— Слухай, ідзі рыхтуй тэхніку да адступленьня, а я забяру гэтага танцора, — сказаў я Рудому. — Я сьвісну, калі падаць карэту.
Сытуацыя, відавочна, накалялася.
Руды, як можна асьцярожней, пачаў рэціравацца і зьнік за дзьвярыма.
Я стаў прасоўвацца ў цэнтар зала, дзе танцаваў Анатоль. Калі да яго заставалася мэтраў пяць, хтосьці з танцуючых моцна штурхнуў нашага штурмана. О-о-о, гэта быў забаронены прыём! На вачах у дзяўчыны абразіць! Анатоль кінуў танчыць. Далей ўсё вырашалі сэкунды. Я падскочыў да Толіка і выгукнуў яму на вуха:
— З Рудым праблемы!
— Дзе?
— На вуліцы.
Мы, расьпіхваючы ўсіх на сваім шляху, пачалі прабірацца да выхаду. Бакавым зрокам я заўважыў, што сьледам за намі выбіраліся чалавек шесьць-сем тутэйшых.
Выскачыўшы на ганак ДК, Толік спытаў:
— Дзе ён?
— Ля машыны.
Мы што моцы пабеглі ў бок пакінутага "жыгулёнка". Я моцна сьвіснуў. У гэты ж час пачуў, як завёўся рухавік і наш "жыгулёнак" задняю хадою пачаў набліжацца нам насустрач. Ззаду чуўся моцны голас, нехта крычаў, затым заракаталі дзьвіжкі матацыклаў. Мы ўскочылі ў машыну і з гучным віскатам шынаў рушылі наперад.
— І што было з Рудым? — задыханым голасам спытаў Толік.
— Засумаваў без цябе, — паспрабаваў пажартаваць я.
Але гэта было яшчэ ня ўсё. Рокат матацыклаў пачуўся недзе зьлева. Відавочна, абарыгены паехалі нейкай іншай дарогай напрасткі, каб пераняць нас на выезьдзе на шашу.
— У лепшым выпадку закідаюць камянямі, — паспрабаваў я спрагназаваць далейшыя падзеі.
— О, бляха, мяне бацька заб'е. — Руды ўжо праклінаў той час, калі сеў за абаранак аўтамабіля.
— Паварачвай направа! — скамандваў Анатоль. — І выключы фары.
Мы завярнулі на нейкую прасёлачную дарогу і панесьліся між хмызоў. Дарогу асьвятляў толькі месяц. Нас трэсла і падкідвала як на каўбойскім каніатракцыёне. Затым мы павярнулі яшчэ раз. Затым яшчэ.
Праз хвілін дзесяць, на поўнай хуткасьці, мы ўляцелі ў нейкую гразюку і "жыгуль" трывала сеў на бруха. Нашы з Анатолем спробы выштурхнуць машыну нічога не далі. "Жыгулёнак" толькі шалёна круціў заднімі коламі і раскідваў па ўсёй ваколіцы ліпучае месіва. Перапэцкаўшыся па вушы, мы зноў залезлі ў салён.
— Прыехалі, — пракамэнтаваў я падзеі.
— Ну, што рабіць? Спадзяюся, у гэтым балоце нас ніхто ня знойдзе. Давядзецца заначаваць, а раніцай адшукаем які трактар, — цьвяроза разважыў Анатоль.
— Ну усё, мне канцы, — жаласьліва выдыхнуў Руды.
Старонкі дзёньніка
* * *
Каб лепш разумець, на якім ты сьвеце, трэба час ад часу ўступаць у канфлікт з асобнымі важнымі прадстаўнікамі грамадзтва, і табе ўсё дакладна патлумачаць.
Нашаму грамадзтву не хапае звычайнай чалавечай спагады. Пра гэта шмат дзе чытаў, але толькі зараз зразумеў.
* * *
Прачытаў "Стэпавага ваўка" Германа Гесэ. Сапраўды, можна зачыніцца ад звычайнага жыцьця, а затым будзеш адкрываць яго наноў, як новасьвет на Марсе. Толькі ўжо ў тым узросьце, калі гэтыя адкрыцьці ня будуць мець аніякага значэньня.
* * *
Неяк, калі вучыўся ў сёмай клясе, разам з хлопцамі са свайго двара знайшлі падпрацоўку — езьдзілі да меліяратараў дзерці мох у лесе для нейкіх там іхніх міліярацыйных патрэбаў. Нас зьбіралася цэлая ватага, залазіла ў кодаб якога-небудзь газончыка, які ехаў у стары бор, дзе было шмат імху. Там яго дзерлі і грузілі ў той самы газончык. Затым прыяжджала яшчэ адна машына, затым яшчэ. Той лес пасьля нас выглядаў, як пасьля якога пабоішча паміж войскамі дзікоў і мядзьведзяў. Але не пра гэта... Езьдзіў з намі адзін хлопец. Быў менчуком, прыяжджаў да бабулі на лета. Такі ахайненькі, з моднай прычоскай, як у раньніх ролінгаў. Бачыў яго колькі дзён таму. Сьпіты, зь нейкім шэрым, азызлым тварам. Жахліва!
Насамрэч наша жыцьцё пераважна дзеецца ў нашым уяўленьні, нашых марах, нашых снах. Калі думка чалавека, як сьцьвярджаюць навукоўцы, рэч матэрыяльная, дык чым тады розьніцца рэальнасьць ад выдумленага?
* * *
Зорка, якая зіхаціць у дзённым небе, ляціць табе насустрач.
* * *
Сябры ордэна "Зялёнага Зьмія" любяць крамы, якія адчыняцца першымі і зачыняюцца апошнімі.
* * *
Пераможцам робіцца ня той, хто першым прыбег да фініша, або выйграў бой, а той, хто перамог дзеля нейкай агульнай справы і хто здолеў узяць адказнасьць за сваю перамогу.
* * *
Хадзіў з хлопцамі са двара на пікнік у лес. Па дарозе зайшлі на аэрадром мясцовага саўгаса. Паглядзець на АН-2, які часта бачым над сваімі галовамі, — гэтая сталёвая птушка лётае праз наш гарадзкі раён у бок возера Судабаль, дзе апрацоўвае палеткі. Самалёты ўсё ж цудоўныя машыны. Нават такі дзядок, як АН-2, глядзіцца файна! Нездарма амаль усе хлопцы ў дзяцінстве мараць быць лётчыкамі. Пакуль жыцьцё не пачынае ім падразаць крылы.