Што ты, дарагі, пачаў цікавіцца маімі сяброўкамі? Пішаш, каб я табе напісала падрабязьней пра іх. Ну-ну! Адчувае маё сэрца, што ня ўсё так проста. Што ёсьць у цябе нейкая таямніца, але ты ўпарта пра яе маўчыш.
Напішы, калі прыедзеш у адпачынак. Фотаздымак свой я табе не дашлю, бо ўжо пісала, што гэта кепская прыкмета.
Ты так нічога і не адказаў пра вершы. Чакаю.
Пакуль. Пішы хутчэй. Лена.
Добры дзень, Алесь!
Сёньня прыехала да сястры і атрымала ад яе твой ліст. На гэты адрас больш не пішы. Карацей, я сама яшчэ ня ведаю, дзе буду заўтра. Учора езьдзіла ў Менск да старэйшай сястры. Яна кажа, каб я скончыла адзінаццатую клясу вечаровай школы і паступала ў наргас. Я ў разгубленасьці.
Рудога я ня бачыла, чула толькі, што ён зноў прыйшоў у адпачынак.
Не паверыш, але я працую. І ведаеш дзе? У сваім пасёлку на чыгуначным вакзале — мыю падлогу, прыбіраю перон, даглядаю кветнікі... Працую, карацей, галоўнай прыбіральшчыцай! А мне ўсё адно дзе, галоўнае — 75 рублёў заробку.
Пакуль. Цалую. Лена.
Добры дзень, дарагі салдацік!
Ты пішаш, што даўно ўжо сяржант, але для мяне ты ўсё адно салдацік. Пішу табе з дома. Не дачакалася твайго ліста. Справы ў мяне так сабе. Сумна. Сёньня пайду ў кіно "О, шчасліўчык" (ЗША), іду ўжо другі раз. Маці кажа, што здурнела.
У асноўным вольны час праводжу з кнігай. Маці недзе раздабыла Бакачыа "Дэкамэрон". Калі яе няма дома, я чытаю. Калі б яна даведалася, яна б мне пачытала! Бо кніга распусная. Насьмяесься, але многаму можна і навучыцца, хоць і адбываюцца падзеі ў 16 стагодзьдзі. Чалавек за гэты час практычна не зьмяніўся. У Шукшына таксама сьмешна, але тут зусім інакш. Маці кажа, што рана мне яшчэ такія кнігі чытаць.
Увогуле, маці ў мяне клясная. Вось толькі я яе зусім ня слухаюся. Увесь час агрызаюся. Сама разумею, што гэта жахліва, але нічога з сабой не магу зрабіць.
Як там у цябе справы? Пішы хутчэй, бо я памру ад суму. На танцы амаль не хаджу. Няма там чаго рабіць.
Пакуль. Пішы. Лена.
4.
З вакна быў бачны ленінградзкі цырк. Сьветлавая афіша паведамляла, што на арэне цырку штодня легендарны клоўн Карандаш. Для мяне Карандаш быў перадусім героем часопіса "Весёлые картинки". Я ўявіў, як гэты Карандаш, з алоўкам замест носа, выходзіць на арэну ленінградзкага цырку. На маім твары расплылася шырокая, дзіцячая ўсьмешка.
— Чаго лыбісься? — спытаў Руды, ложак якога стаяў побач.
Наша тэхнікумаўская група прыехала ў Ленінград на пару дзён экскурсійным аўтобусам. Пасялілі нас ў самым танным гатэлі. Хаця гэтая начлежка хутчэй нагадвала вайсковую казарму — вялікія пакоі былі шчыльна застаўленыя мэталічнымі ложкамі. Я заняў ложак ля вакна. Праз шыбу да нас у пакой зазіраў сапраўдны Ленінград — сьветлавая рэкляма вялікага горада, мітусьлівы натоўп людзей, бясконцая плынь аўтамабіляў, гукі матораў і кляксонаў і нават зоркі нейкія іншыя ў чыстым небе. Гэта зачароўвала.
— Ды так, згадалася адна гісторыя, — адказаў я Рудому.
— А ведаеш, я хацеў бы жыць у Ленінградзе, — сябрука таксама ўразіла ленінградзкая рэчаіснасьць.
— І што тут добрага? — мне закарцела пачуць разважаньні Рудога.
— А ўсё добра! Прыгожы горад, шмат магчымасьцяў, не забывай, што тут ёсьць порт, а гэта значыць, марыманы з таварам — джынсы, жуйкі, пласьцінкі. Гэта праз такія вароты ў іншасьвет твае пласьцінкі трапляюць да нас у Саюз, а затым перакупшчыкі іх скупаюць і заганяюць такім, як ты. З добрым наварам. Але асноўныя грошы асядаюць тут.
— А як жа любімая сядзіба дзеда на беразе Бярэзіны? Грыбы ўвосень...
Завершыць сваю думку я не пасьпеў, бо ў пакой заляцеў Толік. Правае вока яго істотна адрозьнівалася ад левага. Яно пачынала паціху заплываць.
— Хлопцы, мяне абрабавалі на вуліцы, — гучна выгукнуў аматар прыгод.
— Хто абрабаваў? — ускочыўшы з ложку, спытаў Руды.
— Ды нейкія ханыгі падышлі, папрасілі закурыць, зацягнулі ў падваротню і абрабавалі.
Чалавек дзесяць паўскоквалі з ложкаў і пачалі апранацца.
— Хутчэй, хлопцы, — прысьпешваў іх Толік.
Гэта было ў стылі Толіка. Як і калі ён пакінуў пакой і пайшоў швэндацца па вечаровым Ленінградзе, я не заўважыў. Але абсалютна гэтаму не здзівіўся. Дзеля падобных прыгодаў ён выкарыстоўваў любыя магчымасьці, ніколі не стамляўся, мог ахвяраваць сном і нават не адной ноччу.
Пачаў апранацца і я, бо пакінуць сябра ў бядзе — апошняя справа.
Наш мабільны атрад "Помста" апэратыўна скаціўся па прыступках на вуліцу.
— Шмат было грошай? — спытаў Руды.
— Дваццаць пяць рублёў — усё што меў, — адказаў пацярпелы.