- Нічога, з зямлі пазбіраюць, - супакоіў яе тата.
Але галка, відаць, скеміла, што на лёгкую каробачку сесці ёй не ўдасца, і паляцела на дах. За акном зноў замітусіліся няўрымслівыя жоўтыя камячкі.
- Чакайце, я зараз, - бацька падняў угару ўказальны палец, маўляў, я таксама прыдумаў нешта.
Праз хвіліну ён вярнуўся з кавалачкам сала, які вісеў на доўгай нітцы.
- Сінічкі сала любяць.
Ён смешна забраўся на падаконнік і павесіў побач з кармушкай сала.
Сінічка як бач павесілася на яго, учапіўшыся з-пад нізу кіпцюрыкамі і ўпёршыся ў аконнае шкло раздвоеным пругкім хвосцікам. Яна з такім смакам дзяўбла сала, што матуля сказала:
- Так смачна есць, аж самой захацелася. Хадзем снедаць. Я пакармлю вас найсмачнейшымі ў свеце аладкамі.
- А рэшту птушкам аддамо, - прапанавала Каця.
Матуля прыцягнула да сябе дачушку, абняла:
- Сонейка ты наша.
Кацярына ўсміхнулася і сапраўды стала падобная на сонейка: круглатварая, светлавалосая і ўскудлачаная.
Тата абняў матулю. І атрымалася, што яны ўсе абняліся.
- Вы памірыліся? - Хітра зіркнула Каця знізу адным прыжмураным вочкам, нібы гэта была не маленькая дзяўчынка, а вялікая сініца.
- Памірыліся, - хорам адказалі тата і мама.
- Значыць, гэта не простыя сінічкі, а сінічкі-міратворцы, - заключыла дзяўчынка.
І яны ўсе разам засмяяліся і пайшлі есці найсмачнейшыя ў свеце аладкі.
Белы крэмень
Я жывы яшчэ. Я жывы.
Яму хацелася крычаць, галасіць па сабе, як па нябожчыку. Ён і крычаў, і галасіў, толькі што моўчкі.
...У руках спрытна мільгала сякерка. Удар - і сухое, счарнелае ад часу паленца расколвалася, яшчэ ўдар - і расколваліся палавінкі. Каля самай топкі металічнага дзіркаватага кормазапарніка, пераробленага ў самагонны апарат, расла, большала горка чорных і жоўтых, смалянейшых, шчэпак. Час ад часу дзверцы топкі прачыняліся, агонь як бач аблізваў і паглынаў падкінутыя дроўцы, а сякера ўсё цюкала ды цюкала.
Петрык сядзеў насупраць топкі на паштовай фанернай скрынцы і звыклымі рухамі распраўляўся з круглячкамі. Маленькі, а ў прыцемку і зусім нейкі дробны, ён дужа выдаваў на падлетка, адно што зусім не па-дзіцячы пыхкаў цыгаркай, якую трымаў куточкам тонкіх самкнутых вуснаў. Галаву нахіліў убок. Пэўна, каб дым не еў вачэй. З ноздраў сачыліся два квёлыя ядавітыя белыя струменьчыкі, расплываліся, гайдаліся празрыстымі хвалямі-воблачкамі, узнімаліся, ужо ледзь заўважныя, угару, пад столь, дзе разам з дымным вэлюмам гайдалася мноствам малюсенькіх гамачкоў чорнае павуцінне.
Вось ён дакалоў апошняе паленца, падкарміў агонь, туды ж, у топку, шпурнуў акурак, падняўся, пакруціў калаўрот над вечкам апарата, каб не прыгарэла брага, праверыў пальцам ваду ў карыце з утопленаю ў ёй пакручанаю спружынаю-трубачкаю, узяў вядро, пачаў літровым слоікам пераліваць у яго з карыта. Вынес цёплую ваду і прынёс халоднай. Тады зноў выйшаў з буданчыка, агледзеўся, зашпіліў прасторную целагрэйку, паправіў на галаве чорную вязаную шапачку-пеўніка. Знерухомеў на якое імгненне. Ціша і цямрэча. Ані агеньчыку ў чыім-небудзь акне, ані сабачага брэху. Ноч. Вёска спіць. Адно ў хмарным небе мігцяць некалькі цьмяных зорак. Халаднавата.
- Ат. Скажы ты...
І не заўважыў, як загаварыў сам з сабою ўголас.
- Ат. Ну, што ўжо тут... Як тут...
Думкі блыталіся, а словы блыталіся яшчэ больш. Нейкая ўсяленская трывога сядзела ў грудзіне. Цяжкая, незварушная, што камень. Сэрца ірвалася некуды, да нечага светлага і велічнага. Аднак, прыдушанае каменем, як ён сам гэтаю магільнаю цішшу і моракам, здаецца, не здужала хоць бы варухнуцца, не тое што ўзляцець. І толькі смылела, траціла энергію адно на змаганне з цяжарам, каб зусім не расплішчыцца на аладку.
Цяжар з'явіўся не адразу - спакваля. У старэйшых класах ён зрабіўся амаль невыносным. Гэта быў якраз той узрост, калі яшчэ не надта задумваешся пра жыццё, аднак ужо не-не дый спрабуеш унікнуць, што дзеецца навакол, і што такое варушыцца там, усярэдзіне, у глыбіні самога сябе.
З-за хмары тым часам выплыла нязвыкла вялікае белае вока поўні, і зрабілася відно, як у вечаровым горадзе. Высвецілася, акрэслілася прыгорбленая хата ў некалькіх кроках адсюль, бліснулі халадком шыбіны. Воддаль купкамі яблынь, груш, высокіх акацый і ніжэйшых ліп пазначыліся суседнія, па-хутаранску адасобленыя адна ад адной, сядзібы, нават можна было згледзець крыж на недалёкім скрыжаванні дарог з белаю плямінаю-ручніком на ім. Адна з гэтых дарог павілася ў вялікае сяло. Туды ён бегаў нядаўна ў школу, а цяпер, гэтыя некалькі дзён, што мінуліся пасля вяртання з горада, ездзіць на ровары ў краму па хлеб і цукар. Другая - у недалёкім лесе згубілася.