Выбрать главу

...І вось гэты камень у грудзях. Спачатку не заўважаў яго, не хацеў заўважаць, не разумеў, што гэта надоўга. Дый наваліўся ён неяк неўпрыкмет. Гэтаксама неўпрыкмет прыходзіла здагадка і пра матуліну хваробу, тую самую, якая адолела здаравяка-бацьку. Навучыўшыся адрозніваць п'янага чалавека ад цвярозага, ужо не здзіўляўся, чаму гэта яны, нібы звар'яцелыя, забіваюць адно аднаго да крыві, да пасінення. Забіваюць чым папала: штыкецінай, чыгунком, кулакамі... Яшчэ больш здзіўляла тое, што бацькі заставаліся жывыя. Раніцою як ні ў чым не бывала матка будзіла яго, карміла вялізным, на ўсю патэльню, таркаванцам, праводзіла ў школу. Як яна ні захіналася тоўстаю рудою хусткай-апінянкай, пацёкі, драпіны, сінякі на твары цяжка было не згледзець. Яны былі паўсюль: на ілбе, носе і пераноссі, шчоках, губах і барадзе. Бацька ў такі час альбо спаў у запеччы, альбо некуды знікаў, каб вярнуцца ці то позна ўвечары, ці - і такое здаралася часцей - праз некалькі дзён. Маці, як прыходзіў са школы, ужо чаплялася плячыма за вушакі, прасіла, каб сам выцягнуў дзе-што з печы, бо ёй «нешта нездаровіцца», завальвалася на покуць...

Ва ўсім гэтым ён жыў, і, трэба ж, не надта браў да галавы, у якой ганьбе меў няшчасце нарадзіцца і расці. Досыць было сваіх, дзіцячых, клопатаў. Яны паглыналі ўсяго, разам з думкамі. Нейкі час свет для яго сышоўся на буданчыку-шалашы, які збіў-сплёў з дошак ды галля высока на дубе, што красаваўся над бліжэйшым узлескам. Так высока, што не надта і прыкмеціш з зямлі. Затое ён адтуль бачыў усё, што дзеецца навокал. Як на далоні пад ім квітнела ўвесну, зелянела цэлае лета і ірдзелася ўвосень вось гэтая, родная і ненавісная, сядзіба, абы-як абнесеная крывулякамі-жэрдкамі. Адтуль, з вышыні, нават высокі плячысты бацька здаваўся дробненькім і зусім не страшным. Ён аж млеў ад асалоды ў сваім зацішным утульным жытле, мог сядзець там цалюткі дзень без аніякага занятку. Альбо чытаў прыгоды ці фантастыку. Украў быў у бацькі некалькі беламорын і ўпершыню паспрабаваў па-даросламу зацягнуцца. Закашляўся, цёк слязьмі. Ды не кінуў куродыміць, пыхкаў і пыхкаў. І тое было для яго важным заняткам, забірала ўсю ўвагу. Нават радаваўся, што нікому надта не патрэбен, хоць начуй тут, хоць лятуй. Мабыць жа, і начаваў бы, калі б пад вечар не адольвалі страх і голад.

І вось зляцеў Пятрок са свайго высознага гнязда-схованкі, расправіў крылы, скінуў, як самалёт бомбу, цяжкі камень, прызямліўся на брукаванку ў незнаёмым велічным горадзе, падхапіла яго людская рака, паплыў з усімі па прасторным праспекце, аслеплены мноствам яркіх палотнішчаў, размаляваных белым па чырвонаму, а чырвоным па беламу...

...Звягнулі дзверы.

- Заснуў ты тут, ці што?

Прахапіўся. Няўжо і праўда задрамаў? Сякерка ў адной руцэ, паленца ў другой. А карак як скамянеў: галавы не ўзняць. Спаў-такі. Сагнуўся крукам над дровамі - не разагнуцца.

- Заснуў, кажу, ці што? - Бацька паўтарыў гучней.

- Мае быць, заснуў. - У горле запяршыла, адказ атрымаўся прыглушаны. Цюкнуў па круглячку сякеркай, раскалоў яго, кінуў долу, адчыніў дзверцы топкі - там ужо дагаралі, то схопліваючыся квёлым агеньчыкам, то гаснучы, галавешкі - падкінуў шчэпак. Яны ўспыхнулі, што салома.

- Цурчыць?

- Мае быць... - У горле пяршыла, голас дрыжэў.

- От, заладзіў: мае быць, мае быць. Зараз паглядзім, што тут у нас, гэ-кхэ-гэ, нацубрылася.

Бацька быў у адной майцы і сподніках. Толькі на плечы накінуў стары аблезлы кажушок. Нейкі нязвыкла худы (а які быў крутаплечы ды крутагруды), старая майка звесілася анучай, агаліла высахлую грудзіну, згамталася складкамі на жываце. На некалі паўнаватым, самаўпэўненым твары чарнелі парослыя густою шчэццю шчокі. Трэба ж, толькі зараз прыкмеціў гэткую перамену ў бацькавым абліччы. Пэўна, таму, што тут яе, перамену, падкрэслівалі цемра, морак.

- От, бляха, у цябе ж ужо поўны слоік, на зямлю цячэ. Давай хуценька якую пасудзіну, бо... Самагоншчык хрэнаў. Ну!

Петрык ледзь разагнуў здранцвелыя ногі, падаў бацьку літровік, якім выбіраў нядаўна з карыта ваду. Танюткі струменьчык звонка забарабаніў аб шкляное гулкае дно.

Бацька крыху праспаўся, быў цвярозы, і таму хутка суцішыў злосць. Ён асцярожна, каб не разліць, перанёс паўнюткі трохлітровы слоік на загрувашчаны нейкаю старызнай дашчаны стол, адарваў ад газеты шматок, абмакнуў у гарэлку, чыркнуў запалкай. Блакітнае полымя палезла аж на пальцы. Выхаплены з цемры азызлы твар на хвілінку нібы расправіўся, пагладчэў, вочы задаволена бліснулі і патухлі, як толькі агеньчык згас.