Аднойчы ў канцы рабочага дня на гравійцы адбылося здарэнне, якое потым увесь вечар абмяркоўвалі між сабою палонныя і якое навяло многіх на дадатковы роздум.
Стомленыя небаракі, нібы здані, ледзьве сноўдалі з лапатамі і насілкамі ў руках, калі ў хвасце іхняй расцягнутай ватагі раптам грымнуў стрэл, што гулка скалануў прасцяг і запавольненым водгуллем глуха адазваўся ў марозным бязветраным наваколлі.
Усе ўстрывожыліся, насцярожана ўглядаючыся ў той бок, адкуль данёсся пагрозлівы пошчак: вартавыя ў чаканні прыняць меры перасцярогі, а палонныя — апасаючыся дазнацца пра чарговую нявінную ахвяру бандыцнага свавольства.
Але, мяркуючы па тым, як ахоўнікі ў ачапленні неўзабаве перадалі адзін аднаму тлумачэнне «Усё ў парадку!» і як палонныя ў далейшым таксама супакоіліся і не паведамілі адтуль нічога трывожнага, можна было здагадацца, што там адбылося нейкае непаразуменне.
«Мабыць, вартавому надакучыла моўчкі шпацыраваць па абочынах, ,дык ён з нечага робіць стрэльнуў дзеля забавы», — падумаў Хяндога, які з Казнадзеем корпаўся ў сярэдзіне расцягнутай ватагі палонных і бачыў, як у самы канец яе толькі што нетаропка прасунуўся Кольб.
Спачатку Сіліч таксама ўстрывожана паглядзеў у той бок, адкуль пачуўся стрэл, але праз мітуслівы натоўп яму немагчыма было разгледзець, што там адбываецца. Праўда, праз нейкае імгненне хлопец усё-такі ўбачыў, як удалечыні, за апошнімі палоннымі, загрузаючы ў снег, Кольб уразвалку перабраўся праз кювет і пашыбаваў за палосу адчужэння.
Самыя крайнія палонныя, каля якіх знянацку грымнуў стрэл, толькі паспелі заўважыць, што ў тым напрамку, куды быў скіраваны ствол канваіравай вінтоўкі, спружыніста падскокнуў, нібы вялікі мяч, і расслаблена чмякнуўся на дол, узбіўшы снежныя пырскі, нейкі шэры клубок.
— Бач, які зіркасты: нас пільнуе і адначасова палюе! — здзівіўся адзін з крайніх палонных, што фанернай лапатаю зразаў снежны пруг, калі Кольб пасля кароткачасовай адлучкі зноў набліжаўся да іх, несучы ў выпрастанай руцэ здабычу, якая звісала амаль да самага долу. — У яго напрактыкавана вока, як у вопытнага паляўнічага.
— Не толькі напрактыкавана вока, але i рука цвёрдая, — падтакнуў чарнявы драбнатвары сусед, што побач рассыпаў лапатаю пясок. — Трэба ўмець на такой адлегласці патрапіць у цэль з першага стрэлу. Дый не шротам, а куляю!
— Ад такога не надта ўцячэш, — удакладніў той, што першы пачаў гаворку. — Ён не дасць прамашкі. Здалёк уложыць напавал, хаця як быццам і вінтоўку не трымае напагатове.
Калі вартавы падышоў бліжэй, палонныя разгледзелі ў ягонай руцэ вялікага зайца-русака, кончыкі вушэй якога чырыліся па снезе. Можа, на самай справе заяц быў меншы, чым здаваўся выпрастаны ўдаўжыню ў Кольбавай руцэ, што ашчапервала абедзве заднія нагі здабычы. Каля лапаткі на шэрай поўсці русака чырванела невялікая крывавая пляміна. Напэўна, заяц чакаў, пакуль яму вызваліць дарогу рухомая ватага, але занадта паспяшаўся і трапіў на вочы вартавому.
Не спыняючыся каля палонных, Кольб як ішоў, гэтак і пайшоў далей, з абыякавым выглядам, ні паставаю, ні паглядам, ні выразам твару не паказваючы ніякага выхваляння сваім учынкам. Нават ні слова не прамовіў у адказ вартавому, які з ланцуга ачаплення зайздросна выкрыкнуў: «Добрая дзічына трапіла ў рукі!»
Палонныя праводзілі Кольба праніклівымі позіркамі. У вачах адных было здзіўленне паляўнічым спрытам, у другіх — прагная зайздрасць да здабычы, у трэціх—самотнае шкадаванне выпадковай ахвяры.
Якраз у той момант, калі Кольб наблізіўся па абочыне да Міхася з Леанідам, хлопцы скінулі з насілак у кювет снег і ўбачылі ў руках вартавога зайца. У іхніх вачах мільгнула і здзіўленне, i зайздрасць.
— З удачаю! — не ўстрымаўся Леанід, каб не сказаць пра паляўнічую кемлівасць вартавога.
Кольб нечакана спыніўся.
Міхась зразумеў, што і яму зараз трэба нешта сказаць, але менавіта што, не знаходзіў.
— Шшто сабе здабыча!— нарэшце прамовіў хлопец, падтакваючы свайму напарніку.
Кольб няўпэўнена падняў перад сабою ў сагнутай руцэ зайца, як быццам пераконваючыся, ці сапраўды ён вялікі, i раптам разгублена працягнуў яго Міхасю: