Праўда, неўзабаве і збянтэжаныя ахоўнікі знайшлі, якім чынам на холадзе можна трошкі аблегчыць сваё незайздроснае становішча. Першы да гэтага дадумаўся змрочны прысадзісты вартавы, які ў абедзенны перапынак угледзеў у кювеце металічную бочку з выбітым днішчам. Ён прымусіў Міхася выкаціць яе на палосу адчужэння, даў хлопцу запальнічку і загадаў распаліць у бочцы вогнішча.
У той час, калі ўсе палонныя захінуліся ад ветру ў зацішных кюветах, Сілічу не хацелася на адкрытым месцы займацца лішняй працаю. Хлопец разумеў, што вартавы затаіў на яго злосць за ўзарваную бляшанку з грыбамі і, шукаючы прычэпкі, хоча адпомсціць. На засыпанай снегам зямлі не відно, дзе валяецца галлё i сухое лісце з веццем. Аднак Міхась быў вымушаны штосьці рабіць, выконваючы недарэчны загад вартавога. Наском то адной, то другой калодкі ён паступова навыворваў з-пад снегу ламачча, сярод якога зрэдку траплялася і вецце з пажухлай лістотаю.
Калі галля назбіралася бярэмя, хлопец старанна атрос з яго снег, паклаў бочку, засланіўшыся ад ветру ўцалелым днішчам, і ўсярэдзіне яе пачаў распальваць цяпельца. Але мінуў час, а нічога не атрымлівалася. Сухое лісцё, што праляжала пад снегам, набрыняла вільгаццю i не разгаралася. Сіліч пабойваўся, каб вартавы не падумаў, што ён валаводзіцца наўмысна, i не выцяў ствалом або прыкладам. Таму скурчыўся ўвесь, увабраўшы ў бочку крыж і азадак, нібы слімак, што адчувае небяспеку i хаваецца ў ракавіну.
Нарэшце лістота, падсушаная агеньчыкам запальнічкі, успыхнула, прагна лізнула зморшчаную кару завялых галінак—i тыя, патрэскваючы, пачалі разгарацца. Міхасёў твар абдало цеплынёю, ноздры казытаў пах гарэлай драўніны, а вочы заслязіліся ад нябачнага дыму. Як толькі хлопец задам выпаўз з бочкі, галлё ў ёй разгарэлася дружна.
— Штэльс раўф! — нецярпліва загадаў вартавы, паказваючы жэстам правай рукі, каб Міхась хутчэй ставіў бочку насторч.
Хлопец выканаў яго загад. Але, як толькі вартавы падышоў да бочкі, з яе, нібы з коміна печы, у якой раптоўна прыхлупілі агонь, паваліў густы дым i засмярдзела гарам.
— Вас іст дас?! — здзівіўся немец, адхінаючыся ад бочкі, нібыта ад чагосьці пагрозлівага.
Сіліч падумаў, што на сценках бочкі выгарае газа або бензін, таму рашыў пачакаць, пакуль яна канчаткова выгарыць. Але мінаў час, а дым не радзеў i смурод не памяншаўся. Хлопец заглянуў у сярэдзіну бочкі i ажно аслупянеў: вогнішча ў ёй патухла. Разгублены, Міхась не разумеў, што здарылася. Ён паваліў бочку на снег, паварочваючы жэрлам так, каб вецер раздзьмуў з жарынак згаслае полымя. Але вецер завыў у жэрле і захлупіў Міхася едкім дымам.
Вартавы сапраўды мог падумаць, што палонны марудзіць знарок.
Невядома, што было б далей, калі б Міхася не выручыў Ангел, які на абочыне скідаў з самазвала пясок і ўбачыў, у якім безвыходным становішчы апынуўся хлопец.
Балгарын падышоў з кіркаю. Размахваючыся з ўсяе сілы, яе вострай дзюбкаю ён пачаў прабіваць адтуліны на ніжнім баку бочкі. Не спяшаючыся, з прыдыхам «гых!» раз за разам гваздзіў кіркаю, нібы дрывасек сякераю, прабіваючы дзюрку за дзюркаю. Пасля перавёў дых, нетаропка перадаў кірку хлопцу і параіў папрабіваць гэтакія ж адтуліны з усіх бакоў бочкі трохі вышэй за днішча.
Спярша Сіліч не зразумеў сэнсу ягонай парады, хаця па сур’ёзным знешнім выглядзе балгарына адчуваў зычлівасць яго намеру. Хлопец узяўся выконваць яго параду чыста механічна, болей дзеля таго, каб неяк заспакоіць няўрымслівага вартавога, ад якога можна было ўсяго чакаць. Нават i тады, калі кругом зрашаціў дзюркамі ніжнюю частку бочкі і аддаў кірку Ангелу, які пайшоў з ёй да самазвала, Міхась лічыў гэтую працу марнаю. Толькі пасля таго, калі ў другі раз распаліў у бочцы вогнішча і пачуў, як яно, разгараючыся, са свістам уцягвае праз дзюркі паветра і ажно гудзе, нібы ў коміне, да хлопца нарэшце дайшло, што яны з Ангелам мімаволі змаракавалі для вартавога штосьці накшталт буржуйкі з паддувалам.
«Усё-такі балгарын памог адзінакроўнаму брату выкруціцца з цяжката становішча. Не пакінуў чалавека ў бядзе», — расчуліўся хлопец, якому і ў галаву не прыйшло, што гэтае вынаходства яшчэ вылезе бокам іншым палонным.
Самаўпэўнены немец, перш чым адпусціць Міхася ў кювет, прымусіў хлопца яшчэ навыграбаць з-пад снегу галля і падкінуць у бочку. Вартавы задаволена грэўся каля яе, прыцягваючы да сябе зайздрослівыя позіркі бліжэйшых ахоўнікаў. Ягонае выгоднае становішча бачылі таксама і многія іншыя вартавыя. Пазней яны і для сябе дамагліся гэткае выгоды. Праз пару дзён самазвал, што вазіў на гравійку пясок, які цяпер палонныя рассыпал! па ўтрамбаваным расслізганым снезе, выкінуў з кузава на абочыну яшчэ дзевяць металічных бочак. У кожнай з ix было высечана днішча i ўнізе кругом папрадзіраўлены бакі. Такім чынам, зараз кожны з двух суседніх вартавых па чарзе мог таксама грэцца каля прымітыўнай буржуйтіі, якую павінны былі распальваць i забяспечваць галлём палонныя.