Канечне, ахоўнікі не ўсе адначасова, а кожная пара для сваёй бяспекі з нямецкім педантызмам па чарзе прымушала нявольнікаў прыслужваць ім з такім разлікам, каб тыя пры гэтым не ўзнялі беспарадак або не паспрабавалі авалодаць зброяй.
Небаракі, якім цяпер даводзілася задавальняць новыя капрызы ахоўнікаў, у думках пракліналі змрочнага вартавога за тое, што яму ўзбрыло ;ў галаву распаліць вогнішча ў бочцы з-пад гаручага, і тым самым з ягонай лёгкай рукі ў іхнім паднявольным жыцці прыбавілася яшчэ адна дадатковая прыкрая праца. Бо, асвойтаўшыся з абставінамі, куды спакайней патрохі варушыцца з лапатаю ці з насілкамі, толькі дзеля выгляду паказваючы, што нешта робіш, чым калодкамі выграбаць з-пад снегу ламачча ды распальваць зімою вогнішча або пры перамяшчэнні палонных па гравійцы перакочваць ахоўнікам настылыя ад холаду ці напаленыя агнём бочкі, якія і ў тым і ў другім становішчы апякалі голыя рукі.
Па меры перакочвання бочак імі, нібы дарожнымі каткамі, прымінаўся незляжалы снег, ад чаго вартавым па свежапракладзенай палосе было зручней пераходзіць на новае месца.
Ахоўнікі не цацкаліся з нявольнікамі: заваёўнікам абы толькі знайсці прычыну, каб здзекавацца з палонных.
Іншым часам Сілічу рабілася няёмка: як быццам ён вінаваты ў тым, што міжволі, не па сваёй ахвоце, зрабіў самаўпэўненаму вартавому несажавітую буржуйку, якую за ўзор перанялі і астатнія ахоўнікі і якая стала прычынаю новых пакутаў для палонных.
Праз некаторы час вартавым замянілі пілоткі ядавіта-жоўтымі вайсковымі шапкамі з адкладнымі абшлагамі, а палонным выдалі яшчэ анучы і камізэлькі з мяккай бруднаватай паперы, паверхня якой была не гладкая, а ў драбнюсенькіх зморшчынках.
— Насміхаюцца, сволачы! — не змоўчаў Казнадзей, напінаючы на сябе на нарах нязвычную апранаху. — Падкрэсліваюць, хто мы.
— Яны самі ядуць эрзац-хлеб, а ты хочаш, каб цябе прыбіралі ў адзенне з натуральнай тканіны, — адказаў Хяндога. — Выгадваюць, каб мы абышліся ім дзешавей.
— А можа, хочуць выпрабаваць на нас доследную партыю такога -адзення, — няўпэўнена выказаў здагадку Леанід. — Праверыць яго на трываласць i пераканацца, як яно засцерагае ад холаду.
— Дабрадзеі знайшліся! — не сцярпеў Казнадзей. — Дык хай бы і выпрабоўвалі на сабе.
— Несалідна для пыхлівых заваёўнікаў, — растлумачыў Хяндога,— Транты болей да твару ўбогім.
Невядома, што хацела прадэманстраваць арганізацыя «Тодт», апранаючы падапечную рабочую сілу ў ліпавае абмундзіраванне, — эканоміць на ўтрыманні палонных ці сапраўды падкрэсліць ім, чаго яны варты. Аднак папера застаецца папераю і не заменіць сабою тканіну. Папяровыя анучы, накручаныя на ногі, ад хадзьбы параздзіраліся і пазбіваліся камякам!, а камізэлькі хоць і не распаўзаліся, але, канечне, не засцерагалі ад холаду.
Зіма паступова набірала сілу і ўсё болей падсыпала снегу. З-пад яго глыбокага пласта ўжо немагчыма было выграбаць галлё, якога наогул не было ў чыстым полі i на лугавінах.
Штодня самазвал пачаў прывозіць на абочыны паўнюткі кузаў наколатых дроў. Распальваць ix было цяжэй, чым галлё, але затое яны гарэлі даўжэй.
Вартавыя, як чэрці, напераменку падыходзілі да напаленых бочак i заглядалі ўсярэдзіну, нібыта правяраючы, як там кіпяць у смале грэшнікі. А грэшнікі, ачэпленыя імі з двух бакоў, ледзьве перастаўлялі ногі і, скурчыўшыся ад холаду, скідалі з гравійкі снег ды пасыпалі яе пяском.
26
Сярод вартавых Кольб паводзіў сябе па-ранейшаму: толькі зрэдку стаяў у ланцугу ачаплення, а часцей спружыністай паходкаю задуменна і моўчкі шпацыраваў па абочынах. З тае пары, як зіма пакрыла снегам зямлю, ёй болей ні разу не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распаліць яму цяпельца і ніколі не падыходзіў, як іншыя ахоўнікі, грэцца да напаленай бочкі.
Міхась з Леанідам успрымалі яго паводзіны па-свойму: ім здавалася, што Кольб не толькі разумев, як невыносна цяжка знясіленым людзям выкалупваць з-пад снегу галлё і адубелымі ад холаду рукамі распальваць вогнішча, але i адчувае, што яны могуць падумаць пра яго, калі ён прымусіць ix прыслужваць яму ў халадэчу. Хаця яны і ўяўлялі, якія нягоды яму давялося зведаць у варожым палоне, але ўсё роўна не чакалі ад яго спартанскай вытрымкі і непахіснай волі, бо ведалі, што даўнія суровыя выпрабаванні з цягам часу сціраюцца ў памяці, ад чаго загартаваны імі характар таксама мякчэе. Значыць, сумленнасць не дазваляе Кольбу нават перад чужымі людзьмі ганьбіць чалавечую годнасць. Наадварот, ён як бы дэманстратыўна падкрэслівае і перад ахоўнікамі, і перад палоннымі сваю вытрымку і загартаванасць, якім не страшны чужы мароз і сіберны вецер.