- Спірт, а не гарэлка. Маладзец. Аднак жа і нагнаў бы ты, каб не я. Вой і бедны быў бы ў мяне... - Цяпер у бацькавым голасе злосці як і не было. Ён падставіў пад хабаток на земляную падлогу (добра, што земляная, не відно, колькі разлілося) большы слоік, літровік паднёс да керасінкі, ад якой, што праўда, святла было не болей, чым ад дзірак у топцы, ускалыхнуў яго: - А гэтую мы зараз паспытаем, ці часам не прыпаліў ты яе? - панюхаў: - не, кажысь, добрая.
Ён зняў з кручка на сцяне стограмоўку, дзьмухнуў у яе, наліў палову, падняў слоік, нешта прыкінуў сам сабе, даліў яшчэ крыху, моўчкі каўтануў, крэкнуў, і толькі тады выцягнуў з кішэні скарынку ды зморшчаны салёны гурок. Занюхаў. Паклаў на стол, на газетку.
- Бяры і ты глыні. Зарабіў. Ды глядзі, не спі болей. Ён апаражніў слоік: «Бач ты, як роўна падзяліў. Ну, бяры-бяры, смялей, а то нейкі ні рыба ні мяса. Не бойся, яна не пякучая - хлебная».
Сапраўды, гарэлка не апякла, а сагрэла. Адзін глыток, а па целе ўжо расплыліся лагода і цяпло.
- То, кажаш, пагналі цябе з інсцятута? - бацька зацягнуўся цыгаркай.
Памаўчалі.
- Даміцінгаваўся, маць тваю...
Петрыку не хацелася адказваць. Гэта ж з-за яго, алкаша беспрабуднага, з-за іх абодвух збег ён у горад, каб не вяртацца сюды да канца вучобы, а мо і болей, аж пакуль не ўладкуецца на добрую працу ды не разбагацее. Сорам, ганьба, камень у грудзях, іх камень, пагналі яго далей адсюль. Гэта ён, Петрык, павінен, калі ўжо на тое, дакараць бацькоў. Але ж маўчаў, цярпеў. І во дамаўчаўся.
- От жа, скажы ты, смаркач нейкі - а і той міцінгаваць лезе. Што ўжо ты там згубіў, дзяроўня дурная.
- Ды не міцінгаваў я, што ты прычапіўся.
- За што ж цябе, за тройкі ці мо за двойкі вытурылі, га? То чаго было лезці не ў сваё. Паступаў бы, вунь, у хабзарню, калі кацялок не варыць.
- Я ж казаў: выйшлі з хлопцамі паглядзець на мітынг. А там міліцыя. Як ужо ўсе разыходзіліся, пачалі хапаць тых мітынгоўшчыкаў. Я не ўцякаў. Я ж ні прычым быў. Але схапілі, пратакол склалі...
- Ні пры чым, ні пры чым. Не можа быць, каб проста так узялі дый заарыштавалі. Мо п'яны быў. Мяне цвярозага ні разу яшчэ і пальцам не зачапілі. П'янага, дык і лупцавалі, і на суткі саджалі. І правільна. Парадак ёсць парадак.
Петрык ужо шкадаваў, што загаварыў з бацькам. І не проста загаварыў, а нібы апраўдваўся. Хоць ён проста хацеў давесці праўду. Ды ўсё роўна нічога яму не дакажаш. Нашто было вяртацца сюды? Але ж куды яшчэ яму падацца, адзін жа адзінюткі ва ўсім белым свеце. Па праўдзе, у той дзень, якраз выхадны, ён-такі быў нападпітку. Выпілі з хлопцамі на чацвярых паўлітэрак «белай», пайшлі паназіраць, што робіцца на мітынгу. Пасля ён неўпрыкмет змяшаўся з натоўпам, згубіў сябрукоў. Мітынгоўшчыкі акурат разыходзіліся, цяжка было разабраць, дзе ён і куды можна сігануць. Недзе зусім блізка луналі над галовамі бела-чырвона-белыя палотнішчы. А пасля ў паперы, перададзенай у дэканат яго геаграфічнага факультэта, было пазначана: затрыманы ў нецвярозым стане, брыдкасловіў... Калі шчыра, дык і вучыўся ён слабавата, ніжэй сярэдзінкі, хоць і зубрыў да пацямнення ўваччу... Праз год, лічыў, узаб'ецца і на пяцёркі, развітаецца назаўжды з траякамі. І вось на табе, адлічылі...
- Дык, значыць, надумаў паступаць зноў?
- Надумаў, а што?
- Ты мне не штокай. Расштокаўся, бляха. Калі табе трэба ехаць?
- Хутка.
- Калі гэта хутка?
- Праз тыдзень. На падрыхтоўчае трэба спачатку. А мо аднаўлюся. Буду прасіцца.
- Во і прасіся, калі галавы няма. А пакуль паедзеш, будзеш чамергес ціснуць. У нас заказ. Людзі харошыя падкінулі прыработак. Яны заплацяць. Усе грошы - табе. Бяры і едзь к чорту, паступай. І не рабі больш так, як тады зрабіў. Нікому нічога не сказаў, збег, панімаеш, знік. Ты вось нас з маткаю цураешся, я ж бачу, а мы хоць і п'яніцы, ды разумнейшыя за цябе, жыць умеем. Без нас, бач, усё адно не абышоўся. Разумнік. Ну, давай яшчэ па ядзінай.
Ён дастаў аднекуль з-пад стала, з-за перакрыжаваных негабляваных ножак закаркаваную паперай недапітую пляшку - «Бачыш ты, стаіць, не знайшла старая», - наліў поўную стограмоўку, залпам выпіў, занюхаў рэштаю гурка, наліў яму, Петрыку...
- Вышэй нос, студэнт. - Бацька, бачна было, захмялеў. - Ды глядзі тут, як набяжыць гэтая, падстаўляй яшчэ адну і ўсё, больш не тапі, няхай паціху гасне. Ранкам старая разбярэцца.
Ён прыкурыў, і чырвоны агеньчык знік за дзвярыма.
Пасля другой чаркі Петрык ажывіўся, шпарчэй зацюкаў сякераю. Дакалоў апошняе паленца, паддаў жару, выцягнуў з топкі танчэйшую шчэпку, падкурыў ад яе, падумаў, што, можа, дарма ён гэтак часта дыміць, і піць, мабыць жа, не трэба было. І так мала піў. А пасля адлічэння з інстытута і зусім завязаў. Напэўна, таму і захмялеў гэтак хутка. А мо і добра, што сцебануў. Хоць развесяліўся. Можа, хоць не так будуць даймаць успаміны-перажыванні. Адпачывай, душа, гуляй. Да абеду адсыпацьмемся, а з абеду - за кнігі. І... вучыцца, вучыццца ды яшчэ раз вучыцца. Мы ўсім дакажам, хто такі Петрык. Зайздросціць будуць яшчэ. Скажуць, бачыш ты, Петрык у людзі выбіўся, дарам што бацькі алкашы, бач, які малайчына. І не трэба будзе ехаць дадому альбо з домы хаваючыся.