Выбрать главу

Вада абдавала прахалодаю, лагодна казытала цела, здымала стому і бадзёрыла. Настоенае на зёлках і кветках паветра навокала паступова разбаўлялася пахам прэснай вільготнай свежасці, ад якой кружылася галава. Дробныя вадзяныя пырскі на ляту звонка раструшчвалі сонечныя промні, дзівосна адсвечваючыся вясёлкавымі адценнямі. Праз іх водсвет уся далячынь выглядала ружаватаю.

Сілічу чамусьці здавалася, што менавіта ў такім святле цяпер перад многімі ягонымі пабрацімамі паўстае іхняе мінулае. Ва ўсякім разе, яму самому прыгадалася, як яны калісьці хлапечым гуртам купалі ў глыбокай азярыне коней. Адны сядзелі на конскіх спінах, трымаючыся за грывы, другія, найболей смелыя, чапляліся за хвасты, добра ведаючы, што ніводзін конь, плывучы, ніколі не ўбрыкне. Гучна храпучы i незадаволена фыркаючы, коні на самай глыбіні праплывалі ўрачысты круг і, скіраваныя завадатарам да берага, нібы казачныя стварэнні, па водмелі выходзілі з вады пад вечаровым сонцам, пабліскваючы белай, буланай, гнядой ды чорнай масцю. Здавалася, што, выкупаныя і пажвавелыя, яны ахвотней ішлі ў начное.

Палонныя пасля купання таксама выходзілі з вады пасвяжэлыя, але вымушаны былі зноў залазіць у заношаную бялізну, бо іншай на запас не мелі. А па ёй жа поўзалі вошы. Яны з прагнасцю накідаліся на чыстае цела, бесперашкодна пладзіліся. Трэба было неадкладна прымаць рашучыя меры, каб змагацца з імі не на жыццё, а на смерць, бо не гінуць жа ў няволі ад напасці, на якую можна знайсці ўправу. I неўзабаве Казнадзей прыдумаў, якім чынам распачаць супраць іх барацьбу.

У часе чарговага мыцця ён падахвоціў Міхася, каб той на некалькі хвілін выпрасіў у Кольба запальнічку. Суседзі распалілі цяпельца (балазе, ламачча валялася навокала дый сякое-такое паліва яны валаклі з працы) і над ім пачалі знішчаць пражэрлівых крывасмокаў, што ўжо кішма кішэлі ў бялізне. Нават стрэсваць іх было не варта. Разагрэтыя над вогнішчам, яны самі ляніва скочваліся ў яго з вывернутай бялізны і безупынна патрэсквалі. Сілічу ўспомнілася, што якраз гэтак некалі патрэсквалі мурашыныя яйкі, што вясковыя падшыванцы сыпанулі ў полымя з разгрэбенага мурашніка. Яму было шкада нявылупленых мурашанят, і ён прысароміў малых шкоднікаў за іхні ўчынак. А цяпер дарослы сам бязлітасна знішчае ў агні жывыя стварэнні, што, акрамя ariды, не выклікаюць у яго ні жалю, ні спагады. Якая-небудзь пустая справа не надта паслужыць прыкладам для пераймання, а дазарэзу патрэбны занятак імгненна падхопліваецца людзьмі. Як толькі іншыя палонныя ўбачылі, чым займаецца купка іх дружных суседзяў, яны таксама пачалі распальваць невялікія цяпельцы. Калі адным недакуркам умудраюцца прыпальваць дзесяткі цыгарак, дык ад малога цяпельца можна распаліць значна болей вогнішчаў.

Вядома, спачатку лепей падрыхтаваць трохі чысцейшую бялізну, перш чым вымытаму вылазіць з вады дый апранацца. Таму праз некалькі хвілін паўкругам усцяж вадзяной упадзіны палалі цяпельцы, вакол якіх старанна завіхаліся купкі небаракаў са сподняй бялізнаю ў руках. Паветра навешала пахла дымам, гарам і смуро дам.

Вартавыя, што воддаль стаялі паўколам у разгрупаваным ланцугу ачаплення, адварочвалі ўбок насы ды час ад часу, перагаворваючыся між сабою, зларадна пасмейваліся.

— Чаго адварочваеце свае нюхаўкі? — абурыўся Казнадзей. — Самі ж давялі людзей да таго, што яны, нібы блазны, займаюцца вар’яцкім заняткам! Плакаць трэба, а не смяяцца!

— Плачуць жа толькі людзі,—растлумачыў Хяндога, —А нелюдзі, глядзі, каб не завылі па-звярынаму. Плакаць яны не ўмеюць. Калі іх навучаць плакаць, тады яны зарумзаюць. А мы будзем смяяцца.

Але пазней санітарная апрацоўка пачала праходзіць не вельмі гладка і выдыхлася. Прымітыўную дэзінфекцыю палонныя яшчэ сяк-так вымушаны былі праводзіць, а з купаннем у іх нічога не атрымлівалася.