Выбрать главу

Але як бы спрытна ні выкручваліся небаракі, а ўсё роўна кожны раз некаторыя з іх, перахрышчаныя кіямі наглядчыкаў, вымушаны былі, яшчэ не пераводзячы духу, цярпліва несці свой крыж і прымаць вадохрышча.

Аднойчы лістападаўскім днём гэтакай долі не абмінулі і Хяндога з Міхасём. Пагода стаяла тады хоць i бязветраная, але золкая. Па небе нізка плылі цяжкія свінцовыя хмары. Ад ix руху водная паверхня адсвечвала пахмурным сталёвым адценнем. Страшна было не толькі ўваходзіць у ваду, але нават пры адным позірку на яе рабілася зябка i па целе прабягаў холад.

Здарылася якраз так, што ў часе чарговай неразбярыхі Хяндога з Міхасём апынуліся твар у твар перад Задзірам і Паўлом. Не сказаць, што наглядчыкі спецыяльна вылучылі ix з гурту: палонныя выпадкова трапілі ім пад гарачую руку. Хяндога з ходу не паспеў увільнуць ад Задзіры i, ёмка агрэты па плячы ягоным кіем, вёртка ўхіліўся ад другога ўдару i потырч плюхнуўся ў ваду, якая астудзіла апёк ад кія, але абмарозіла разгарачанае ад беганіны цела.

Пры сутыкненні Паўла з Міхасём у абодвух на нейкае імгненне адбылася замінка, відаць, як вынік нечаканай сустрэчы. Але ў наступны міг Сіліч убачыў, як зларадна забегалі ў Паўла мышыныя вочы і сутаргава захадзіла рука, ямчэй абшчаперваючы кій. Хлопец адчуў, што Паўло ўвачавідкі не гатоў ахрысціць яго кіем (ззаду, па-здрадніцку, ён даўно выцяў бы), а выбірае момант, каб нанесці падманны ўдар. Таму Міхась, не паварочваючыся, адступаў задам і, ні на міг не выпускаючы праследавацеля з-пад увагі, адным вокам касавурыўся на яго твар, а другім—на руку з кіем. Між абоімі пачаўся зацяты паядынак на выпрабаванне пільнасці і на вытрымку нерваў. Толькі ён прадаўжаўся значна карацей, чым апісваць на паперы. Калі Паўло схамянуўся, што ўпускае апошні момант, і размахнуўся кіем, Міхась, адскокваючы назад, спатыкнуўся і, мармычучы: «Шкурнік!», дагары плёхнуўся ў ваду. Паўло ў адзенні з размаху таксама ледзьве не паляцеў потырч. Сіліч знянацку ажно войкнуў, гэтак абдала голае цела халодная вада. Нібы сотні вострых ільдзінак балюча ўпіліся ў яго з усіх бакоў. Здавалася, што вось-вось сутарга скурчыць рукі і ногі. Са страху хлопец усхапіўся і, у вадзе недасягальны ні для чыйго кія, разгледзеўся, куды яму бегчы да свайго адзення. Мокраму целу на паветры было яшчэ халадней. Пакуль ён дабег да сяброў, яно пасінела і пакрылася гусінай скураю.

— Гэтак нядоўга і дуба даць, —ледзьве вымавіў Сіліч, ляскаючы зубам! і таропка нацягваючы на сябе споднюю кашулю.

— У такіх умовах ніякая хвароба не бярэ, — разважыў Казнадзей, рады, што ашукаў наглядчыкаў і нават паспеў ужо надзець шынель.

Апранаючы гімнасцёрку, Хяндога таксама дробна калаціўся. Але, як нацягнуў порткі, беручы шынель, чыстасардэчна прызнаўся:

— А Задзіра ёмка агрэў мяне кіем, хоць і трапіўся знянацку. —I, ужо дабрадушна пакепліваючы з Міхася, дадаў: — Перакладчык-наглядчык хоць спярша і сумеўся трохі перад табой, але потым па знаёмству не праявіў паблажлівасці.

— Ён цяпер быў бы рады, каб ніхто не ведаў пра тое знаёмства,— злосна адказаў Сіліч.

— Няўжо яны і зімою будуць заганяць нас у ваду? — азадачана запытаўся Ярмолік, перабіваючы гаворку суседзяў.

— Ад іх можна ўсяго чакаць, — адказаў Казнадзей. — Ім абы толькі паназдзекавацца з людзей.

— Калі будуць гэтак настойліва заганяць у ледзяную ваду, дык загартуюць, як тых маржоў, што не баяцца ніякага холаду і купаюцца ў палонках, — кпліва разважыў Хяндога.

25

Хаця зіма прыйшла без спазнення, у снежні, але здавалася, што яна лажыцца раней сваёй пары, таропка забінтоўваючы марляю раны і драпіны здратаванай зямлі, перад маразамі клапатліва ўкрываючы яе пуховай белай коўдраю.

Снег пачаў падаць з ночы. Суцэльным белым покрывай была заслана зямля кругом лагера. Толькі не павісаў снег на калючай агароджы, хаця па-ранейшаму церушыў і церушыў безупынку. Яе густая чорная сетка, нібыта накрэсленая тушшу, выступала з белага мроіва сняжынак прывідным нератам. Яго злавесна расстаўленыя цянёты псавалі настрой нядзельнага ранку, азмрочваючы i святочнасць выхаднога дня, і ўрачыстасць прыходу зімы. Праўда, калі святочнасць выхаднога яшчэ адчувалася па тым, што не трэба выходзіць на працу i можна за ўвесь мінулы тыдзень адляжацца на нарах, дык урачыстасць прыходу зімы крыж-накрыж перакрзслівалася аконнымі кратамі і затушоўвалася густой сеткаю драцяной загароды. Непрыступная, яна адгароджвала мяккі снежны спакой i чысцюткую-чысцюткую, па-святочнаму накрухмаленую бель. А ў яе загарадз! панавалі насцярожанасць i трывога.