Як толькі ў Міхасёвых вушах прагучала водгулле слоў «я ж тэбе, мылая, аж до хатынонькі сам на руках однэсу», перад ягонымі вачамі адразу ж узнікла Анюта. Ён ужо не прыслухоўваўся да слоў, хаця мелодыя песні накладвалася на яго ўспаміны і агучвала іх, нібы кадры ў кіно. Прыгадалася, як ён вазіў Анюту на самакаце па вытаптаных сцежках паміж імшыстых баравін i верасовых палянак. У меднастволых сасновых тыглях сонца плавіла густую ліпучую смалу, на якой настоялася лясное паветра. Самакатныя спіцы з трымценнем крышылі сонечныя праменні, пабліскваючы спектрам люстраных зайчыкаў. Калі ў Міхасёвых руках пачынаў дрогка ўздрыгваць руль, яны ашчадней ахіналі Анюту, каб яна, крый божа, не звалілася—і самакат зноў плаўна каціўся наперад. Ад імклівага руху развяваліся льняныя Анюціны валасы, нязвычна казычучы Міхасёву шчаку і вуха. Ад чабаровага паху хмялела ягоная галава. Здавалася, Hiбыта ён не вязе Анюту на самакаце, а нясе яе на сваіх руках у сонечную далечыню.
Цяпер перад ягонымі вачамі зноў паўстала вясковая вуліца, што прытулілася да вялікага возера, і ў цэнтры яе знаёмая Анюціна хата. Колькі разоў бывала ён дняваў і начаваў у ёй, калі сябраваў у педтэхнікуме з Анюціным братам. Тады Анюта была падлеткам. Пасля педтэхнікума дарогі сяброў разышліся. Алесь паступіў у авіяцыйнае вучылішча, а Міхась — у педінстытут. Навучаючыся ў педтэхнікуме, сябра адначасова займаўся і пры аэраклубе. Загінуў Алесь у паветраным баі на фінскай вайне.
Міхась звяряуў увагу на Анюту тады, калі на яе пачалі заглядацца многія хлопцы. Яна неяк непрыкметна пасталела і пастрайнела, i станам, і абліччам вылучаючыся сярод іншых дзяўчат. Мабыць, дарэмна падлеткам яна злавала на гарэзлівых хлапчукоў, якія далі ёй мянушку— «анюціны вочкі». Цяпер і Міхась заўважыў, як расцвілі яе вочы. Толькі яны былі падобны не на анюціны вочкі, а, сінія-сінія, з жоўтымі зрэнкамі ў сярэдзіне, нагадвалі кветкі івана-ды-мар’і, што некаторыя завуць «браткамі». Ён часта ўглядаўся ў гэтыя вочы зблізку—і ўсё ніяк не мог зразумаць, ці то ад неба, ці то ад адлюстравання сіняга і жоўтага колеру нават бялкі іх адсвечвалі блакітнаватасцю.
Тады яны абое былі як тыя «браткі», толькі не Іван-ды-Мар’я, а Міхась-ды-Анюта.
Сіліч нават адчуў сябе ніякавата за тое, што ў цяперашнім становішчы, дзе людзі думаюць зусім аб іншым, ён успомніў пра ўсё гэта. Але ж ён прыгадаў такое не сам па сабе, — на гэтыя ўспаміны яго навяла песня, што спяваў смуглатвары ўкраінец. Цікава, чаму ў такіх жахлівых умовах ён заспяваў гэтую песню?.. Можа, каб скінуць непасільную ношу, што ўзвалілі на яго, і хоць трошкі развеяцца?..
У душы Міхась быў удзячны яму i за тое, што ён настроіў яго на светлыя ўспаміны, і асабліва за тое, што ён усё-такі застаўся чалавекам.
Хлопец маўчаў. Яму было прыемна, што побач маўчыць Багдан Платонавіч, зажуранымі вачамі пахвальна гледзячы на смуглага чарнабровага земляка.
6
Ці таму, што ў немцаў абед—апоўдні, ці таму, што паднявольная праца хутка знясільвае галоднага, пасляабедзенны час цягнуўся вельмі доўга. Людзей, што ледзь варушыліся на месцы і сноўдалі з лапатамі і насілкамі, хіліла стома, а сонца ўсё затрымлівалася на небасхіле і марудзіла схіляцца ўніз. Як быццам яно бязлітасна паліла абяссіленых гаротнікаў таму, што ўжо не хапала ягонага цяпла для таго, каб ажывіць вымерлую, здратаваную зямлю.
Нечаканае з’яўленне каменданта парушыла размераны рытм працы палонных. Спачатку, калі ён праехаў міма ў кабіне невялікага грузавіка, яго прыкмецілі толькі тыя, хто знаходзіўся ў гэты момант паблізу ад майстра, які ўзняццем выкінутай рукі ўзаемна абмяняўся з камендантам фашысцкім прывітаннем. Астатнія палонныя не заўважылі яго праезду, бо не вельмі заглядалі ў аўтамашыны, што снавалі сюды-туды па гравійцы. Звычайна, праязджаючы, яны не збаўлялі хуткасці. Угледзеўшы набліжэнне транспарту, каб не перашкаджаць яго руху, палонныя ахвотна сыходзілі на абочыну, маючы магчымасць не варушыцца лішні раз і дадаткова прастойваць.
Гадзіны праз паўтары грузавік, у кабіне якога сядзеў камендант, збаўляючы хуткасць, мінуў палонных і, з’язджаючы на абочыну, спыніўся. Палонныя з абочын пачалі сыходзіць на гравійку, але, калі заўважылі, што па ёй ідзе камендант, які вылез з кабіны, зноў расступадіся, моўчкі выз,валяючы перад ім вузкі праход. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, а толькі бегла аглядаючы гладка адпрасаваныя дарожным катком латы на выбоінах, ён мернымі крокамі накіраваўся да майстра.