I таму раптам аб ім пачалі распаўсюджвацца розныя чуткі. Прычым разносіліся яны сярод палонных не патаемна, а адкрыта, i адчувалася, што перакладчык зацікаўлены ў гэтым. Мабыць, некаторыя з іх ён распаўсюджваў сам, бо яму было непрыемна, што з яго пакепліваюць і насміхаюцца.
Казалі, нібыта на фронце Ванька быў малодшым лейтэнантам, чаго ён і сам не адмаўляў. Некаторыя верылі гэтаму, асабліва пасля таго, як пачулі, што ён сапраўды ўмее аддаваць каманды і ведае замежную мову. Аднак многія чамусьці сумняваліся ў праўдзівасці гэтых чутак. Прычынаю таму быў не рост і не выгляд чалавека. Хіба ж на фронце нізкія i шчуплыя не маглі быць камандзірамі? Мусіць, усіх настолькі абразіла і пакрыўдзіла Ванькава прыслужніцтва немцам, што людзі не маглі дараваць яму гэтага.
Міхась з Паўлом арудавалі штыхавымі рыдлёўкамі, а Багдан Платонавіч—саўковай лапатаю.
Кювет зарос густой травою. На выгодзе яна пабуяла. Цяпер яе не выкошваў чалавек, не скубла i не клычыла жывёла. Асабліва высокая i сакавітая вымахала трава па самым дне кювета. У ёй заблытваліся ногі. Хлопцам было нязручна высякаць там невялікія мурожныя квадраты i трохвугольнікі. Дый паглядаючы раз-пораз на рыдлёўкі, палонныя разам з тым спадылба зіркалі па баках, асцерагаючыся наглядчыцкіх кіёў. Паўло з Міхасём рухаліся па кювету насустрач адзін аднаму. У іх былі надзейна забяспечаны тылы: яны своечасова маглі папярэджваць адзін аднаго аб набліжэнні небяспекі.
Наглядчыкі сама што адчулі смак сваёй службы. Каб яны жвавей гойсалі сярод палонных, немцы забралі ў іх драўляныя калодкі і дазволілі выбраць па свайму густу найлепшыя боты. Цяпер фашысцкія паслугачы фарсіста шпацыравалі ў іх па абочынах, размахваючы свежаакоранымі кіямі.
Стары, надзьмуты, як сыч, кожны раз, лупцуючы кіем, адначасова штосьці прыгаворваў сам сабе. Сягоння ён, мусіць, перастараўся і надарваў свой голас, бо хрыпеў, нібы прастуджаны.
Дзюбаносы з дзёрзкім позіркам таксама разышоўся на ўсе застаўкі. Кіем ён ужо дубасіў толькі з адцяжкаю. I на кожным кроку брыдка лаяўся. За адны суткі са звычайнага мата ўзабраўся на сяміпавярховы. Цяпер палонных не называў іначай, як «калоднікі». Прычым перад гэтым словам яшчэ абавязкова ўжываў адно непрыстойнае, таму атрымлівалася ў яго нешта накшталт прыдатка «смаркачы-калоднікі», за што Багдан Платонавіч самога яго празваў гадам падкалодным.
Развінаючы рыдлёўкай высокую траву на дне кювета, Сіліч адчуў, як яе лязо глуха скрыгатнула па метале. Хлопец нахіліўся i рукою нясмела намацаў нейкі цвёрды прадмет, аблытаны густой травяной сеткаю. Лязом рыдлёўкі асцярожна праштыхаваў яго кругом, акуратна падсякаючы карэньчыкі травы, і выкуліў з яе невысокую круглую бляшанку цёмна-зялёнага колеру.
— Што гэта?—здзівіўся ён.
— Дымавая шашка, —буркнуў Багдан Платонавіч і, падкалупліваючы бляшанку лапатаю, растлумачыў: — Толькі нявыкарыстаная.
— Гатовы кадялок? Нават са зручнай накрыўкаю... — няўпэўнена вымавіў хлопец.
— Каб ніхто не ўзяў, хавай у рэчмяшок, — параіў Багдан Платонавіч.
Міхась паслухмяна падняў цяжкаватую бляшанку і паклаў у дзядзькаў рэчмяшок, што насіў за сваімі плячамі.
Не болей як праз гадзіну сюды зноў пад’ехаў той слмы грузавік, што раней прывёз інструмент, i амаль адначасова з ім, з другога боку, адтуль, дзе ўчора палонныя рамантавалі гравійку, нехлямяжа прывалюхаў непаваротлівы дарожны каток.
Грузавік з’ехаў на абочыну і, раз-пораз аўтаматычна прыадкрываючы задні борт i пакрысе падымаючы перад кузава, на хаду высыпаў некалькі куч бітай цэглы, перамешанай з тынкам.
Сіліч самотна глядзеў на самазвал, які валамі гліністага смецця выгрузіў на дол рэшткі нечага жытла. Хлопцу міжволі ўспомнілася, як ён калісьці націскаў нагою педаль конных грабляў, а тыя выкідвалі на луг валы сухога сена. Дык жа на выкашаным лузе потым знсў адрастала сакавітая атава, а ў завершаных стагах і ў снежную зіму сена нагадвала чалавеку пра зялёнае лета i духмяна пахла ў стайнях і ў кароўніках. А фашысты зруйнавалі нашы дамы і кватэры i дарогу сабе хочуць вымасціць людской бядою.
Усіх палонных, што сноўдалі з насілкамі, i большую частку тых, каму дасталіся саўковыя лапаты, з кювета майстра пераставіў на гравійку. Прывезенай гліністай сумессю яны запруджвалі выбоіны і збольшага разраўноўвалі насыпаныя погарбы. А няўклюдны дарожны каток прымінаў іх сваім цяжарам і так гладка адпрасоўваў, што калдобіны здаваліся залапленымі ранамі, якія ледзь-ледзь крываточаць. Скрозь як глянуць удалечыню на жаўтлявай паверхні гравійкі яны выглядалі выцвілымі крывянымі лужынамі—слядамі жудаснага разбою і разбурэння.