Мы сядзелі насупраць адзін аднаго, пілі "Такайскае", пра штосьці гаманілі і гаманілі. Згадвалі акалічнасьці сваёй першай сустрэчы. Абменьваліся навінамі пра агульных знаёмых. Ленка расказвала падрабязнасьці свайго сыходу з тэхнікума. Было так цёпла і ўтульна. Ленка ўсё ж залатая дзяўчына.
Затым мы перайшлі ў пакой, дзе яна жыла, калі вучылася ў тэхнікуме. На пісьмовым стале стаяў просьценькі прайгравальнік "Сірыюс".
— Выберы там што-небудзь і ўключы прайгравальнік. Нічога там цікавага няма, але нешта можна і паслухаць, — сказала Ленка. — А я пакуль пасьцялю канапу. Бо на апошні аўтобус ты ўжо даўно спазьніўся, то застанесься ў мяне.
Я пачаў перабіраць пласьцінкі. Яны стаялі на паліцы побач з кнігамі. Там былі пераважна савецкія, але знайшоў балгарскія, балкантонаўскія і гэдээраўскія. Я выбраў балкантонаўскую кружэлку Кліфа Рычарда. Паставіў на прайгравальнік. Павярнуўся. Ленка ўжо распранулася і ляжала пад коўдрай.
— Ну што, салдацік, адбой.
Я падышоў да ложка. Сеў на край.
— Ты што, Алесь? — Ленка прыўзьнялася на локці.
Я пагладзіў яе па галаве. Як маленькую прыгожую котачку.
— Навошта гэта? Ты залатая дзяўчына, але навошта гэта? Ведаю, робіш гэта дзеля мяне. Але я не магу гэтым скарыстацца. Разумееш? Не магу.
Яна маўчала. Некалькі хвілін мы маўчалі.
— Я лепш пайду.
— Алесь, куды ты пойдзеш? Там ноч. Я магу табе пасьцяліць у іншым пакоі.
Ленка адчувала сябе вінаватай. Уся яе няшчырая ўпэўненасьць зьнікла ў адначасьсе. Яна ўзьнялася з ложку, накінула на плечы халат. Я заставаўся сядзець. Яна абняла маю галаву.
— Алесь, не хачу думаць, што будзе заўтра. Не хачу. Ёсьць сёньня. Ёсьць ты. Ня ведаю, ці кахаю цябе, але ты мне дарагі. І таму хачу быць побач з табой.
— Затое я ведаю, што я не кахаю цябе. Прабач.
Нейкі даўкі камяк падкаціўся да майго горла.
Што яшчэ сказаць ёй, я ня ведаў.
— Маё сэрца адчувала, што ты ў некага закаханы. Даўно. І я так разумею, без узаемнасьці. Але гэта твае прыдумкі. Ня можа быць каханьня без узаемнасьці, бяз блізкасьці. Інакш гэта ўсё толькі трызьненьні і фантазіі. Проста міраж! Павер мне.
— Але ты разумееш: гэта, што можа быць паміж намі, усё будзе толькі падман. Які народзіць непраўдзівыя трызьненьні і фантазіі. Навошта нам хлусіць адзін аднаму.
Ленка нейкі час асэнсоўвала мае словы.
— Так, сапраўды, ты маеш рацыю, — неяк нэрвова сказала яна. — Тут, у гэтым ложку, пакуль не было цябе, былі іншыя хлопцы. І гэта сапраўды атрымліваецца вялікая хлусьня. Ідзі... Лепш ідзі.
Я зьняў яе рукі са сваёй галавы і ўстаў.
— Калі ты хацела мяне гэтымі словамі пакрыўдзіць, то я не пакрыўдзіўся. Ніякіх абавязкаў ты мне не давала. Спадзяюся, што мы застанемся сябрамі. Сапраўды, мне лепш сысьці. Дзякуй за "Такайскае".
Я пацалаваў яе ў прыгожы дзявочы лоб. З воч Ленкі пакаціліся сьлёзы. Вось-вось яна магла разрыдацца. Ніяк не хацелася быць гэтаму сьведкам. Я ўскочыў у свае красоўкі і праз імгненьне быў на лесьвічнай пляцоўцы.
Амаль дзьве гадзіны я дабіраўся пешкі ў свой раён. Увесь час у галаве на поўнай гучнасьці круцілася песьня Кліфа Рычарда Devil Woman. Яна глушыла ўсе мае думкі і пачуцьці.
I’ve had nothing but bad luck
Since the day I saw the cat at my door
So I came into you sweet lady
Answering your mystical call
Crystal ball on the table
Showing the future,the past
Same cat with them evil eyes
And I knew it was a spell she cast 2
10.
Дзімыч сядзеў з гітарай на верхняй пляцоўцы за-пруды і штосьці сьпяваў. Шум вады не даваў магчымасьці пачуць словы яго песьні. Было вельмі рана — толькі-толькі пачало ўзыходзіць сонца. Але на Брызгалаўцы ўжо зьявіўся першы рыбак, які лавіў рыбу з лодкі непадалёк ад фантанаў. Сваю снасьць ён закідваў пад самыя пырскі, дзе пенілася вада. Тут мог дапамагчы толькі патанок гусінае пяро з чырвоным навершам. Калі чырвоны слупок патанка зьнікаў пад вадой — значыць, гэта паклёўка, і трэба падсякаць.
Дзімыч глядзеў на ўзыходзячае сонца і сьпяваў. Я ня ведаў гэтай песьні. Прынамсі, ад яго раней ня чуў. І наш гурт яе не выконваў.
Я сеў побач. Ён не перарваў сьпеву, толькі павярнуў да мяне галаву і падміргнуў. Гітара гучала ва ўнісон з шумам спадаючай вады.
Ва ўсім гэтым фантастычным краявідзе была нейкая загадка. Я адчуваў гэта. Мне чамусьці здавалася, што Дзімыч ведае адгадку. Прынамсі, ён прыйшоў сюды дзеля гэтага.
Дзімыч закончыў сьпяваць і сядзеў моўчкі.
— Што гэта за песьня? — спытаў я Дзімыча.
— Гэта нетутэйшая песьня. Ты яе ня мог чуць.