Пульхнаватыя вучны нячутна адсёрбваюць чорны дымны напітак. Алёна адварочваецца ад акна, каб не глядзець на абрыдлую восеньскую шэрань, і светлая кухня падбадзёрвае. Яна сама падбірала ўсё яе начыненне і, здаецца, зрабіла гэта нядрэнна. На светленькім з карычневым адценнем лінолеуме стаіць белая мэбля, а такія ж шафкі вісяць на сценах, абкладзеных зноў жа светла-карычневай пліткаю. Усё тут на сваім месцы. І ўсё чысценькае, бліскучае, як у аптэцы.
Алёна нядаўна вярнулася з-за мяжы, з Гішпаніі, дзе праходзіла практыку па медыцыне. З-за вучобы яна не паспела стварыць сям'ю, затое звіла сабе ўтульнае гняздзечка непадалёку ад цэнтра горада. Але цяпер, калі, здавалася, ва ўсім поўны дастатак, на душы было пуста, нечага не хапала. Гадзіннік паказаў палову адзінаццатай.
Апоўдні на стале ўжо ўзвышаліся крышталёвыя графіны з гарэлкаю і морсам, бутэлька ананасавага лікёру, які ажно свеціцца знутры, побач вельмі прыгожыя і бліскучыя бакалы. Цэнтральнае месца займала запечаная ў маянэзе, вельмі апетытная крамяная качка, унутры якой дымілася рассыпчатая грэчневая каша, мядовы водар ад якой разыходзіўся па ўсёй кватэры. Нават салаты ды розныя вінегрэты былі зроблены як сапраўдныя творы мастацтва: зверху іх упрыгожвалі лілеі з яечнага бялку, аранжавыя кветкі са скрылікаў варанай морквы, зялёныя гарошынкі, нават мухаморчыкі ўсё з тых жа яек і лупінак ад кансерваваных памідораў.
Каб не сядзець без справы ў чаканні, Алёна праверыла свой манікюр, колькі разоў шарганула па пазногцях малюсенькім напільнічкам, глянула ў люстэрка, праверыла макіяж на твары... Зрэшты, які макіяж - трошачкі падчарніла і без таго выразныя вейкі, падфарбавала і выразней акрэсліла вусны і на гэтым спынілася. Доўгія льняныя валасы, якія лёгка перасыпаюцца на галаве, не чапала. Вырашыла: так лепш.
Якраз, калі ўжо не знаходзіла, чым заняць сябе, запішчаў званок. Падхапілася з раскошнай канапы, зашчоўкала замкамі ўваходных дзвярэй.
...Перад ёю стаяў зусім неспадзяваны госць. Салдацкая выцвілая шапка з падвязанымі вушамі, новая чорная куфайка і зялёныя армейскія галіфэ, запраўленыя ў начышчаныя да бляску, але ўжо заляпаныя граззю хромавыя боты. Зморшчаны абветраны твар. У здаровых мясістых руках, хоць сам і маленькі, палатняныя сумкі. Глядзеў ён узрадавана і ніякавата.
- Тата? Ну...
Ледзь не сказала: «Ты не знайшоў лепшага часу, каб заявіцца сюды». Але добра - стрымалася. Як жа бацьку такое сказаць. Ехаў немавед адкуль. Даўно не бачыліся.
- ...Не стой, заходзь хутчэй.
Кожны бацькаў крок пакідаў за сабою цёмныя брудныя плямы. Алёна змірылася з гэтым: «Нічога, падатру».
- О-о-о, - на кухні стары ажно вылупіў вочы, зірнуўшы на стол. - Жывеш, гэта, як каралева ангельская. Любата. Мо жджэш каго? То я не забаўлюся. Пакладу, што прывёз, дый на цягнік хутчэй. Якраз праз паўтары гадзіны адбывае.
Алёна змоўчала. Трэба было прапанаваць адпачыць з дарогі, пераначаваць, але нешта заняло мову. Вось-вось павінны завітаць госці - асобы важнецкія, пры салідных пасадах... Што тады скажаш ім? І не пагаворым толкам.
На стале ўжо няма куды што паставіць, але паўлітровы слоік знайшоў сабе месца сярод экзатычных страў. Ён ніяк не пасаваў да іх, бо быў пакрыты пылам і выразна бачыліся адбіткі пальцаў, замест крышкі ж нацягнута цёмная цырата, перахопленая чорнаю гумкаю з веласіпеднай камеры.
- Гэта табе лякарства - баравы мёд. Ты ім вельмі не раскідвайся. Як часам горла забаліць, тады возьмеш колькі лыжак. Ты хоць і доктар, а лекі вашыя толькі сэрца псуюць, а гэта - і вылечыць, і сэрца на месца ўправіць. Баравы мёд - не роўня якому іншаму.
Бацька выцягнуў з-пад стала табурэтку, другую, паклаў на іх астатнія гасцінцы: ладны кус свежаніны, тонкага з праслойкаю сала (яна любіць такое), хатнія кілбасы, дамашняе масла.
- Памятаеш чорную вялізную карову? Гэта ад яе. Старая - а малака дае процьму, ды якога тлустага. От і не здаём усё. А цяпер і цялушка яе даганяе. Клопатна з імі.
Трохлітровы слоік малака бацька паставіў на падлогу - месца на табурэтках не хапіла.
Па светлым бліскучым лінолеуме расплылася чырвоная лужына, якая папаўнялася новымі кроплямі. Гэта растала мяса, закручанае ў газеціну.
Алёна пачала спрытненька пакаваць усё гэта ў халадзільнік, хоць той быў далёка не пусты.
- О-о-о, донька, гэта ж у цябе такія даўжэнныя пазногці-пазюры. - Бацька назіраў за яе рухамі з-пад цяжкіх прыплюшчаных павекаў. - Гэта вам трэба так на рабоце? А як жа ж ты з імі гатуеш ежу альбо мыеш бялізну?