— Ну, бывай... Дабранач!
— Дабранач!
У нядзелю на танцы я не пайшоў. А праз два тыдні назаўсёды пакінуў родны горад.
Алесь Аркуш
Нарадзіўся 28 траўня 1960 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі політэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. З 1987 году жыве ў Полацку.
Пачаў друкавацца ў 1986 годзе. Уваходзіў у літаратурную суполку „Тутэйшыя”. Першая кніга, зборнік паэзіі „Вяртанне” (сэрыя „Бібліятэка часопіса „Маладосць”), выйшла ў 1988 годзе. Заснаваў і выдаў 6 нумараў літаратурнага альманаху „Ксэракс Беларускі”. Пісаў тэксты для полацкага рок-гурта „Мясцовы час”.
У 1993 годзе стварыў Таварыства Вольных Літаратараў.
Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху „Калосьсе”. Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес”. Аўтар тэксту гімна горада Полацка. Укладальнік двух полацкіх нумароў часопіса „ARCHE” (№ 3, 2004; №4,2009)
Стыпендыят фонду Ежы Гедройца (1997).
Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі („Крылы ператворацца ў карэньні”, 1993; “Разьвітаньне з Танталам”, 1994; „Прывід вясны”, 2003; інш.) і эсэістыкі („Выпрабаваньне развоем”, 2000; „Аскепкі вялікага малюнку”, 2007; інш.)
Перакладаўся на расейскую, украінскую і польскую мовы, друкаваўся ў часопісах „Pobocza” (Więcbork), „Czas kultury” (Poznań), „Borussia” (Olsztyn), „Каrtkі” (Białystok) і розных калектыўных альманахах і зборніках.
1. Яна ніколі не рызыкуе
Ёй не патрэбная рамантыка
Яна ніколі не рызыкуе
Ня ходзіць на спатканьні і не танцуе
Яе каханьне
Цьвёрдае як скала
Цьвёрдае як хард-рок
Яна — хард-рок, цьвёрдая скала
(пераклад Сяргея Шупы) ↵
2. Мне ўсё не шанцавала
ад таго дня, як я ўбачыў ката
ля маіх дзьвярэй.
І я прыйшоў да цябе, мілая пані,
адказаўшы на твой таямнічы кліч.
Крышталёвы шар на стале
паказвае будучыню, мінуўшчыну.
Той самы кот з тымі злымі вачмі.
І я ведаў, што гэта былі чары,
якія яна на мяне наслала.
(пераклад Сяргея Шупы)↵
Падрыхтаванае на падставе: Аркуш Алесь, Палімпсэст. Раман, — Мінск: Галіяфы, «Бібліятэка Таварыства Вольных Літаратараў», 2012. — 164 с.
ISBN 978-985-6906-80-3
«Палімпсэст» — першы буйны празаічны твор вядомага паэта, эсэіста, стваральніка Таварыства Вольных Літаратараў Алеся Аркуша. Рэальныя героі маладосьці пісьменніка патрапілі ў «бурштын» творчага пераасэнсаваньня мінулага і набылі другое, гэтым разам літаратурнае жыцьцё.
Copyright © 2020 by Kamunikat.org - ePub