Выбрать главу

Пасля снядання Хяндога з напарнікамі і Сіліч з Леанідам ляжалі на нарах.

— Снег уляжацца, дык, можа, i нам дадуць паляжаць, пакуль прыдумаюць якую-небудзь працу, — выказаў наіўнае меркаванне Леанід.

— А хто ж будзе расчышчаць гравійку? —з іроніяй у голасе запытаўся ў яго Казнадзей i пасля кароткай паўзы важка ўдакладніў: — Рух жа на ёй не спыніцца.

— Без снегаачышчальнай тэхнікі саўковымі лапатамі, як лыжкамі, снег не перачэрпаеш, —апраўдваўся Леанід. — За дзень і паўкіламетра не расчысціш.

— Толькі таго клопату! Няхай пра гэта немцы дбаюць, — супакоіў ix Ярмолік.— На тое ж у ix ёсць дарожны майстра.

Аднак назаўтра Леанідава прадказанне не спраўдзілася. Палонных паранейшаму выгналі з лагера. Праўда, на складзе замест саўковых прымусілі ўзяць шырокія фанерныя лапаты з акаванымі бляхаю ніжнімі краямі.

На дварэ было марозна і ветрана. Сіберны холад прабіраўся пад вынашаныя шынялі i разлезлыя ад поту гімнасцёркі. Мароз пашчыпваў за насы. Палонныя паадкасвалі на вушы абшлагі пілотак, злёгку пацепвалі плячамі i, стоячы на месцы, прытанцоўвалі нагамі, зларадна пакепліваючы з заваёўнікаў, якія не спадзяваліся, што ім на чужыне давядзецца ў пілотках сустракаць зіму.

Канечне, з непрывычкі холад адчувалі і ахоўнікі. Але ж яны павінны трымаць фасон і захоўваць форму. Арыйскі гонар не дазваляе ўдарыць тварам у гразь перад нявольнікамі.

Адзін камендант аказаўся прадбачлівы і сёе-тое захапіў з сабою з Германіі. Нябось, загадзя прадбачыў, што ўсё можа здарыцца. Не выпадкова ж цяпер напнуў на вушы гэтыя чорныя заткалы, што вельмі нагадваюць радыёнавушнікі. Праўда, яны авальныя, а не круглыя. Але таксама прымацаваны да дужкі, якую ён надзеў на галаву пад пілотку. З імі камендант у кароткім ядавіта-жоўтым шынялі, з чорнымі крагамі на крывых нагах выглядае загадкавым іншапланетным радыстам, што аднекуль прымае і перадае вартавым нейкія незразумелыя загады.

I ўсё-такі зіма не застала палонных знянацку. Навучаныя горкім вопытам, яны трохі падрыхтаваліся да яе прыходу. Вядома, цёплага адзення ў няволі не набудзеш. Але затое свой драўляны абутак да зімовых умоў яны прыстасавалі як след. Пераймаючы адзін аднаго, праяўлялі знаходлівасць, падбіралі выкінутыя абрэзкі суконак і аўчын, рэшткі стаптанага абутку i з усяго гэтага выкройвалі ўкарочаныя халявы, якія папрыбівалі да калодак цвічкамі, насечанымі з танюсенькага дроту.

I таму цяпер, ідучы па гравійцы пад аховаю вартавых, яны апынуліся нібыта ў зручнейшым становішчы, чым самі ахоўнікі. Апошнія вымушаны пратоптваць сабе сцяжыну па цаліку, на палосе адчужэння, і, абедзвюма рукамі трымаючы напагатове вінтоўкі, яшчэ ўмудрацца на хаду расціраць свае насы і вушы, якія пашчыпваў мароз. У той час як кожны палонны з насунутым на вушы абшлагам пілоткі адной рукой трымаў лапату або насілкі, а другою мог у любы час пацерці свой нос дый акрамя таго ішоў па расчышчанай дарозе: нядаўна невялікі трактар правалок па ёй самаробны трохвугольны снегаачышчальнік з драўляных брусоў. Ушыркі ён захапіў правую палавіну гравійкі, як акучнік, рассунуў абапал свежы снег, а рэшту яго прыціснуў да пясчанай паверхні, шчыльна ўтрамбаваўшы ім усе нябачныя выбоіны. Адпаведна таўшчыні ягонага пласта і глыбіні калдобін, ён на розныя лады піскліва парыпваў пад драўлянымі абцасамі і падэшвамі гаротнікаў, што ішлі, скурчыўшыся ад холаду і ўвабраўшы ў плечы шыі. Гэтая самотная, піскліва-рыпучая мелодыя неадступна суправаджала іх, раздзіраючы душу і шарпаючы слых, нібы патрэсканая пласцінка, што круціцца пад затупленаю іголкаю патэфона.

Палонных прывялі да мяжы ўчастка, які добраўпарадкаваў іхні лагер. Адсюль па левым баку дарогі міма іх трактар пацягнуў назад прымітыўную валакушу, а дарожны майстра прымусіў небаракаў зразаць фанернымі лапатамі рыхлы пруг, што ўзнік на стыку абедзвюх расчышчаных палое пасярэдзіне гравійкі, і насілкамі адносіць і скідаць снег за абочыны.

Вядома, сыпкі, яшчэ не зляжалы снег лягчэйшы за патрушчаныя руіны або вільготны пясок. Таму на гэтую працу не трэба было затрачваць шмат сілы, хаця для змардаваных і згаладалых людзей, якіх з непрывычкі навылёт праймаў холад, яна ўсё роўна была прыкрая i невыносная. Выратоўвала толькі тое, што свежаадвалены снегаачышчальнікам пруг быў нешырокі, i таму яны расцягнуліся па гравійцы ўдалечыню, а ў такіх умовах зручней замаруджана варушыцца дзеля адводу вачэй ды каб не мерзнуць. Бо дарожны майстра і чацвёра наглядчыкаў не маглі пільна прасачыць, як працуе сотня чалавек, што расцягнулася на ладную адлегласць. А вартавым хапала іншага клопату: ад холаду яны прытанцоўвалі на месцы i, трымаючы напагатове вінтоўкі, час ад часу расціралі рукамі насы i вушы.