Зь цяжкімі думамі я сеў пісаць ліст Дзімычу.
Салам алейкум, Дзімыч!
Не паверыш, але я пішу табе ліст з родных пэнатаў. Так сьпяшаўся дахаты, што вырашыў ляцець самалётам. Дзімыч, калі ўжо ў нас будзе ўласны самалёт, які не раскоша, а сродак пераадольваньня вялікіх адлегласьцяў?
Хачу табе давесьці, што жыцьцё тут бяз нас спынілася. У "Вясьне" сядзяць нейкія барыгі, якім абы напіцца. Танцы апанавалі гопнікі, якія ходзяць выключна сваімі бандамі. Сам па сабе індывідуум зьнік як нетутэйшая форма жыцьця. І гэта ўсё за нейкі год. Дэградацыя чалавецтва паскорылася на вачах!
На танцах ужо ня грае гурт у жывую, а дыджэй круціць з магнітафонаў нейкую тупую музыку. Ты не паверыш! Але гэта так. Дзімыч, я ня ведаю, як вярнуць тутэйшае жыцьцё ў нармальную каляіну.
Мая гітара разладзілася і не паддаецца настройцы. Яна слухаецца толькі тваіх рук.
Вось такі атрымаўся жаласьлівы ліст. Нават зь Печаў нічога падобнага табе не пісаў. Прабач.
Але ня думаю, што ўсё так пэсымістычна. Ёсьць яшчэ жанчыны. Заўтра павінна прыехаць Ленка. З тэхнікуму яна сышла не давучыўшыся. Вярнулася да бацькоў. Зараз недзе працуе ў сваім родным пасёлку. Ня ведаю, ці памятаеш ты яе. Нічога сур'ёзнага ў мяне зь ёй не было. Але гэта, бадай, адзіны блізкі чалавек, які ў мяне застаўся на грамадзянцы. Баюся гэтай сустрэчы. Баюся расчаравацца і ў ёй.
Вось такія мае навіны з волі. Воля, брат, яна павінна быць у нас унутры.
Нічога, мы яшчэ здабудзем уласны самалёт і паляцім на Багамы. Так што качай, Дзімыч, торс. Бо сваімі хударлявымі грудзямі перапудзіш на Багамах прыстойную публіку.
Трымайся. Твой Санча з сяржанцкім салютам. Будзь здароў!
3.
Найбольш часта прыходзілі да мяне ў войска люты ад Ленкі. Яна пісала, праўда, з істотнымі праваламі. Часам зьнікала з далягляду на некалькі месяцаў. Але зноў вярталася і сваімі лістамі ўсё больш выклікала трывогу за яе лёс. Калі я зь ёй пазнаёміўся, то ніяк не ўяўляў, што ў гэтай дзяўчыне сядзіць усярэдзіне нейкі ўпарты чалавечак. Што яна здольная на асабісты бунт і прыняцьце рызыкоўных рашэньняў, якім ёсьць, напрыклад, сыход з тэхнікума. Наўрад ці насьмеліўся б я пакінуць тэхнікум, бо гэта выклікала б шмат праблемаў. Найперш трэба было вяртацца ў школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Бо мы паступалі ў тэхнікум пасьля восьмай клясы. Без сярэдняй адукацыі ўжо немагчыма было падавацца ў ВНУ. Усё гэта ў сваіх лістах я тлумачыў Лене, але яна ўпарта не хацела мяне слухаць. Пісала ў адказ, што прыняла рашэньне і ўжо ня будзе яго пераглядаць. Гэтай сваёй упартасьцю яна ўсё больш мне падабалася. Хаця і ўзьнікалі пэўныя насьцярожлівыя думкі, маўляў, дзяўчына пайшла ў гулі і якая там вучоба. Але думкі гэтыя я гнаў прэч.
Лена была ці не адзіным чалавекам у сьвеце, які ведаў шмат маіх таямніц і сакрэтаў. Яна ведала, што я пішу вершы. Ведала, чым люблю займацца, якія маю пляны на жыцьцё і многа чаго іншага. Я ёй давяраў. Хаця, магчыма, мне быў патрэбны чалавек для спавядальнасьці. На гэтую ролю лёс абраў гэтую няўрымсьлівую і няпростую дзяўчыну. Дзяўчыну, якая даўно магла адчаліць ад майго берага, але ўпарта яго трымалася.
Лісты Лены
Вітаю, мой дарагі салдацік!
Пішу на супрамаце. Бондараў нейкую фігню тлумачыць. 31 сакавіка здаем іспыт.
Я трохі "прыхварэла", сяджу мучаюся. Учора было весела, сёньня ня вельмі. Ня ведаю, што табе яшчэ напісаць. Усё па-старому. У нашым сіці нічога новага.
Пішы, калі ласка, часьцей.
Хацела яшчэ ў цябе спытаць. Калі, напрыклад, я кіну тэхнікум пасьля двух курсаў, ці буду мець сярэднюю адукацыю?
Да пабачэньня. Не забывай мяне.
Салют, мой дарагі салдацік!
Ты ўсім так рэдка пішаш? Але сёньня сьвята, дачакалася твайго ліста.
У мяне справы абы што, дакладней, жахлівыя. Матэматыка мяне даканае. Дакладней, матэматык.
Ды чорт зь імі, няхай адлічаюць. Хоць зьеду куды-небудзь з гэтай глухмені. Так што неўзабаве будзеш мне пісаць на новы адрас.
Уладзя (памятаеш, з твайго раёну), сволач такая, ажаніўся колькі месяцаў таму, а да мяне цягаецца. Я б на месцы яго жонкі даўно такога паўзуна адмяцеліла. Ня думай, у мяне зь ім нічога не было і ня будзе. Чыста сяброўскія адносіны.
Учора з-за яго не пайшла на заняткі. Прыйшоў а дзявятай раніцы (мне на другую пару трэба было) і не пусьціў у тэхнікум, і сам не пайшоў на працу. Напісаў мне тлумачальную, што я нібыта была хворая. А сёньня загадчык аддзяленьня сказаў, што трэба мэдычная даведка. Але я не хвалююся, усё адно мне тут не вучыцца.
Слухай, якія ва Ўладзі запісы!!! Перапісала сабе на маг два альбомы Pink Floyd — Animals i The Wall. Гэта проста цуд! The Wall дык зусім яшчэ сьвежы альбом.