Выбрать главу

Вераснёвым сонечным адвячоркам пад прымусам яны ўжо неахвотна ўваходзілі ў ваду, якая адчувальна пахаладнела і з непрывычкі абдавала зябкасцю. Паветра за дзень як след не прагравалася, i таму ўспатнелае цела, яшчэ нават не акунаючыся, чуйна ўспрымала холад. Ад яго скура ў вадзе станавілася падобная на дробненькую рыбіну луску, а на паверхні з выгляду нагадвала гусіную.

— Як некалі князь Уладзімір прымушаў ахрышчваць у праваслаўную веру язычнікаў, гэтак фашысты сілком хочуць ахрысціць нас у арыйскую расу, — выходзячы з вады, з’іранізаваў Леанід, злёгку пакурчваючыся ад холаду.

— Дык Уладзімір жа, напэўна, хрысціў язычнікаў улетку. Тады вада ў Дняпры была цяплейшая, — жартам удакладніў Міхась, таксама ідучы побач i зябка пацепваючы плячамі і грымаснічаючы тварам.

У кастрычніку немцы аднекуль прывезлі ношаныя чырвонаармейскія шынялі з пілоткамі і ў нядзелю выдалі іх палонным, якія былі толькі ў гімнасцёрках і проставалосыя. Абмундзіроўвалі іх не па росту, а ў парадку жывой чаргі, не зважаючы на тое, які памер каму дастаецца.

— Значыць, збіраюцца трымаць нас тут доўга, — заключыў Хяндога сваім напарнікам, калі яны, прымяраючы, абменьваліся выдадзеным абмундзіраваннем. Леанід з Міхасём таксама ўдзельнічалі з імі ў прымерцы. Неўзабаве яны ўсе больш-менш падагналі пад сябе адзенне па сваёй камплекцыі і росту. А некаторыя да самага вечара ўсё яшчэ сланяліся па пакоях, бясконца прымяраючы чужыя шынялі і пілоткі.

Позняй восенню палонных па-ранейшаму прыганялі на санітарную апрацоўку. Праўда, вартавыя праводзілі яе ў адносна пагодлівыя дні, бо, мабыць, самі не хацелі мокнуць пад імжою або слотаю. Але якое б ні было ўстойлівае надвор’е, а восень—ужо не купальны сезон.

Цяпер прыгнаныя сюды людзі ў першую чаргу імкнуліся прадэзінфіцыраваць сваю споднюю бялізну. Яшчэ не паспявалі яны заняцца гэтым, як ахоўнікі гідліва адварочвалі ўбок насы і некаторы час не ўтыркалі іх у занятак небаракаў. Толькі Кольб кожны раз дэманстратыўна падаваў Міхасю запальнічку, каб той распаліў цяпельца для сваіх таварышаў. Іншыя палонныя чакалі ўжо нападхопе, каб ад яго падпаліць назапашанае ламачча. Далей па ходу дзеяння спрытнейшыя наспех здымалі з сябе бялізну і на голае цела наапашкі накідалі шынялі.

Як правіла, дэзінфекцыя праходзіла хоць і мітусліва, аднак без асаблівых кур’ёзаў. Усё-такі самі палонныя ў сваіх жа інтарэсах воляй-няволяй вымушаны былі рабіць яе. Наглядчыкі ў гэты час баяліся блізка падыходзіць да іх, каб не набрацца вошай. Лагерныя прыдуркі даўно абзавяліся запасной бялізнаю і нават умудраліся мыцца ў наглядчыцкай штубе.

Канечне, вартавыя разумелі, што позняй восенню знясіленых голых людзей не надта загоніш у халодную ваду. Аднак нямецкая акуратнасць прымушала трымацца заведзенага парадку. Дый адным з іх надта хацелася паказаць, што яны звышчалавекі i таму могуць пакуражыцца перад прыніжанымі. А другім, як заваёўнікам, лішні раз карцела папаздзекавацца з палонных. Як толькі яны бачылі, што апошнія заканчваюць свой занятак, як адразу ж, па-сабачаму гыркаючы на іх з разгрупаванага i выгнутага паўколам ланцуга, загадвалі ўваходзіць у ваду.

Але палонныя па-ранейшаму валаводзіліся і марудна бавілі час, каб толькі як-небудзь адцягнуць хрышчэнне ў халоднай купелі. За якіх-небудзь пятнаццаць крокаў ад іх мітуслівага гурту ахоўнікам было цяжка разабрацца, чым займаецца ў ім кожны чалавек. Раззлаваныя вартавыя пачыналі галёкаць, як на паляванні загоншчыкі, але, для сваёй бяспекі вымушаныя трымацца воддаль, бачылі, што рады не дадуць, i зларадна нацкоўвалі на небаракаў сваіх памагатых. Наглядчыкі раз’юшана кідаліся на безабаронных, паўраздзетых людзей, кіямі наўзмах пракладаючы ў гурце дарогу ды крыж-накрыж перахрышчваючы непаваротлівых. У гэтай калатнечы бедалагам, вядома, некалі было выгадваць, якую адну бяду выбіраць з дзвюх. Хаця, напэўна, шмат хто згадзіўся б лепей быць ахрышчаным кіем, чымся—у ледзяной вадзе.

Пачыналася неразбярыха, пры якой чатыром наглядчыкам нельга было ўправіцца з непаслухмянай сотняю палонных, што, як толькі маглі, выкручваліся з-пад удараў і, выкарыстоўваючы кожную прамашку фашысцкіх паслугачоў, імкнуліся перахітрыць ix. Прычым апранутыя наглядчык! былі добра прыкметны палонным здалёк, а голыя небаракі нават паблізу мітусіліся перад прыхваснямі да рабізны ўваччу.

Пакуль наглядчыкам удавалася вылучыць з натоўпу і загнаць у ваду трох-чатырох небаракаў, дык тым часам шэсць-сем іх для адводу вачэй, назнарок шумліва плюхаючыся, збольшага апалосквалі твары і беглі хутчэй апранацца, нібыта пасля купання. Сярод ажыўленай мітусні, шумлівага плюхання і пырскання цяжка было разгледзець, хто ўжо сапраўды акунуўся ў ваду, а хто ўскочыў толькі па калені ды сяк-так апаласнуў твар.