s.
"Замок" Косьця Бараноўскі сапраўды быў маім земляком. Мы вучыліся зь ім у адным тэхнікуме, толькі ён на курс раней, і, адпаведна, на год раней Косьця быў прызваны ў войска. Скончыў тую саму вучэбку, пасьля якой яго пакінулі ў роце за сяржанта-настаўніка — навучаць салаг. Ніякай асаблівай палёгкі ў службе ад гэтага я ня меў, але, трэба прызнаць, сяржанцкі склад нашай роты мяне маральна не даставаў. Нейкая адмысловая дыстанцыя трымалася. Усе ведалі, што я зямляк Косьці Бараноўскага, разам зь ім вучыўся, і гэтага было дастакова, каб кавалачак ад той павагі, якую за год службы зарабіў Косьця, дастаўся й мне.
Косьця быў вялікага росту, моцнага складу, і ад гэтага нават крыху мядзьведжаваты. Твар яго быў густа засыпаны ластаўчыньнем. Па-мойму, ён крыху гэтага саромеўся. Таму на людзях трымаўся заўжды тэатральна сур'ёзна, без усьмешкі на твары. Хаця на самой справе быў рахманым, вясёлым дзецюком. Над маладымі байцамі свайго ўзвода ня зьдзекваўся, але і не даваў спуску парушальнікам дысцыпліны. Быў справядлівым камандзірам. І ўзвод яго любіў і імкнуўся не падстаўляць свайго "замка".
Спачатку цяжка было паверыць, што ён, як і мы, такі ж самы салдат тэрміновай службы, што чакае дзембеля, што некаму піша лісты, што, магчыма, яго чакае на "гражданцы" дзяўчына, і ён сьніць яе ў салдацкіх снах.
Я нават не спрабаваў з Косьцем па-сяброўску зблізіцца, бо былі мы абсалютна рознымі. У тэхнікуме нашы кампаніі не перакрыжоўваліся: ну, бачыліся на перапынках паміж заняткамі, на нейкіх агульнатэхнікумаўскіх мерапрыемствах ды на дыскатэках. Ведалі адзін аднаго ў твар і па імені. Вось, бадай, і ўсё. Цяперашняе маё набліжэньне да яго выглядала б як "падмазваньне" да камандзіра. Ніколі такім не займаўся. Ды і не хацеў у вачах калектыву выглядаць нейкім ад'ютантам пры "замку". Усю агульную службу трымаліся мы зь ім на дыстанцыі, і нават калі па заканчэньні вучэбкі я зьехаў у іншую вайсковую частку — лістоў адно другому не пісалі, і пасля, на "гражданцы", таксама не сустракаліся.
Вось такія ў мяне былі адносіны з "замком-земляком". Хаця, канешне, дзякуй, што ён быў. І калі б мне надарылася чымсьці яму дапамагчы па жыцьці, дык не вагаўся б ні хвіліны. Зямляк заўжды дапаможа земляку.
Рота паходным маршам цялёпаецца з палігона. Горача, хаця ўжо сонца ня так паліць. Да таго ж, дарога ідзе па лесе, а тут прыемная засень і прахалода. Пагрукваюць кацялкі, прымацаваныя да салдацкай папругі. Чамусьці яны самыя зьвяглівыя. Вось сапёрскія рыдлёўкі, тыя маўчаць. Толькі паляпваюць па сьцёгнах, нібы падганяючы гаспадароў, маўляў, давай-давай, шырэй крок, пара ўжо ў роце быць і да вячэры рыхтавацца. Аўтаматы за плячыма, тыя ўвогуле толькі ў неба ўзіраюцца. Носяць іх на руках. А ўвечары перад адбоем будуць старанна чысьціць кожную дэтальку, кожную спружынку — лашчыць мягкай анучкай, змазваць алівай. А затым — у збройны пакой, на сваё месца, адпачыць, пабачыць сны, астыць ад страляніны.
— Ро-о-о-т-а, бягом марш! — дае каманду Косьця.
Рота марудна пачынае набіраць хуткасьць. Вось тут на нас забразгала ўсё, што толькі можа бразгаць. Як я ненавіджу гэтую каманду. Божухна! Калона хутка распадаецца і неўзабаве самыя моцныя і трывалыя саслужыўцы аказваюцца сьпераду, а слабыя і інтэлігенты — ззаду. Мы з Красьнічам недзе ў хвасьце. Побач бяжыць "замок" і як можа нам спагадае:
— Ну, ну, давайце, давайце, трымайцеся.
Якое тут трымайцеся, калі ногі падкашваюцца і не хапае паветра для дыханьня.
— Дай твой аўтамат, — зьвяртаецца да мяне Косьця.
Пашкадаваў. Хоча паказаць, што ён і з двума аўтаматамі абгоніць усю роту.
— Ня трэба! — нейкая злосьць закіпае ўсярэдзіне.
Прысьпешваю крок. Адчуваю: адкрылася другое дыханьне. Як быццам бы арганізм сам вынайшаў і прымяніў у жыцьцё рацпрапанову, і цяпер усмоктвае кісларод з паветра кожнай клетачкай скуры. Боты самі ўздымаюцца ўгору і ляцяць-ляцяць. Абыходжу саслужыўцаў аднаго за другім. Вунь і Гусак маячыць наперадзе. Даганяю яго. Засталося якіх крокаў дзесяць.
— Рота сто-о-о-ой! — ляціць над лесам каманда Косьці.
Усе спыняюцца. Заднія падцягваюцца да пярэдніх.
— Адпачыць дзесяць хвілінаў!
Частка Трэцяя
1.
У адпачынак зь Берасьця да Менску я ляцеў самалётам. Ня памятаю ўжо, адкуль узялася такая ідэя. Відаць, хацелася хутчэй дахаты. Папрасіў дзяжурнага па частцы выклікаць таксоўку і як сапраўдны намесьнік камандзіра ўзвода, рэальны ўжо старэйшы сяржант, паважаны падначаленымі (і за гэта ня вельмі шануемы камандаваньнем), сеў у пацёхканую "Волгу" з шашачкамі па бакох і годна прамовіў таксысту: — Аэрапорт.