Пасля яны стаялі пасярод вуліцы, пра нешта заўзята гаварылі, смяяліся, зноў гаварылі. Пры гэтым ачкасты ўсё паказваў рукою ў бок Герасімавай сядзібы. Бабулі сачылі за незнаёмцамі з-за маленькіх ваконных шыбін, меркавалі: хто гэта можа быць? У адным яны не сумняваліся: начальства.
Тым часам візіцёры зайшлі ў адну, другую хату, а калі рушылі да Герасімавага маёнтка, дзе-хто нават выскачыў на падворак, вызіраў з-за крывых кійкоў-штыкецін, напружваў старэчы зрок, каб як лепш разгледзець гасцей.
Мінула гадзіна, за ёю яшчэ невядома колькі часу, а начальства ад Грыбаў усё не выходзіла. Наадварот, да іх плоту падруліла і прыпаркавалася, нібы прыклеілася, «Волга».
На вулачцы неўпрыкмет сабралася купка людзей. Тыя, хто бачыў гасцей толькі здалёку, абступілі тых, да каго начальства заходзіла ў хату. Усім было цікава, пра што яны гаварылі, чым цікавіліся.
У гэтым вэрхале цяжка было нешта разабраць. Бабулі шмат балбаталі, але слабы ўжо старэчы слых мала што ўлоўліваў. Усе добра засвоілі толькі некалькі слоў, якія і часцей паўтараліся, і гучней вымаўляліся: Герасім, Грыб... Нехта кінуў у натоўпік, нібы запалку ў стажок, здагадку, што начальства, хутчэй за ўсё, прыехала раскулачваць вясковага багацея. «Колькі вяровачцы ні віцца...» - казалі адны. «Як з намі і здароўкацца не хацеў, ніхто не бачыў, а як цяпер памагае, як чалавекам стаў, дык, бачыш ты, прыпёрліся, ужо ён ім мяшае,» - абураліся іншыя. «Гэта ж, відаць, і хату адбяруць, і машыны...» «Што хочаш могуць забраць, і кароў з хлява выведуць, як некалі ў нас павыводзілі». Бабулькі дагаманіліся да таго, што трэба неяк ратаваць Грыбоў. «Калі і праўда заграбуць, хто нам тады паможа, хто ў апошні шлях правядзе».
Пярэсты гаманлівы натоўпік як стаяў, гэтак і рушыў да Грыбавай сядзібы. Самая смелая адчыніла рыпучыя веснічкі, праціснулася ў іх, задрабніла да высокага, з парэнчамі, ганка. І толькі тады згледзела ў глыбіні шырокага, прасторнага двара, каля жоўтай і шэрай горак пяску і шчэбеню, людзей. Яны - і белая сарочка, і валасаты, і Герасім з сынамі ды жонкай - сядзелі за даўгім - вясельным - сталом, на якім стаялі ўсялякія закускі, пляшка.
Жанчына разгубілася. Ісці ў хату ўжо не мела сэнсу, падыходзіць да стала было неяк боязна, павярнуць назад таксама няёмка - яе згледзелі.
- Вы к каму, - азваўся той, што ў акулярах і белай сарочцы.
- Ды да мяне яна, - як заўсёды незадаволена прабурчэў Герасім. - Мо што спытаць хоча. Яны тут часцяком...
- Ну, калі ўжо прыйшлі, дык, калі ласка, просім да стала. - Ачкасты ішоў да яе, голас у яго быў упэўнена-задаволены, твар раздабрэлы, пэўна,ад добрай гарэлкі і яшчэ лепшай (ад стала несла тушанай індычкаю) ежы. - Дазвольце прадставіцца: замясціцель кіраўніка раённай уласці. Пасядзіце з намі, раскажыце, во, карэспандэнту, як вы тут жывяце, як маецеся, бо гаспадар гэтай хаты больш нас слухае, чым сам гаворыць. У цэнтральную газетку патрапіце, можна сказаць, у гісторыю. Прадставіцель са сталіцы хоча мацяр'ял пра неперспектыўную вёску напісаць. Ён думаў, што вы ўжо тут зусім ніякія, здзічэлі, а тут во якія малайцы жывуць. Га (як вас завуць?), ці ж не малайцы? Во дык захалусця, во дык жызня.
Баравы мёд
У гэты дзень Алёна чакала гасцей. Праўда, прыйсці яны павінны пасля абеду, і жанчына не спяшалася падымацца з цёплай пасцелі. У нядзелю заўсёды хочацца паляжаць лішнюю гадзіну, адчуваючы, як адпачывае ад будзённых клопатаў цела.
Вокны ў спальні зацягнуты блакітна-ружовымі шторамі, і пакой пытанае ў лёгкім паўзмроку. Алёна пацягнулася, выгнулася ў ложку і соладка пазяхнула. Падхапіла з тумбачкі, што прыляпілася збоку, кніжку, але тут жа адкінула яе, бо раптам закарцела глытнуць кавы. Маленькія ружовыя ножкі схаваліся ў мяккія тапачкі-шлёпкі і панеслі яе на кухню. Пасля - у ванную, дзе яна, пакуль грэўся чайнік, аблівалася летняю вадою.
Каву Алёна гатуе адмыслова, з пенаю. Спачатку робіць кашку з цукру, кавы і некалькіх кропляў вады, а пасля ўжо залівае ўсё гэта кіпнем. П'е, стоячы ля акна, прыкрыўшы галюткае і мокрае пасля душу цела махровым белавата-блакітным халацікам. Адсюль, з пятага паверха, ёй бачна ўсё, што робіцца ў двары. Але цікавага тут амаль ніколі нічога не адбываецца. Сядзяць на лаўцы перад самым пад'ездам бабулі, якія, здаецца, нават на ноч не пакідаюць гэтага месца. Дзіцячую пляцоўку ўжо запоўнілі малыя (калі яна са сваёй кватэры назірае за дзецьмі, у яе чамусьці заўсёды шчыміць у грудзях). Сусед, якога яна ведае толькі ў твар, корпаецца ў багажніку «Волгі», нібы кот у сметніку. І ўсё гэта выглядае сумна і няўтульна. Можа, віною таму восень, а можа, - і яна сама, яе адзінота, якая часам радуе, а часам і прыгнятае.