Выбрать главу

На ўзьлётным полі чакаў маленькі "Як", у салёне якога панаваў поўны розрух. Нібыта гэты "Як" на штодзень займаўся нейкімі гаспадарчымі перавозкамі, але нечакана пілётаў папрасілі падкінуць некалі чалавек да Менску. У палёце трэсла, гуло і калаціла. Добра, што мой арганізм не паддаецца на такія рэчы. Пасля выпрабаваньня ўнутранымі авіялініямі, можна прымаць у касманаўты, — падумалася прыканцы палёту.

Аэрапорта "Менск-2" тады яшчэ не было, таму прыляцеў адразу ў Менск. Каб дабрацца да чыгуначнага вакзалу хапіла якіх 15 хвілін. Там сеў на электрычку і праз паўтары гадзіны ўжо пагрукаў у знаёмыя да сьлёз дзьверы.

Было неяк нязручна ісьці па родных вуліцах у вайсковай форме. Ведаю, некаторыя хлопцы падчас адпачынкаў нават фарсілі сваім убраньнем колеру хакі. Балазе, у нашым кутку горада ніякіх вайсковых патрулёў не бывае. Маўляў, вось які я герой, шануйце і частуйце, бо я сьцерагу чыстае неба над вашымі галовамі. Будзеце кепска мяне шанаваць, то і я буду выконваць свае абавязкі без энтузыязму. Каму ад гэтага будзе лепш? Прыкладна вось так выглядае іхняе бадзяньне па родных палестынах у вайсковым фрэнчы.

У бацькоўскай кватэры я перш-наперш скінуў хакі і апрануў цывільную вопратку.

Вось і дома. Пра гэта сьніў. Пра гэта ў кожным лісьце пісаў Дзімыч. А ўсё аказалася будзённа і проста. Жыцьцё бяз нас не спынілася. Новыя дзеці пайшлі ў нашую школу. Новыя "каралі" апанавалі танцы ў Доме культуры. Новыя дзяўчаты падрасьлі й кружаць галовы хлопцам на Брызгалаўцы.

І толькі кружэлкі ў маёй шафе засталіся тыя самыя. Яны ўпарта чакалі мяне. Яны ведалі, што яшчэ мне спатрэбяцца.

2.

Быў надзвычай пагодны дзень. Сонца сьвяціла мяккім і лагодным сьвятлом. Я ішоў невядомым шляхам — дарога кружляла паміж высокіх пагоркаў і, здавалася, адмыслова рабіла лішнія петлі, каб падарожнік мог як найдаўжэй палюбавацца цудоўным краявідам. Ісьці было прыемна. Сьпявалі птушкі. Найбольш стараўся жаўрук. Ягоны голас увесь час гучаў над пекным ляндшафтам.

Дарога нарэшце ўзьнялася на ўзгорак і зьнікла. Далей шляху не было, бо ўнізе шырокай паласою ляжаў вадаём. Шырыня яго была недзе мэтраў дзьвесьце. Я пазнаў у ім Брызгалаўку, але ніяк ня мог зразумець — зь якога боку я да яе выйшаў. Горш за ўсё я ведаў тэрыторыю з боку Судабоўкі, але наўрад ці я знаходзіўся ў тых мясцінах, бо, папершае, там няма ніякіх узгоркаў, па-другое, там вадаём больш вузкі і зарослы чаратамі ды аерам. Тут жа быў чысты водны прасьцяг, прычым з надзвычай празрыстай вадой, якая бывае ў Брызгалаўцы толькі ранняй вясною. На мелізьне былі бачныя чорныя сьпіны вялікіх рыбаў, якія ляніва кружлялі амаль на адным месцы, як у стаўку японскага імпэратара.

Я спусьціўся з пагорку на бераг вадаёма і зайшоў у ваду. Вада была цёплая і прыемна лашчыла ногі. Спрацаваў інстынкт рыбака і я паспрабаваў злавіць адну з рыбін. Удалося гэта вельмі проста, бо яны абсалютна мяне не палохаліся. Я выхапіў з вады першую, што трапіла мне пад руку. Гэта быў ці то карп, ці то лешч, але выгляд меў настолькі жалюгодны, што яго адразу адпусціў. Рыбіна была зусім худая, таму і падалося, што больш падобная да ляшча, да таго ж, у яе па бакох месцамі бракавала лускі, а плаўнікі падзертыя, нібыта яна пераадолела сур'ёзныя парогі, каб сюды даплысьці.

Мой родны горад быў ужо зусім іншы. За час маёй адсутнасьці ён выкрасьліў мяне са спісу тых, хто значыўся ў яго на забесьпячэньні. Практычна ўсе мае аднагодкі апранулі гімнасьцёркі. Не было нават з кім выпіць "Такайскага". Ясная справа, я наведаў усе знакавыя мясьціны майго былога жыцьця — танцы ў ДК, кінатэатр "Юнацтва" і рэстарацыю "Вясна". Паўсюль я сустрэў сум і запусьценьне. Мяне як быццам выдзерлі з каранямі са свайго куточка ў родным лесе і перасадзілі ў нейкі іншы. Здаецца, усё тое самае — верас, хвоі, бярозы, сыраежкі, мурашнік, мухаморы, лежні зайцоў і сьцежкі дзікоў — але ўсё іншае, чужое. І самае істотнае — Яна ўжо не працавала ў краме "Культтавары" ў аддзеле грампласьцінак. Магчыма, яна перайшла працаваць у нейкую іншую краму, магчыма, увогуле зьехала з гэтага Богам забытага горада.

На трэці дзень адпачынку я амаль не выходзіў з кватэры — слухаў кружэлкі, круціў VEF, гутарыў з бацькамі. Упершыню я сур'ёзна захваляваўся за сваю будучыню.