— Колькі іх было?
— Былі ўтрох, прынамсі, трох я бачыў.
Мы ўсе пабеглі ў той бок, дзе адбылося здарэньне. Мінуўшы пару кварталаў, Толік паказаў на нейкую падваротню — тут. Мяне і Чука пакінулі на вуліцы на выпадак, калі злачынцы выскачаць з падваротні, а астатнія рынуліся прачэсваць тэрыторыю. З Чукам я адчуваў сябе больш-менш упэўнена. Гэты аматар штангі і вольнай барацьбы мог, калі што, даць ворагу дзейснага высьпятку. Ужо было праверана.
— Гэты Толік увесь час некуды ўліпне, трэба было яго прывязаць да ложка, — ці то жартуючы, ці то на поўным сур'ёзе сказаў Чук.
— Гвалт — гэта не гуманна, — я пачаў абараняць пацярпелага. — Затое ён мае вясёлае жыцьцё.
— Вясёлае, канешне: застаўся бяз грошай і зараз будзе нас даіць, — Чук пачынаў дундзець у сваім стылі.
З боку падваротні пачуліся нейкія крокі. Маё сэрца забілася з падвоенай амплітудай.
Зь цемры выйшла дзяўчына. Яна была адна. Восеньская слота толькі ўпрыгожвала яе. Надавала незнаёмцы нейкай кіношнай рамантычнасьці. Дзяўчына была апранута ў стыльнае паліто. Шыю какетліва ахопліваў стракаты шалік. Калі сказаць, што яна была прыгожай — значыць, нічога не сказаць.
Дзяўчына падышла да мяне і такім незямным голасам німфы прамовіла:
— Малады чалавек, а вы не маглі б мне дапамагчы?
Прамовіла, нібыта на вакзале папрасіла паднесьці ёмкую валізу.
Я разгубіўся. А ў Чука акругліліся вочы.
— За вамі, лэдзі, гоніцца банда рабаўнікоў? — я паспрабаваў узяць сябе ў рукі.
— Ды не, — яна гучна засьмяялася, як жанчына з "Брыльянтавай рукі", якая паабяцала Нікуліну паказаць халат з патрэбнымі гузікамі.
— А вы ўжо напужаліся! — яна перастала сьмяяцца.
— Нічога я не напужаўся. Ведаеце, я жыву ў такім раёне, што нічога не баюся. — я спрабаваў неяк выйсьці сухім з гэтай сытуацыі.
— На "Электрасіле".
— Не, яшчэ горш. Але вам, лэдзі, лепш пра гэта ня ведаць.
— Бачу, што вы сьмелы і годны рыцар. Дык дапаможаце мне? — дзяўчына зрабіла крок мне насустрач і стаяла ўжо на адлегласьці выцягнутай рукі.
— А што трэба зрабіць?
— О, зусім дробязь. Перадаць майму прыяцелю вось гэты пакуначак. — Яна дастала з кішэні невялічкую скрыначку, перавязаную шнурком, скрыначка была падобная да футарала ад ручнога гадзіньніка. — Ведаеце, сама зрабіць гэта я не магу. Ёсьць на тое прычыны. Зразумейце мяне.
Наступіла хвіліна маўчаньня. Мой мозг, з хуткасьцю ЭВМ, пачаў пралічваць магчымыя варыянты наступстваў гэтай перадачы.
— Добра. Няма праблем. Такой дзяўчыне нельга адмовіць, — сказаў я нейкім не сваім голасам.
— Вы не хвалюйцеся, тут няма ніякага падвоху, — дзяўчына пачала супакойваць, адчуўшы мае ваганьні. — Трэба проста знаёмаму вярнуць адну рэч.
Увесь гэты час Чук не прамовіў ані слова. Вочы яго па-ранейшаму не гублялі набытай акругленасьці. Зразумеўшы, што я зараз сыду з гэтай таямнічай незнаёмкай, ён усхліпнуў:
— Джагер, нам сказалі тут быць.
— Удзевецярох, я думаю, вы дадзіце рады. А адмаўляць дзяўчыне ў такой простай справе — гэта нізка.
Я тэатральна нахіліў галаву перад дзяўчынай і прамовіў:
— Я да вашых паслугаў, лэдзі.
— О, сэр, вы ня ведаеце, як я вам удзячна! — яна па-каралеўску пасьміхнулася і дадала: — Тут недалёка.
Я зрабіў салют рукой Чуку і пайшоў усьлед за дзяўчынай. Сэрца маё па-здрадніцку калацілася. Але я супакойваў яго як мог: нічога ня можа здарыцца, нічога ня можа здарыцца...
— А ты забаўны, — сказала незнаёмка. — Ніколі раней у гэтым раёне цябе ня бачыла.
Дзяўчына лёгка перайшла на ты.
Я ніяк ня мог успрыняць яе рэальным аб'ектам. Яна мне здавалася калі не прывідам, дык, прынамсі, галяграмным малюнкам.
— Першыя ўражаньні бываюць падманлівымі, — я вырашыў больш не фантазіраваць пра сваё месца жыхарства, бо абавязкова пракалоўся б.
Мы кудысьці ішлі й ішлі. Я спрабаваў, як следапыт, запамінаць шлях. Вяртацца, як я разумеў, трэба будзе аднаму.
— А што вы там рабілі, на Фантанцы? — спытала дзяўчына.
Відавочна, яе зацікавіла, што маглі рабіць дзесяць хлопцаў позна ўвечары ў нейкай падваротні.
— У майго прыяцеля котка зьбегла, такая прыгожая, пярэстая, мы яе й шукалі зь сябрамі.
Дзяўчына зноў залілася гучным сьмехам.
Яна ўсё больш мне падабалася.
Скончыўшы сьмяяцца, яна гарэзьліва паглядзела на мяне і сказала:
— У цябе нейкі дзіўны акцэнт.
Гэтага пытаньня я чакаў.
— Мы зь сям'ёй прыехалі ў Піцер тры гады таму, сам я зь Беларусі, — не міргнуўшы вокам, схлусіў я.
— Вось мы і прыйшлі. Зараз пяройдзем вуліцу і там наш дом, — яна паказала рукой на вялізны шэры гмах.