"Звычайны ленінградзкі жылы дом", — сказаў я ў думках, супакойваючы сваё сэрца.
Мы перайшлі на другі бок вуліцы і зайшлі ў двор гмаху. Крокаў за пятнаццаць да дзьвярэй дзяўчына нечакана спынілася, так што я наляцеў на яе. Мой нос крануўся яе валасоў і пачуў іх прыемны пах.
— Прабач, — прамовіў я.
— Рыцар, да таго ж галянтны, — досыць дзёрзка адказала яна на маё прабачэньне. Адчувалася, што яна таксама пачала хвалявацца.
Гэтыя словы выклікалі ў мяне ўспышку гневу. Захацелася разьвярнуцца і сысьці. Але я здолеў апанаваць свае нэрвы.
Дзяўчына дастала з кішэні паліто свой пакуначак і працягнула яго мне.
— Узьнімесься на другі паверх. Кватэра нумар сем. Спытай Ігара і перадай яму гэта. Калі Ігара ня будзе, спытай Веру Васілеўну. І папрасі яе перадаць гэта Ігару асабіста ў рукі. Зразумеў?
— Зразумеў.
Я падышоў да дзьвярэй і азіруўся. Яна засталася стаяць на ранейшым месцы.
Адчыніў дзверы і зайшоў у пад'езд. Пахла вільгацьцю і нечым яшчэ, нейкай камуналкай. Лесьвічная клетка была шырокай і досыць стромкай. Я пачаў уздымацца на другі паверх. Кватэру нумар сем знайшоў без асаблівых праблем. Націснуў на званок. Гук быў хрыплы: ад вільгаці нават электрычныя званкі маюць праблему з голасам. Больш чым хвіліну ніхто не адгукаўся. Затым нешта бразнула і ў пройме дзьвярэй я убачыў мужыка гадоў трыццаці. Ён быў у старым трыко і майцы. Доўгія валасы ўпарадкаваныя ў касічку. На біцэпсах левай рукі заўважыў наколку — быка, паміж рагамі якога прабіваў электрычны разрад.
"Вось яно і пачалося", — сказаў я сабе ў думках. А ўголас, стараўся прамовіць упэўнена і выразна, прывітаўся: — Добры вечар! Мне патрэбны Ігар!
— Яго няма і сёньня ня будзе, — сказаў гэты бык з электрычнымі рагамі.
— А можа ёсьць Вера Васілеўна? — гэтыя мае словы падаліся поўнай лухтой. — Якая Вера Васілеўна, у гэты позьні час, для нейкага пацана!
Бык разьвярнуўся і рыкнуў у кватэру:
— Васілеўна, да вас малады чалавек.
Недзе з хвіліну я стаяў на лесьвічнай пляцоўцы адзін.
Затым выйшла клясычнага выгляду інтэлігентная бабулька. Уся сівая, у акулярах, у самаробнай вязанцы.
— Добры вечар!
— Добры вечар!
Я дастаў футурал з кішэні курткі і працягнуў яго бабульцы.
— Калі ласка, гэта перадайце Ігару. Толькі папрашу асабіста яму ў рукі. Ён ведае.
— Добра, перадам асабіста ў рукі, — сказала ба-булька, як быццам такія перадачы для Ігара насілі ёй ці не штодня.
— Дзякуй! Усяго добрага!
— Усяго добрага!
Дзьверы зачыніліся. Я зноў застаўся на лесьвічнай пляцоўцы адзін.
"І што гэта было?" — сказаў я сам сабе ў думках.
Разьвярнуўся і пачаў спускацца да выхаду. Я быў упэўнены, што дзяўчыну ў двары не засьпею. Але яна, на маё зьдзіўленне, стаяла на ранейшым месцы.
— Ну што, перадаў?
— Ігара не было, аддаў Веры Васільеўне.
— Дзякуй. Ты мяне выручыў.
— Няма за што. Пусьцяковая справа. А што было ў той скрынцы? — мая цікаўнасьць толькі зараз, калі псыхалягічная напруга спала, праявіла сябе.
— Сакрэт.
Дзяўчына неяк вінавата паглядзела на мяне, маўляў, прабач, сказаць не магу.
Мы пайшлі ў бок вуліцы. Пару хвілін маўчалі. Разьвітваючыся, таямнічая незнаёмка, вочы ў вочы, ужо зусім іншым голасам, прамовіла:
— А ты сьмелы хлопец! Патэлефануй мне, калі будзе вольны час.
Яна працягнула мне кавалачак аркуша ў клетачку, на якім роўным каліграфічным почыркам былі напісаныя лічбы.
— Ты зараз куды?
— Да сяброў, шукаць котку.
Дзяўчына зноў залілася сьмехам. На гэты раз нейкім шчырым і па-дзіцячы задзірыстым.
— Ну, тады посьпехаў.
І працягнула мне руку. Я паціснуў дзявочую далоньку.
— Да сустрэчы! Мне на мэтро.
— Да сустрэчы!
Дзяўчына разьвярнулася і пашыбавала ў супрацьлеглы бок. Крокаў празь дзесяць спынілася, павярнулая і выгукнула:
— Абавязкова патэлефануй!
— А як цябе завуць?
— Патэлефануеш і даведаесься.
Я пайшоў у бок Фантанкі. Супярэчлівыя пачуцьці апанавалі мяне. Я ведаў, што ніколі ёй не патэлефаную. І гэта мяне ўганяла ў нейкі ступарны сум. Нібыта я губляў шанец, які выпадае толькі раз у жыцьці.
У гатэлі я засьпеў наш мабільны атрад "Помста" ў поўным зборы. Нікога яны ў той падваротні не знайшлі. Усе сядзелі і чакалі мяне.
— О, наш Рамэа нарэшце зьявіўся, — сустрэў мяне вокліч Толіка.
Чук, канешне, усё ўсім жывапісаў.
— І як там было? — Толіку было крыўдна, што гэтая гісторыя яго абмінула.
— Была невялікая перастрэлка, але я выйшаў пераможцам. Піцерцы слабакі.
Я плюхнуўся ў адзеньні на ложак і ўтаропіўся ў столь.