— Мяне толькі што прывезлі, — апраўдваўся Сіліч, ніякавата адчуваючы сябе перад іх позіркамі.
— Нас усіх толькі ўчора прывезлі, —адказаў мужчына. — Нямецкія сапёры наспех перабудоўваюць пад жытло склады і стадолы. У сябе ў Нямеччыне яны навучыліся выгароджваць калючым дротам лагеры. Кажуць, тут быў кароўнік.
Запанавала прыкрае маўчанне. Першы парушыў яго Паўло.
— Станемо разам i на двух атрымаемо ў мой кацялок, — спачувальна сказаў ён.
У калоне, якая выстраілася атрымліваць ежу, яны сталі побач i разам прайшлі ў шарэнзе паўз акенца кухні. Сусед прасунуў у яго салдацкі кацялок і нясмела папрасіў: «На двух». З акенца спачатку прыдзірліва выглянул! вочы строгага правяральшчыка, а потым нечая рука спрытна выкуліла ў кацялок два чарпакі жыжкі i паклала на падаконнік дзве пайкі хлеба. Прагнымі вачамі Міхась разгледзеў і прымітыўны чарпак — васьмісотграмовую бляшанку з-пад кансерваў, прымацаваную да кія, і ягонае змесціва — рэдкую каламутную бурду. А пайкі хлеба былі чацвярцінкамі квадратнага бохана. Палуднаваць Паўло запрасіў Міхася на нары.
— Там сябе адчуваеш утульней дый паясі па-панску, лежачы, — даводзіў ён на хаду.
Паўло з Багданам Платонавічам займалі месцы непадалёку ад уваходу, злева на ніжніх нарах. З краю іх цяпер і сеў дзядзька са сваёй кансервавай бляшанкаю, якраз такою, як той кухонны чарпак. Абодва хлопцы— адзін на правы, а другі на левы бок — леглі на шурпатых негабляваных дошках i адразу ж пачалі апаражняць круглы салдацкі посуд. Адкусвалі са сваіх паек хлеб і, нетаропка i строга па чарзе сёрбаючы, то адзін за адным зачэрпвалі зверху жыжку, то намагаліся вывудзіць з дна гушчу, але тая ніяк не трапляла ў лыжкі. Кандзёр быў згатаваны невядома з чаго, меў прысмак вялай прарослай бульбы і прыпахваў нечым пратухлым. Але галоднаму некалі смакаваць ды прынюхвацца, асабліва, калі двое ядуць супольна і ўвесь час як быццам чакаюць кожны сваёй чаргі, а тым самым і прыспешваюць адзін аднаго.
— Міхайла, дык ты ўжо і заставайся з намі. Дзе табе шукаць месца сярод незнаёмых? А мы, як свае, трошкі пацеснімося, — лагодна прапанаваў Багдан Платонавіч, калі ўбачыў, што хлопцы апаражнілі кацялок.
— У цеснаце ды не ў крыўдзе, — падтакнуў Паўло. — Украінцы з беларусамі спакон вякоў жывуць па суседству, і ніколі ім не было цесна.
Мусіць, дзядзька напрактыкаваным вокам адразу ж прыкмеціў, што абодвум хлопцам разам лепей. Малады да маладога заўсёды горнецца. Са старэйшым адчувае сябе скавана. А так і Паўлу будзе з кім адвесці душу. Няхай сабе шчыруюць пад ягоным наглядам.
Сіліча таксама задавальняў гэтакі паварот справы. Яму не хацелася ісці адсюль, а тым болей сноўдаць па стадоле, шукаючы сабе месца на нарах. Дый сапраўды, дзе ты ўшчэмішся сярод незнаёмых? З самага краю нараў, канечне, не ўладкуешся, бо ў цеснаце спрытнюгі даўно захапілі прывольныя месцы.
З Паўлом Міхась адчуваў сябе па-свойску, хаця той на чатыры гады малодшы. У нейкай меры абодва яны былі калегамі. Паўло ўвесну 1941 года скончыў педвучылішча. Канечне, педвучылішча—гэта яшчэ не тое, што педінстытут, прычым сталічны. Але ўстанова, у якой вучыўся Паўло, знаходзілася ў славутым абласным цэнтры на Украіне, і гэта ў Міхасёвых вачах уздымала яе прэстыж. Абодва яны хутка паразумеліся, бо лёгка знайшлі, пра што гаварыць між сабою.
Багдану Платонавічу было год сорак. З абветраным загарэлым тварам, прыгожым носам з гарбінкаю і выцвілымі бровамі над шэрымі вачамі выглядаў ён чалавекам валявым. Напэўна, такі выгляд надавалі яму бровы, нібы развінутыя крылы птаха, што лунае ў бязважкасці. Па дзядзькавых паводзінах адчувалася, што ён чалавек лагодны і справядлівы, са спагадлівым характарам і чулым сэрцам. Сіліч зразумеў гэта, калі даведаўся, што Багдан Платонавіч—рабочы. Да вайны ён жыў у Кіеве. Спачатку працаваў бляхаром, а потым набыў прафесію дахаўшчыка.
Ад каменя, што кінулі ў ваду, на паверхні разыходзяцца кругі, гэтак i ад Міхасёвага сэрца мерна адкочваліся шчымлівыя хвалі, узнятыя людскім спачуваннем i спагадаю. Яны ўлагоджвалі скаланутую стрэсам душу. Трошкі сагрэты імі і кагадзёрам з сярэдзіны, а цеплынёю суседскіх целаў—з бакоў, Міхась міжволі здаўся сну. Спачатку намагаўся не паддавацца ліпучай дрымоце, імкнуўся вяла падтрымліваць супольную гаворку, але стома ад беганіны і перанапружанне ад трывогі за дзень узялі сваё. Як лёг на правы бок, дык у такім становішчы і праспаў да пад’ёму. Сярод начы яго нават не разбудзілі гулкія вінтовачныя стрэлы. Толькі пасля пад’ёму, калі распаўсюдзілася чутка, што ахова ўначы застрэліла за агароджаю двух уцекачоў, угледзеў на траве за будынкам целы забітых.