Выбрать главу

— Вазьмі!

Хлопец збянтэжыўся, бо не чакаў гэтага. Яму стала няёмка ад таго, што нібыта яны з Леанідам выпрошваюць у вартавога здабычу.

Сіліч невыразна гірамямліў:

— Самі адведайце дзічыны. А з футра будзе зімовая шапка.

— Бяры! —настойліва загадаў вартавы, не апускаючы рукі з выцягнутым у ёй русаком.

Хлопец нерашуча і няўмела ўзяў за заднія ногі зайца і разгублена прамармытаў:

— Дзякуй.

— Заяц — ваш, дык i бярыце яго сабе, — трохі палагоднеў Кольб,— Падзеліцеся са сваімі сябрамі і суседзямі, — i, як нічога не бывала, пайшоў далей па абочыне.

Міхась інтуітыўна адчуў, як на яго з гэтай здабычаю зайздросна глядзяць навакольныя палонныя. У душы ён быў абрадаваны незвычайным набыткам, хаця яму па-ранейшаму чамусьці здавалася, што яны з Леанідам выпрасілі ў вартавога ягоную здабычу. Узрушаны незразумелым супярэчлівым пачуццём, хлопец трымаў у руцэ зайца, не ведаючы, што з ім рабіць.

— Хавай у рэчмяшок! А то, чаго добрага, яшчэ паквапіцца на яго дарожны майстра, — падвучыў Хяндога.

Суседава парада трохі працверазіла хлопца. Ён скінуў з аднаго пляча лямку, расшморгнуў завязку і, прасоўваючы русака ў рэчмяшок, рукою адчуў, што заяц яшчэ цёплы. «Бач ты: ногі — тонкія, дык у ix ад холаду кроў астыла адразу ж. А ў цельпукаватым целе, пад шаўкавістай поўсцю, яна яшчэ захоўвае цяпло».

— Прызнацца, нават i ад Кольба я не чакаў гэтакага ўчынку, — абарваў Міхасёву думку Леанід, калі яны падставілі Хяндогу апарожненыя насілкі. — Тут яму трапіла ў рукі рэдкая здабыча, а ён не спакусіўся паласавацца дзічынаю.

— А табе не здалося, што мы ў яго выпрасілі яе? — прагучалі крыўдліва-іранічныя ноткі ў голасе Міхася, які ўсё яшчэ не пазбыўся ніякаватасці.

— Яшчэ што сказаў?!—здзівіўся Леанід. — Мы нават не пахвалілі яго па-людску за паляўнічы спрыт, а табе здалося чорт ведае што.

— Досыць высвятляць тое, што зразумела без усялякіх тлумачэнняў, — памяркоўна супакоіў сяброў Хяндога, накідаючы фанернай лапатаю снег на іх насілкі.—Нямецкі вартавы ўпаляваў зайца, але не ўзяў яго сабе, а аддаў палонным. Па-мойму, гэта шляхетны ўчынак.

— Думаеце, самому немцу не захацелася пакаштаваць дзічыны?—нібы падтрымліваючы суседа, запытаўся Казнадзей, што лапатаю рассыпаў па снезе пясок.

— Дый яшчэ не абы-якой дзічыны—іншаземнай! — у захапленні прыцмокнуў губамі Ярмолік, які побач рабіў тое ж самае.—Тым болей, што ў немцаў пераважаюць розныя эрзацы, а не натуральный прадукты.

— Ён сказаў, маўляў, заяц—ваш, дык i бярыце яго сабе, — нарэшце абазваўся Міхась, настрой у якога пачаў трохі мяняцца.

— Напэўна, і некаторыя ахоўнікі ўжо глыталі слінку. Спадзяваліся разам з вартавым адведаць чужой дзічыны, —пацвельваўся Ярмолік,— А ён узяў дый аддаў яе палонным. Гэтым толькі накліча на сябе крыўду і злосць з іхняга боку.

— Ён і не шманае. Робіць усё па-свойму,—падсумаваў сказанае ўсімі Хяндога. — Спагадае нашаму брату і не ўтойвае свайго спачування.

Сіліч слухаў, як суседзі расхвальваюць Кольбаў учынак, і ўсё болей супакойваўся. Да ягоных грудзей спакваля падкочвалася пачуццё ўдзячнасці да спагадлівага вартавога. Як і ягоных суседзяў, хлопца не магла не радаваць нечаканая i неспадзяваная здабыча. Праўда, ён разумеў, што яны з Леанідам самі не аблупяць зайца. Дый, неразабранага, яго няма дзе згатаваць. А дзяліць сырую свежаніну—марока. Уся надзея ў хлопцаў была толькі на Хяндогу i ягоных болей практычных напарнікаў.

Аднак вартавы i сам паклапаціўся пра палонных. Вяртаючыся назад па абочыне, азадачаны, ён зноў спыніўся каля хлопцаў.

— Аднаго зайца на ўсіх вас не хопіць. Дый дзяліць сырое мяса не надта зручна. Я скажу кухару, хай ён неразабраную тушку згатуе ў агульным катле i аддасць вам. Такім чынам i суп для ўсіх будзе наварысты, і мяккую свежаніну вам дзяліць будзе лягчэй.

Калі палонных прыгналі з працы ў лагер, Леанід з Міхасём прасачылі, як Кольб сказаў штосьці перакладчыку Ваньку i той адразу ж пайшоў на кухню. Неўзабаве ён вярнуўся адтуль з кухарам, што выпрастаўся перад вартавым па стойцы «смірна!». Праз агароджу Кольб аддаў кухару нейкае распараджэнне. Калі Ванька пераклаў яго, хлопцы пачулі, як заклапочаны вартавы гучна запытаўся:

— Зразумеў?

— Я-я-я!—выкрыкнуў кухар, яшчэ прутчэй выпростваючыся ў струнку.

— Бач, як выпруджваецца перад немцам, хаця той за калючым дротам!— зларадна пакпіў Леанід. — Нябось, дрыжыць за сваю шкуру!

— Як жа яму не дрыжаць за яе? Дзе яшчэ будзе кухару гэтак уежна і ўлежна, як тут? — падтакнуў Міхась.