Стоячы ў чарзе па кандзёр, палонныя ўсё яшчэ абмяркоўвалі нядаўняе здарэнне на гравійцы. Тыя, хто не быў яго сведкам, скрупулёзна высвятлялі, каму дасталася здабыча. Ззаду, непадалёку ад Міхася, хтосьці растлумачыў, што вартавы аддаў зайца хлопцу, які неаднойчы распальваў яму цяпельца. Сіліч пачуў, як там нечы голас адразу ж заключыў:
— Усё-такі сумленнасць падказала немцу аддзячыць палоннаму за паслугі.
А спераду ў чарзе нехта з тых, хто, напэўна, бачыў, як Кольб аддаваў Міхасю зайца, расказваў суседзям, што вартавы з жалезным крыжам аддаў здабычу хлопцу, чые грыбы ў вогнішчы ўзарвалі бляшанку. Хтосьці з ягоных слухачоў выказаў здагадку наконт асабістай непрыязнасці паміж абодвума ахоўнікамі. Маўляў, вартавы з жалезным крыжам аддаў зайца менавіта гэтаму палоннаму назло змрочнаму канваіру, які тады спляжыў прыкладам і растаптаў нагамі хлопцаў посуд.
У лагеры многія нявольнікі не толькі здзіўляліся ўчынку нямецкага вартавога, але, канечне, і зайздросцілі палоннаму, якому ён аддаў сваю здабычу. Асабліва гэта выявілася тады, калі Ярмолік пачаў лупіць зайца. Спачатку ён размясціўся на падлозе, разразаючы нажом скуру на жываце русака. А потым, калі на драцяным кручку падвесіў яго за верхнія нары і далей прадаўжаў працу, дзверы ў пакой, дзе жылі Міхасёвы суседзі, не зачыняліся. Палонныя заходзілі па адным і купкамі, для адгаворкі — нібыта паглядзець на Ярмолікаў занятак, а на самай справе, канечне, паглыналі вачамі яшчэ не аблупленую тушку. Дзіва што! Людзі паўгода не толькі не трымалі ў роце скаромніны, але i на ўласныя вочы не бачылі, як выглядае мяса, хай сабе i не свойскай свежыны, а дзічыны.
Хоць Ярмолік як быццам i не звяртаў на іх ніякай увагі, але па тым, як вострае самаробнае лязо з нажоўкі ўвішна і спрактыкавана хадзіла ў ягонай руцэ, можна было здагадацца, што ён хоча, каб яны ўвачавідкі пераканаліся ў ягоным майстэрстве. I ўсё-такі з зайцам ён трохі праваждаўся, пакуль вылузнуў яго са скуры. Пасля моўчкі намацаў першы пазванок на шыі, нетаропка адрэзаў па ім чэрап, паклаў яго са шкураю на нарах, каля напарнікаў, а тушку панёс кухару. Калі вярнуўся адтуль, з веданнем справы растлумачыў:
— Сказаў яму, каб ён заліў яе халоднай вадою i добра вымачыў. Баюся, што з яго гэтакі ж кухар, як з мяне кравец. Нябось, не ведае таго, што нават парэзаную на кавалкі зайчаціну трэба гадзін пяць вымочваць у вадзе. I толькі пасля ўжо можна шпігаваць яе салам i смажыць або тушыць з бульбай ці з гароднінаю.
— Дзе ж ён возьме той бульбы ці гародніны? — пашкадаваў Казнадзей.— На лагернай кухні i не засмажыш неразабраную тушку.
— А калі яшчэ згатуе нявымачаную, дык і зусім сапсуе дзічыну,— настойваў Ярмолік.
— Некалі будзе смакаваць: праглынецца нэжаваная! —з’іранізаваў Казнадзей.
— Усё-такі не варта марна пераводзіць прадукты, —не пагаджаўся Ярмолік, беручы ў рукі аголены чэрап зайца, —Калі яны ўжо дасталіся нашаму брату, дык і спажыць іх трэба па-людску.
— Што ты надумаўся рабіць з яго? — насцярожыўся Хяндога, гледзячы на тое, як Ярмолік спачатку выняў з чэрапа вочы, а пасля пачаў выкалупліваць мазгі. — Пудзіла, каб некага напужаць, ці што?
— Пудзілам чалавека не напужаеш, а от чучалам —уцешыш, —загадкава адказаў Ярмолік, прадаўжаючы свой незразумелы занятак.
Сіліч няўцямна глядзеў на чэрап у ягоных руках, i пад уражаннем Хяндогавых слоў хлопцу раптам успомніліся пудзілы, што некалі рабілі іхнія вясковыя падшыванцы. З чужых градаў яны кралі спелы круглы гарбуз, зразалі з яго цемя і з сярэдзіны выкалупвалі мякіш з гарбузікамі. Потым у парожнім гарбузе сцізорыкам вырэзвалі круглыя вочы і разяўлены рот, у які замест зубоў утыкалі знізу і зверху прадаўгаватыя чырвоныя ягады барбарысу. Праз аснову адламанага хваста пратыкалі ўсярэдзіну гарбуза цвік, на вастрыё якога насаджвалі свечку. Упоцемку запальвалі яе i зверху да парожняга гарбуза прыколвалі затычкамі зрэзанае цемя. Такімі прымітыўнымі пудзіламі, бывала, у бязветраныя цёмныя вечары падшыванцы пужалі наіўных вясковых дзяўчат. Напалоханыя, тыя адны баяліся выходзіць з хат і звалі на дапамогу юнакоў. Калі сталыя хлопцы з’яўляліся з дзяўчатамі на вуліцы, падшыванцы разбягаліся, ха~ ваючыся па завуголлях.
Тым часам Ярмолік апусціў чэрап у кацялок з вадою, нажом акуратна выняў з вушэй у шкурцы храсткі, а пасля разаслаў яе на нарах поўсцю ўніз і пачаў старанна выскрабаць рэшткі тлушчу і мяса.
Міхась рашыў, што ён хоча згатаваць з чэрапа халадзец, а шкурку вырабіць для зімовай шапкі. Але, калі ўбачыў, як Ярмолік чыста выскраб яе і з мокрага чэрапа таксама стаў выскрабаць мышцы і рэшткі мяса, усумніўся ў правільнасці сваёй здагадкі.