Выбрать главу

— Ты на шпацыр выйшаў? Цябе паставілі працаваць! — але кіем не замахнуўся, відаць, баючыся, што ў наглядчыка таксама дручок.

Наглядчык стаяў як укопаны, нават ніводзін мускул не ўздрыгнуў на ягоным твары. Толькі пасля таго, як перакладчык уголас паўтарыў яму тое, што сказаў немец, ён дзёрзка ўхмыльнуўся, нетаропка пераламаў на калене свой кій, шпурнуў яго ў кювет, а сам як ні ў чым не бывала спакойна пашыбаваў да рэшты неразабранага інструменту.

Майстра анямеў ад нечаканасці, а перакладчык залыпаў сваімі лупатымі вачамі. Усе палонныя, што знаходзіліся паблізу, спынілі працу i праводзілі няскоранага пахвальнымі позіркамі. Майстра не заўважыў гэтага, бо ўсё яшчэ не зводзіў вачэй са смельчака і чакаў, што ён будзе рабіць.

А той узяў саўковую лапату, пайшоў, зачэрпнуў ёю пясок, змешаны з друзам, i панёс да бліжэйшай незасыпанай выбоіны. Высыпаў, разраўняў і пайшоў зноў да кучы сумесі. Хадзіў ён не спяшаючыся, працаваў нетаропка, але трымаўся неяк незалежна. Нават калі спыняўся і прастойваў, яго болей не чапаў майстра і не падганялі наглядчыкі. Адчувалася, што ён уразіў немца сваім учынкам i майстра без каменданта не ведае, што рабіць. Наглядчыкі, мусіць, збянтэжыліся і таксама не разумелі, як сябе паводзіць. Не яны ж вылучалі яго са строю i не ім здымаць яго з прызначанай пасады.

Дзень стаяў ясны, пагодлівы. Угары зырка свяціла сонца, рассяваючы навокал свае промні. Здавалася, што яны, як нябачныя струмені, цурчаць i цурчаць у тугім нябесным купале, ад чаго той ціхутна трымціць, пазвоньваючы.

У Сіліча звінела ўвушшу і кружылася напаленая сонцам галава. Ва ўсім целе ён адчуваў слабасць. Магчыма, з непрывычкі, што апынуўся ў нязвычных умовах і згаладаўся. А можа, адбілася перанапружанне і фізічная стома пасля ўчарашняй бегатні. Калі б не абвестка «міттагэссэн!», якую раптам аб’явіў майстра і, паўтараючы, выкрыквалі салдаты, ён не ўстояў бы і асунуўся б на дол.

Аўтаматчыкі штосьці выкрыквалі, падаючы яшчэ нейкую каманду. Перакладчык растлумачыў, што палонныя павінны сядаць па схілах кюветаў паабапал гравійкі. Усе як быццам толькі гэтага і чакалі. Людзі ўрассыпную скочваліся з абочыны і бяссільна падалі на гліністую траву. Там, дзе іх ногі страсалі з яе жаўтлявы пыл, яна выглядала зеленавата-салатавай, а не цёмна-зялёнай, як паводдаль ад гравійкі.

Багдан Платонавіч, як чалавек практычны, адразу ж сеў на крутым схіле, міма паверхні якога слізгалі сонечныя праменні, і ўбачыў на дне кювета ладны кавалак дзюралевай бляхі, сагнутай у чатыры столкі. Ён таропка ўзяў яе і запхнуў у свой рэчмяшок. Паўло з Міхасём абапал леглі на спіны, выпрастаўшыся на ўвесь рост і ўпёршыся нагамі ў дно кювета. А тым, хто зазяваўся, месцы дасталіся толькі на асветленым схіле, куды промні падалі насторч і прыпякалі ў твар, як праз павелічальнае шкло.

Нібыта ў дрымоце, Міхась адчуў адхланне. Яму здавалася, што яго ахінула ценем бухматае дрэва, а твар абвявае пяшчотны ветрык. Хлопцу адразу ж палягчэла. Ён ляжаў так, што косыя промні падалі міма і прыпальвалі толькі ў насы драўляных калодак ды ў цемя, якое ён ашчадна прыкрываў абедзвюма далонямі. Усёю істотай хлопец адчуваў, як родная зямля асвяжае і бадзёрыць ягонае цела, абдаючы спіну і плечы лагоднай прахалодаю.

Раптам ціхутка-ціхутка загучала шчымлівая мелодыя са знаёмьші словамі:

Ніч яка місічна, ясная, зоряна, Выдно хоч голкы збырай. Выйды, коханая, працею зморэна, Хоч на хвылыночку в гай.

Спачатку Сілічу здалося, нібыта ў сне ён чуе гэтую песню, прычым настолькі выразна гучала кожнае яе слова, што ажно не верылася, як такое можа прысніцца. Але, калі прыемны тэнар прадаўжаў спяваць «Ты нэ лякайся, што змочыш ніжэнькы в чысту холодну росу», Міхась зразумеў, што гэта не сон — і павярнуў твар у той бок, адкуль даносілася песня. Яе паціху спяваў маладжавы мужчына з хітраватым цыганскім выразам, які пераламаў на калене свой кій. Паблізу ён ляжаў на супрацьлеглым схіле кювета i не хаваў свой твар ад сонца i людзей. Смуглы, з суцэльнымі чорнымі бровамі над пераноссем, цяпер гэты твар здаўся Міхасю такім жа прыгожым, як песня, якую ён спяваў.

Калісьці хлопец упершыню пачуў яе па радыё — i яна адразу ж запала ў ягоную душу. З таго часу ён чуў яе яшчэ двойчы ці тройчы, i кожны раз яна неяк па-асабліваму кранала яго сэрца.

Цяпер яго зноў глыбока ўзрушыла і яе шчымлівая мелодыя, і яе знаёмыя-знаёмыя, усё роўна як па-беларуску, але толькі з характэрным украІнскім вымаўленнем праспяваныя словы. Удалечыні ад бацькоўскага краю якія блізкія і родныя здаліся яму і гэтае: «месячная... зорная», і гэтае: «каханая, лрацаю змораная», і гэтае: «хоць на хвіліначку ў гай».