Выбрать главу

Трое маладых палонных—два статныя, высокія і адзін сярэдняга росту, але таксама падцягнуты—працавалі на абочыне, над кюветам, на дне якога корпаліся Міхась, Паўло i Багдан Платонавіч. Абое высокія разносілі і высыпалі на выбоіны гліністую сумесь, якую ніжэйшы накідаў ім на насілкі.

Сіліч прыкмеціў, як яны крадком прастойваюць, умела абводзячы вакол пальца майстра, а калі той набліжаецца, пачынаюць ледзь-ледзь варушыцца.

Такая гульня ў хованкі працягвалася да таго часу, пакуль яе не прыкмеціў дзюбаносы наглядчык з дзёрзкім позіркам. Ён перахітрыў іх. Відаць, здалёку наглядчык высачыў, што яны адлыньваюць ад працы, бо падляцеў і кіем агрэў па разу абодвух статных. А калі за іх уступіўся ніжэйшы, пачаў з азвярэласцю дубасіць і яго. Спрабаваў біць з адцяжкаю, як быццам хацеў перарэзаць чалавека напалам. Але палонны вёртка выкручваўся, не падстаўляў пад кій балючыя месцы і, спрытна засланяючыся ад удараў дзяржальнам саўковай лапаты, раз-пораз, нібы нажом, паласаваў наглядчыка ненавісным стальным паглядам. Спачатку выматаў з яго сілы, а потым імгненна перахапіў дзяржальна і ўзяў лапату наперавес, нібы вінтоўку са штыхом. Абое статныя тым часам таксама падступіліся з бакоў бліжэй да наглядчыка. Здавалася, што вёрткі ўзмахвае двума крыламі і, спрабуючы ўдарыць імі нямецкага прыслужніка, насядае на яго. Той, мусіць, не чакаў гэтага, бо ўздрыгнуў і адступіў. Разгублены, ён шмыгнуў прэч. Ні майстра, ні іншых наглядчыкаў у гэты момант не было паблізу.

«Гэты адзін абломіць чорту рогі, — падумаў Сіліч, з пачуццём павагі, замілавана паглядаючы на шустрага і смелага дзецюка, грушападобны твар якога яшчэ рдзеў ад фізічнай перанапружанасці і прыліву крыві.— А ўтрох яны д’ябла адолеюць».

Палонныя са штыхавымі рыдлёўкамі і частка тых, што саўковымі лапатамі выкідалі высечаны дзёран, па-ранейшаму заставаліся ў кюветах. А паколькі майстра цяпер болей глядзеў за тымі, што рамантавалі дарогу, дык і наглядчыкі таксама сачылі толькі за іхняй працаю.

Аўтаматчыкам былі відаць у кюветах толькі галовы ды плечы людзей. Таму палонныя адчувалі там сябе трошкі вальней, маглі прастойваць i варушыліся для адводу вачэй.

Калі абодва хлопцы для выгляду расхіналі рыдлёўкамі высокую траву на дне кювета, Паўло раптам ні з таго ні з сяго прапанаваў:

— Міхайла, давай напішам што-небудзь у газету...

— У якую?..—здзіўлена насцярожыўся Міхась, мяркуючы, што Паў.ло пакеплівае з яго.

— Ну ў якую ж?.. У гэтую, што ў маёй кішэні...—дрыготкім голасам лрызнаўся сусед i без ценю пакеплівання, сур’ёзна дадаў:—Адрас тут ёсць...

У Міхася ад нечаканасці ажно перахапіла дыханне, i невядома, што ён адказаў бы, калі б у гаворку не ўмяшаўся Багдан Платонавіч, які паміж імі таксама ледзь-ледзь варушыўся са сваёй саўковай лапатаю.

— Як яна называецца? «Родина»?—няўпэўнена запытаўся ён, але, не чакаючы, пакуль хто-небудзь з іх падтакне яму, з’едліва прадаўжаў: — Навошта вам пісаць па-руску? Табе, Паўло, лепей напісаць па-ўкраінску, у Кіеў. Там у немцаў, нябось, таксама з’явілася ўжо газета, «Батьківіцына»... Міхайла, а як па-беларуску «Родина»?

— Радзіма,—неахвотна буркнуў Міхась, які ўсё яшчэ не мог апамятацца ад разгубленасці, выкліканай неспадзяванай прапановаю суседа.

— Ну от, дык у Мінску, вядома, у немцаў таксама ўжо з’явілася гэтая «Радзіма». Ты, Міхайла, можаш напісаць у яе па-беларуску. А тут без вас пісакі ўжо знайшліся.

У дзядзькавым голасе адчуваліся і крыўда, і горыч, i насмешка.

Суседава прапанова выклікала ў Міхася падазронасць і недавер да Паўла. «Хіба ж ён цёмны, адсталы? Не разумев, хто выдав тут гэтую газету? Значыць, вось чаму ён схаваў яе ў сваю кішэню. А я думаў, што ён беражэ паперу для іншай патрэбы», — горка ўхмыльнуўся хлопец. Цяпер яму не хацелася быць побач з суседам, з якім яны елі з аднаго кацялка.

Добра, што майстра неўзабаве абвясціў абедзенны перапынак. Палонныя адразу ж пасыпаліся з гравійкі ў кюветы. Адны рассядаліся, а другія разлягаліся на ўтравянелых схілах, каб хоць трохі адпачыць.

Сіліч шарахнуўся ўбок ад Паўла і на траве ўшчаміўся паміж нейкім палонным і Багданам Платонавічам. Яму ні на крок не хацелася адыходзіць ад старэйшага суседа. Пачуццё ўдзячнасці да яго трошкі ўраўнаважвала і супакойвала ўзрушаны стан хлопца.