А Багдан Платонавіч, відаць, таксама быў не ў настроі, бо адразу ж моўчкі заняўся Міхасёвай дымавой шашкаю. З цяжкасцю сарваў з яе тугую накрыўку і ражком лапаты пачаў беражна раскалупваць i вытрасаць нейкае крохкае цвёрдае рэчыва. Калі кругом былі паабкалуплены яго краі, дзядзька выцягнуў з бляшанкі суцэльны цыліндрычны дыск.
Парожняя бляшанка ўсярэдзіне ажно блішчэла люстраной паверхняю. Толькі ў пазах на самым дне ледзь-ледзь праступалі жаўтлявыя плямінкі. Але іх можна адшараваць пяском або попелам.
Праўда, бляшанка не надта зручная: ручка на ёй — зверху. Калі атрымаеш кандзёр і возьмеш за яе— бляшанка ўпадзе на дол, а ў руцэ застанецца толькі накрыўка. Якраз такія пасудзіны, толькі значна большыя і з выгляду бліскучыя, у бальніцах носяць медыцынскія сёстры. Зроблена бляшанка з тонкай бляхі. Калі нальюць гарачага варыва, яе не ўтрымаеш: апячэ рукі. Яшчэ добра, што накрыўка да яе падагнана шчыльна і трымаецца туга.
— Які кандзёр, такая і пасудзіна, — зазначыў Багдан Платонавіч, аддаючы Міхасю бляшанку. — Пакуль знойдзецца што-небудзь лепшае, яна часова заменіць кацялок.
Але Міхась, як дзіця, быў рады сваёй знаходцы: гэтак не хацелася яму цяпер есці з Паўлам з аднаго кацялка.
У кюветах усталявалася цягучая цішыня. Людзей, што выбіты лёсам са звычайнай жыццёвай каляіны і скалануты псіхалагічным стрэсам ды яшчэ каторы дзень не кормлены, не столькі знясільвала праца, колькі прыгнятала цяперашняе становішча. Адны лежачы драмалі, другія ў задуменні сядзелі моўчкі.
Сіліч хоць трохі супакоіўся, але таксама не мог адкараскацца ад назойлівых думак. Як хворага ліхаманкаю час ад часу праймаюць дрыжыкі, гэтак яго калацілі прыступы злосці. З галавы не выходзіла вар’яцкая суседава прапанова. «Пра што ён хацеў напісаць у гэтую газету? Пра тое, як знясіленых савецкіх палонных фашысты прымушаюць людской бядою масціць дарогу? Ці пра гэтыя гліністыя латы, што на калдобінах нагадваюць выцвілыя крывяныя лужыны?»
Калісьці Міхась любіў дасылаць допісы ў сваю раёнку. Пісаў пра тое, як яны, вучні, варочалі і зграбалі арцельнае сена ды ў жніво збіралі на пожні каласы, а ў святы зялёнай дзеразою ўпрыгожвалі арку на калгасным двары.
«А можа, Паўло хоча напісаць пра тое, як у ягонай вёсцы пухлі і паміралі землякі ў галодны год, калі дабрадзеі падчыстую павыграбалі і павывозілі са свірнаў усё збожжа? Але ж не да гэтага цяпер, калі на нашай зямлі гаспадараць фашысты. Дый не ў іхнюю ж газету пісаць пра гэта, выстаўляючы сябе на пасмешышча. Яны толькі злараднічаць будуць. Не для таго ворагі прыйшлі сюды, каб выпраўляць нашы прамашкі і наводзіць у нас парадак. Спачатку ад іх трэба вызваліць сваю зямлю, а потым самім разбірацца ў сваіх справах».
Міхасёў журботны позірк бязмэтна блукаў па наваколлі: абмацваў паблізу някошаныя сенажаці, далёкія пажоўклыя нівы і ў сіняватай смузе дробныя пералескі. Потым спыніўся на лагеры, што ўзвышаўся непадалёку ўзбоч гравійкі. Адсюль добра было відно, што гэта звычайны жывёльны двор. Ала абнесены не загараддзю з жардзінаў, а высокай калючай агароджаю з ахоўнымі вышкамі па вуглах, ён здаваўся пачварным прывідам і выглядаў асабліва злавесна. «Пра гэта ж Паўло не напіша ў тую «газету»...
Толькі цяпер Сіліч разгледзеў, што ягоным суседам аказаўся той самы вёрткі палонны, які спрытна выкручваўся і засланяўся ад удараў наглядчыка. На супрацьлеглым схіле кювета сядзелі абодва ягоныя напарнікі: адзін—чарнявы, прыгожы з твару, а другі — рыжаваты, вяснушчаты. Па тым, як яны не зводзілі вачэй з шустрага і глядзелі яму ў рот, Міхась зразумеў, што гэтую спаяную тройню не разальеш вадою.
Раптам у журботнай цішыні як быццам сцёбнулі дратаванкаю па адным і амаль адначасова па другім кювеце, ад чаго па наваколлі пакаціўся працяжны пошчак. Той, хто, лежачы, драмаў, спрасонку не мог уцяміць, што адбылося. Толькі тыя, якія моўчкі сядзелі ў задуменні, зразумелі, што дзесьці суха трэснулі дзве аўтаматныя чаргі. То там, то сям у кюветах палонныя падымаліся на ногі, спрабуючы разгледзець, што здарылася. Але аўтаматчыкі, што пакідалі на зямлі біклажкі з бутэрбродамі, таксама паўсхопліваліся і кароткімі чэргамі прастрочвалі паветра паўзверх галоў палонных ды наперабой крычалі: «Зіхц хінлеген!», «Зіхц хінлеген!».
У полуднік перакладчык з наглядчыкамі таксама сядзелі ў кюветах і не вылазілі з іх. Пагрозлівымі чэргамі і гартаннымі крыкамі аўтаматчыкі нарэшце навялі парадак. Болей палонныя не высоўвалі галоў з кюветаў, а толькі насцярожана прыслухоўваліся да трывожнай цішы.
— Што здарылася? — прагергетаў хтосьці непадалёку, і чуваць было, як гэтае запытанне перадавалася далей па ланцугу аўтаматчыкаў.