Выбрать главу

Яна толькі ўсміхнулася на яго смешныя пытанні:

- Як ужо атрымліваецца.

- Ну, я бачу, усё ў цябе тут добра. Дык і сэрца маё будзе на месцы, на душы спакайней.

- А ў вас што там?..

- І мы паціху варушымся. Аднаго кабанчыка яшчэ да Каляд трымаем. Авечкі ёсць, дык зараз нітак напралі, мо якіх бабін пяць ці шэсць. Табе калі трэба - бяры. Трускалак тую плантацыю, што за хлявом, пераараў - пасохлі зусім, і ягадкі малюсенькія сталі. Пенсія ў нас дай Бог, а яшчэ за малако капейку даюць, ды кампенсацыю, ды грабавыя, ды за трускалкі летам крыху ўтаўклі. Во, і з нас хапае, шчэ й табе прывёз.

Бацька так і стаяў паўсагнуты над табурэткамі, трымаючы перад сабою сумкі. Не выпрамляючыся, палез у кішэню, дастаў хусцінку.

- Не, тата, грошы мне не трэба. У мяне іх таксама досыць. Купілі б сабе што.

- А што нам трэба? Хапае ж усяго.

- Ну, шапку добрую купіў бы ці паліто.

- Э-э-э, донька, каб людзі смяяліся. Не, я ўжо так датэпаю, - і стары паклаў на слоік з мёдам некалькі свежанькіх «зубрыкаў». - Бяры, бо пакрыўджуся.

Бацька замітусіўся, заспяшаўся да дзвярэй.

- Пара мне, Алёначка, лепш крыху пачакаць на вакзале, чым спазніцца. Прыязджай, калі будзе час, у нас добра, вольна. Спачнеш, сырадойчыкам адап'ешся.

Дзверы шчоўкнулі, і ў пакоі зноў запанавала адзінота. З табурэтак ужо ўсё было прыбрана, і толькі запэцканы слоік баравога мёду паміж крышталю ды фарфору выглядаў чужым, быццам жабрак сярод важных паноў. Алёна памкнулася прыбраць яго хутчэй на балкон, але рука на паўдарозе спынілася. На нейкае імгненне ў памяці ўсплыло яе далёкае дзяцінства. Вось бацька едзе на ровары ў лаўку, а яна, малюсенькая, сядзіць у кошыку на багажніку. Сядзіць і гарлае песенькі: «Мяне маці біла-біла, пасадзіла на масту. Мяне куры ісклявалі, патаму я не расту». Іншы раз Алёна толькі пасмяялася б з такога ўспаміну, з сябе - такой смешнай у дзяцінстве, але зараз яна раптам кінулася да акна. Ды толькі вочы ўжо заплылі вільгаццю, і нічога не было бачна. Тады ўхапіла паліто, зноў павесіла яго, накінула на адно плячо вятроўку і выскачыла за дзверы.

- Алёначка-мілёначка, а вось і мы, - перад ёю стаяла ўся запрошаная кампанія - гэткі гурт у раскошных футрах ды натуральнай скуры, з выпешчанымі тварамі, з гарой ярка размаляваных пакункаў, скрынак, пакетаў. І над усім гэтым - водар дарагой французскай парфумы.

Алёна нешта прастагнала ў адказ, кранула пальцамі лоб і задрабніла, зацокала ўніз па лесвіцы, быццам нікога і не заўважыла...

* * *

Вечар наваліўся на горад знянацку, і вулічныя ліхтары пачалі ўпарта змагацца з цемраю. Выхадныя сплывалі. Людзі весяліліся, стараючыся не думаць пра яшчэ адзін клопатны тыдзень. Прымасціўшыся на лаўцы ў зале адпачынку чыгуначнага вакзала, драмаў стары ў чысценькім галіфэ і хромавых ботах. А на пятым паверсе ў адной з гарадскіх кватэр звінеў вясёлы смех і п'яныя галасы прапаноўвалі доўгія мудрагелістыя тосты. На стале ж так і стаяў непрыбраны запылены слоік бацькавага мёду.

Янкаў сон

«Сход! Сход! Сход! Усе на сход! Дзынь-дзынь-дзынь», - заклікае званочак дзятву ў самы вялікі клас. І вось усе сабраліся і дырэктар пачаў:

- Сёння, шаноўныя вучні, вам трэба зрабіць важны выбар. Мы з году ў год выслухоўваем вашыя скаргі на тое, што ў праграме навучання шмат лішняга, незразумелага і непатрэбнага. Асабліва гэта датычыцца літаратуры. Таму сёння і правядзем галасаванне па гэтай дысцыпліне. Астатнія пакуль на парадак дня ставіць не будзем. Давайце вызначымся з вамі, якіх пісьменнікаў выкінуць з праграмы, якіх пакінуць, а якіх уключыць у яе».

Пакуль Янка кумекаў-меркаваў, каго ж можна выкінуць з праграмы, першым ускочыў з лаўкі несусветны двоечнік з бандыцкімі замашкамі Пятрок Шыпулька, які за сем гадоў вучобы ні разу не падняў на ўроку рукі.

- А што тут рашаць, - рубануў з-за вуха гэты завугольны аўтарытэт, якога Янка больш за ўсіх у класе баяўся за яго нахабства і помслівы характар. - Усіх, каторыя цяперака ў праграме, трэба вытурыць прэч на які глухі сметнік, а замест іх... Замест іх... Ну, як яго... Гэтага... Ну...

- Забыўся, - хіхікнуў нехта ззаду і прыкрыў галаву рукамі. Але не ўбярогся. Шыпулька таўшчэзнай хрэстаматыяй з усяго маху агрэў насмешніка па карку.

- Мо Чэйза? - шапнуў бяскрыўдны Петракоў сябрук Шурык.

- Якога Чэйза, прыдурак. Трэба гэтага, ну, Жоржа... Жоржа...

- Жорж Санд? - Дык то не ён, а яна. Жорж Санд - жанчына, - здагадалася прыгажуня з восьмага класа па імені Жанна.

- А ну вас, ідыёты! - незадаволена махнуў рукою Шыпулька і сеў.

- А чаму б і Чэйза не ўвесці? Чым нейкімі там Дастаеўскім альбо Гогалем мазгі задурваць, якія пішуць адно, а трэба падразумяваць нешта зусім іншае, дык лепей Чэйза. Там усё зразумела і цікава, - загулі адразу некалькі галасоў, а Янка сядзеў і маўчаў, бо ні Чэйза, ні Жорж Санд не чытаў, затое захопліваўся якраз Дастаеўскім ды Гогалем.