нанава і нават вазіў імі пясочак, пілавінне, трэскі... Рана, мо яшчэ ў пятым класе, сеў за руль сапраўднай дарослай «Нівы», а следам і грузавіка, трактара. Старшакласнікам ужо разбіраў і збураў маторы. Улетку цэлымі днямі корпаўся то ў машынах, то ў трактары. Мурзаты, але ўсё адно нейкі светлы. Нібыта і не Герасімаў, не Мухаморавага роду-племені.

Добра, што якраз на яго патрапіла суседка, што бацька быў у ад'ездзе. Прыбегла, завохкала, слязу пусціла: «Гэта ж памірае стары, каб як у бальніцу яго. Хто ж яшчэ выручыць». Тэлефона ў вёсцы няма, а калі б і быў, дык бабуля не ведае, што гэта за апарат такі. Віктар адвёз. Стары працягнуў яшчэ які гадок, болей не падужаў. Суседка і за гэта ўдзячна маладому Грыбу. Прыбегла: «А мой ты сыночак, а мой ты спасіцель. Выручыў раз, выручы і другі. Адмучыўся ж мой небарака. Каб як яго з бальніцы забраць. Ды, можа, і труну памаглі б збіць. Хоць якую. У вас жа, Грыбоў, рукі залатыя, вам гэта раз плюнуць.»

Герасім таксама падышоў, паслухаў.

- Вот жа, скажы ты, - крутануў з'едліва галавою. - Як так то Мухаморы, а як прыперла, то ўжо Грыбы, рукі залатыя...

- Было, Гераська, каюся. Ды што ж мы будзем благое ўспамінаць. Тут такое нарабілася, такая бяда-гора... Няўжо ж не паможаце? Няма ж больш каму...

- А калгас?.. Ты ж у калгасе рабіла.

- Ці ж мне, старой, хадзіць па тых канторах. Далёка. Дый часу няма. Я заплачу, назбірала, во, на чорны дзень...

Яна працягнула чысценькую насовачку, з якой вызіралі паперкі-грошы.

- Ну, пакажы, што ў цябе там за багацце. Цьфу, а не грошы. На, схавай і нікому не паказвай.

- Дык, што ж мне... Як жа я... Памёр жа... Бяда, вой якая бяда, людцы мілыя... Як скажу каму, што не паслухаліся, вас жа ўся дзярэўна пракляне...

- А няхай сабе праклінае, мо яшчэ больш пабагацеем. Вы мяне, напэўна, даўно ўжо праклялі, бо ўсё багацею і багацею. А вось тыя, хто праклінае, звычайна бяднеюць. Вось я і думаю, чаго гэта вы ўсе такія бедныя? - Герасім ядавіта ўхмыльнуўся.

- Нелюдзі, во хто вы. Казалі, вой казалі мне людзі, не ідзі да Мухамора, бо толькі наплачашся. А я яшчэ і заступалася: не, яны цяпера не такія, Віцька во як добра выручыў... Божа ж ты мой Божа, што ж гэта робіцца на свеце, што ж мне цяпер, а дзе ж мне раду шука-а-аць... - суседка пачала ўжо галасіць.

Гэтак, галосячы, яна бразнула клямкай. Свіснулі дзверы.

- Чакай, каза старая. - У Герасіма голас такі, што аслухацца ніяк немагчыма. Хоць, здавалася б, і не гучны, наадварот, прыцішаны. - Зараз хлопцы труну саб'юць. Я пакажу ім, як гэта робіцца. Ёсць тут у мяне колькі дошак. І сухенькіх, і габляваных. Шыхую на новы хляўчук...

- Ды хоць якіх...

- Заадно ўжо і крыжык трэба рабіць. Крыж сам саб'ю - учора толькі брускоў нарэзаў. Ды з'ездзіце, чуеш, Віця, на ГАЗіку.