8.
Красьніч пасьля сяржанскай вучэбкі ў Пячах таксама, як і я, атрымаў накіраваньне ў Берасьце. Ён служыў у суседняй роце аховы. Я часта бачыў, як ён разводзіў каравулы, калі быў у нарадзе. У іхняй роце была строгая дысцыпліна, бо штодня іх жаўнеры мелі справу з наладаванай баявымі набоямі зброяй. Таму я за Красьніча больш не хваляваўся. Час ад часу мы зь ім сустракаліся ў салдацкай чайной. Ніякіх агульных тэмаў для гутарак зь ім я ня меў. Гэта былі хутчэй размовы дзеля ветлівасьці.
Руды напрыканцы службы зусім зьнік з далягляду, але да мяне пэрыядычна даходзілі пра яго навіны ад іншых людзей. Ужо амаль пад самы канец службы ён трапіў у шпіталь, дзе яму зрабілі сур'ёзную апэрацыю — выразалі частку страўніка. Мяне гэтая навіна надзвычай усхвалявала й я закідаў Рудага лістамі. Нарэшце, ён адказаў. Пісаў, што цяпер усё нармальна, няма чаго хвалявацца. Ніякіх наступстваў няма, хіба толькі цяпер трэба быць асьцярожным з алкаголем ды трымацца дыеты.
Толік пасьля вучэбкі ў Туле апынуўся ажно ў Ка-захстане, у Сяміпалацінску. Пісаў, што служыць у сакрэтнай вайсковай частцы, але добра ўладкаваўся, бо спачатку вазіў на УАЗ-469 камбата, а затым перасеў на ГАЗ-24 і стаў асабістым кіроўцам генэрала. Генэрал ставіцца да яго як да сына, таму зь ім усё акей. Прачытаўшы пра гэта, мне згадалася, як мы езьдзілі на танцы ў Плісу. Выцягнуць машыну з балота атрымалася толькі двума трактарамі. Рудаму потым добра ўляцела ад бацькі, які ўвогуле быў суворым чалавекам. Ніякіх жартаў не разумеў і падобнага свавольства дараваць ня мог. Сытуацыя ўскладнілася тым, што падчас усіх гэтых прыгодаў у "жыгулёнка" аказаліся пашкоджанымі адны дзьверцы — засталася на іх добрая ўмяціна. Руды паабяцаў бацьку, што сам гэтую праблему вырашыць. І сапраўды, неўзабаве знайшоў нейкіх майстроў, якія выратавалі Рудаму жыцьцё.
Чука ўзялі ў войска на два гады пазьней за нас усіх. У сваім першым армейскім лісьце ён прасіў мяне знайсьці ў газэтах фотаздымкі футбольнага клюба "Дынама" (Менск) і публікацыі пра тое, як клюб стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза. "Мяне забралі ў войска 17 чысла і я так толкам ня ведаю, як "Дынама" (Менск) стала чэмпіёнам", — пісаў ён у сваім лісьце з поўначы Расеі, з Выбаргскага раёну. Затым у некалькіх лістах ён дапытваўся, дык што ўрэшце здарылася са мной у Ленінградзе. Маўляў, ён, пасьля таго, як я сышоў з падазронай дзяўчынай невядома куды і навошта, моцна хваляваўся. Аднак ня мог пакінуць баявога пасту і пайсьці ўслед за намі, каб у выпадку чаго падстрахаваць мяне. Мне захацелася спачатку насачыняць яму з тры вазы. Але затым вырашыў адказаць ляканічна, што нічога асаблівага там не адбылося — перадаў каму трэба перадачку і ўсё. Астатняе — гэта мае асабістыя пачуцьці і перажываньні. Яны застануцца са мной.
9.
Мы зайшлі ў ліфт. Лена націснула кнопку пятага паверху. Ліфт неяк рыўкамі пайшоў уверх. На пятым паверсе мы выйшлі. Лена адчыніла ключом дзьверы. У кватэры сапраўды было ціха. Падумалася: вось жа хітруля, адмыслова не прыехала адразу ў першы дзень майго адпачынку. Чакала, калі вызваліцца кватэра сястры.
— Праходзь на кухню, зараз зраблю табе гарбаты. А я пакуль пераапрануся.
Лена зьнікла ў адным з пакояў.
Я прысеў на кухонны зэдлік. Узяў некую газэту, што ляжала на стале, пачаў гартаць.
— Бачу, час не марнуеш. І што пішуць газэты? — спытала Лена, уваходзячы ў кухню празь якіх пяць хвілін.
— Пра тое, што ты вельмі хітрая дзяўчына. Усё разлічыла.
— У сэньсе.
— Чакала, калі вызваліцца кватэра сястры, каб прыехаць да мяне і запрасіць у госьці.
— І што ў гэтым кепскага?
— Магла б і ў першы дзень прыехаць. Пісала ў лістах, што страшна сумуеш безь мяне. А сама тры дні не аб'яўлялася.
— О, сэр! Мы з табой яшчэ не заручоныя, каб я рабіла табе такія справаздачы.
На Ленцы быў лёгкі сіні халацік, які шчыльна аблягаў яе прывабную дзявочую постаць.
— Лепш мой новы халацік зацані. І не бурчы. Усё рабіла дзеля цябе. Вось і пляшачку "Такайскага" здабыла. Думаеш, лёгка яе было знайсьці ў нашым грамадзтве роўнасьці і братэрства?
Яна ўзьнялася на дыбкі і дастала пляшку "Такайскага" з самага верхняга аддзелу кухоннай секцыі.
— Спадзяюся, не развучыўся адкаркоўваць, — яна працягнула мне пляшку.
Я ўзяў у руку такую знаёмую для сьлёз, пузаценькую бутэльку, адкаркаваў і наліў у вялікія высокія шклянкі. Зусім крыху. Як любіў заўсёды.
— Ленка, ты проста залатая дзяўчына. Прабач за маё бурчэньне. За цябе!
Я пацалаваў Ленку ў шчаку і нясьпешна выпіў свае кроплі "Такайскага". Лена пасьледавала майму прыкладу.