Выбрать главу

- Дай вам Бог здароўечка, - суседка ажно рукі заломвала, не знаходзячы, што сказаць і як аддзячыць. - Чула маё сэрца, што не адмовіце. Бачыць Гасподзь усявышні...

- А-а, пра Госпада ўспомніла, - абарваў Герасім. - Ты мне пра Госпада не кажы. Я ўсё сваё жыццё святы ў царкве святкаваў, і дзеці мае гэтак святкуюць. А вы, калі былі маладзейшыя, у лесе, на маёўках на гарэлку маліліся. Бязбожнікі, во хто вы. Дзяцей сваіх хоць бы хрысціцца навучылі, а то гэтак і паразбрыдаліся па свеце без анічога святога ў душы. Пралетарыяты зас...я. На бацькоў сваіх пазабываліся, як мухі якія ці кузакі. Мае хлопцы хай толькі не памоляцца хоць бы раз на дзень, я ім тады...

- Ці ж табе не ведаць, што не засталося ў мяне нікога. Быў адзін сын, дык і таго забілі. Іначай я да цябе зараз не бегла б, ён сам усё зрабіў бы.

- Як жа, зрабіў бы. Ён жа ў цябе нічога цяжэйшага за чарку і ў руках не трымаў. Чаму ж ён не прыязджаў бульбу памагчы пасадзіць, грады ўскапаць...

Суседка сцялася і толькі вінавата ўсхліпвала. Герасім таксама замаўчаў, нешта нібы падказала, што не варта дабіваць старую сваёю праўдаю.

- Дык, значыць, пабягу шыхавацца. - Яна зноў хапілася за клямку.

- Бяжы-бяжы, праз якую хвіліну паедзеце.

- А як жа гэта? - жанчына паказала вачыма на неахайна складзеную насоўку. - Мо ўзяў бы, колькі ўжо е...

- Пакінь сабе смецце гэтае. Якой закусі ў горадзе накупляеш.

На пахаванне сабралася ўся вёсачка. Клыпалі за труною з дзесятак бабулек у чорных хустках ды некалькі аброслых сівою шчэццю дзядкоў. Гаманілі гэтак жа размерана-сцішана, як і ішлі. Хто пра нябожчыка, які і жыў цяжка, і паміраў таксама доўга, пакутліва, хто пра тое, што і ім скора побач з ім у жоўценькім пясочку ляжаць, і ці хто пахавае яшчэ па-людску, а найчасцей слова «Грыб» прамаўлялася. Праўда, шэптам, каб не пачуў Герасім з сынамі - яны неслі труну, жонка, якая згубілася ў нешматлікай працэсіі.

- Кажуць, Грыбы і труну, і крыж змудравалі...

- Дый ладна зрабілі, не абы з рук.

- Дык жа Грыбы...

- А хто ж яшчэ зробіць, як не яны.

- Яны ж і харч далі, каб было што на стол паставіць.

- Грошай, кажуць, пазычылі...

- Ды не, якія грошы. Што яна сама купіла, а што яны прынеслі.

- І гарэлка нібыта іхняя. Хоць паспытаю Грыбавай самагонкі.

- А што ім гарэлка. Бровар, вунь, дзень і ноч куродыміць. Некуды возяць і возяць гэтае зелле. Флягамі, сама бачыла. Няйначай, прадаюць. Адкуль, думаеце, у іх гэтулькі багацця? З зямлі? На зямлі хіба горб заробіш, а не багацце.

- От, і добра, што зарабляюць. Хоць хаўтуры па-людску спраўляем.

- Што праўда то праўда.

Чамусьці ніхто так ні разу і не назваў Грыбоў Мухаморамі. Нібыта і забыліся на мянушку, якую яшчэ нядаўна гэтак смакавалі.

Гэтае пахаванне, гора, раздзеленае на ўсіх вяскоўцаў, нібы зрадніла людзей з Грыбамі. Бабулькі ішлі да Герасіма або яго сыноў ужо без усялякага страху, і прасілі прывезці з горада лекі, звазіць у бальніцу або да знахара, купіць цукру, запалак, узараць гародчык, а яны за гэта восенню памогуць яму бульбу выкапаць.

Нават незварушны, незгаворлівы Герасім не ўстаяў-такі перад націскам. Абы паказаў слабінку, паддаўся аднойчы на ўгаворы. Давялося і вазіць, і прывозіць, і купляць, і араць... Нярэдка за ўсё тое ж «спасіба», ад якога кішэня не рабілася паўнейшай.

Праўда, часам узрываўся. Гэта здаралася тады, калі якая-небудзь старая прасіла заната катэгарычна, нібыта ён абавязаны ёй. Як жа, усіх возіць да доктара, а яе, бачыце, не вязе. Ды яе, можа, першую павінен везці, у яе сын «у Аганістане геройску загінуў», медалі, калі трэба, можа прад'явіць...

- А-а-а, вы гэтак загаварылі, - вырачаў тады зрэнкі неўпрыкмет пастарэлы, напалову ўжо сівы, Герасім. - Дык во вам, во вам, - круціў крэпкія, што каменныя, дулі з накрэсленымі на іх сінімі літарамі-наколкамі. - Калі паважаць не ўмееце, дык хоць на калені ўпасці змажыце. На калені, сказаў! - крык зрываўся на хрып, па куточках вуснаў кіпела пена.

Бабулька хрысцілася і ніяк не магла ўцяміць, што ж гэта робіцца і чым такім яна правінілася. Мо жартуе? Але ж не, рукі во як калоцяцца, як у псіха.

- Я твайго сына на смерць не пасылаў, што ты мне падтыкаеш ім. Сваіх во ледзь адкупіў ад службы. Няхай цябе твая парцея возіць да доктара.

Упасці на калені ён, аднак, не даваў. Злосна буркне: «Ідзі, заеду», - і адвернецца, зоймецца якою справаю, паказваючы тым самым, што размова скончана.

Аднаго дня ў вёсачцы з'явіўся карэспандэнт. Даўгавязы, расхрыстаны юнак з сумкай-папкаю на плячы. Ён выскачыў з маціцовай «Волгі», закінуў, віхлянуўшы галавою, на плечы даўгія светлыя валасы, паправіў іх рукою, агледзеўся. Пакуль з машыны выварочваўся салідны дзядзька ў акулярах, беласнежнай накрухмаленай сарочцы і пры гальштуку, хлапец спрытна выцягнуў з папкі блакнот і нешта хуценька запісаў.