Выбрать главу

У хуткім часе такім жа чынам адтуль данеслася:

— Двое спрабавалі ўцячы.

Сіліча нібы зачапіла запозненым рыкашэтам. Ён сцяў зубы і маўчаў. Яму было балюча, таму ён і іншым не стаў пераказваць гэтую чутку. Але неўзабаве яе пацвердзілі самі палонныя. Таксама з таго боку з вуснаў у вусны яны перадавалі вестку пра тое, што двух смельчакоў, якія па-пластунску папаўзлі ў высокай траве па дне кювета, аўтаматчык прашыў дзвюма чэргамі.

Салдаты, як быццам нічога не адбылося, зноў сядалі да пакінутых біклажак з бутэрбродамі і працягвалі перарваны полуднік. Майстра дык той, як разамлелая квактуха, пры ўзнятай паніцы нават не падняўся з наседжанага месца.

Праз некалькі хвілін некаторыя палонныя заўважылі, што па гравійцы ад лагера да іх чыкільгае адзінокая постаць. Але, калі яна зусім наблізілася, яны былі горка расчараваны тым, што іх ашукаў зрок: пагойдваючыся плячамі і шырока расстаўляючы свае крывулі, камендант нібы цыркулем адмяраў сюды адлегласць ад лагера.

— Што тут адбылося?!—зацікаўлена запытаўся ён па-нямецку, не зварочваючы з абочыны ні да майстра, ні да аўтаматчыкаў.

— Двое спрабавалі ўцячы, —данеслася адтуль у адказ.

— Дзе яны?

— У канцы ачаплення ляжаць у кювеце.

Камендант накіраваўся ў той бок, на гэты раз ужо не разглядаючы, як выраўняны і адпрасаваны калдобіны.

Хутка па тым кювеце, у якім ляжалі забітыя, нібы па ланцугу ў траншэі, палонныя пераказалі адзін аднаму тое, што там адбылося. Адзін з небаракаў, якога камендант штурхнуў нагою, аказаўся яшчэ жывы. Мусіць, аўтаматная чарга толькі прастрачыла яго, але не абарвала жыццё. Уцекачы паспелі адпаўзці на ладную адлегласць, i таму самыя крайнія палонныя не разгледзелі i не пачулі, менавіта як адрэагаваў цяжка паранены на камендантаў выспятак. Яны толькі бачылі, што камендант, нібы апантаны, адскочыў ад гаротніка, кінуўся да іх, схапіў з зямлі кірку і, падбегшы назад да параненага, з размаху праламаў ёю ягоны чэрап.

Потым усе палонныя, якія сядзелі і ляжалі на вонкавых схілах кюветаў, былі сведкамі таго, як змрочны камендант, рухаючы жаўлакамі, моўчкі пачыкільгаў назад у лагер. З абодвух бакоў гравійкі яго праціналі навылет насцярожаныя, ненавідзячыя позіркі.

Міхасёў сусед вычакаў, калі ён пройдзе міма, і з абурэннем вымавіў:

— Вылюдак!

— Садыст! — удакладніў Міхась.

А Паўло незадаволена прамармытаў:

— Людзі самі шукаюць сабе смерць.

«Мусіць, табе карціць напісаць пра гэта ў іхнюю газету?» — мільганула ў Міхасёвай галаве.

— Хяндога, чуеш, што чалавек кажа? Насіллем не працівіцца злу? — невядома ў каго насмешліва спытаўся з супрацьлеглага схілу кювета рыжаваты напарнік Міхасёвага суседа.

— Людыні на волі адразу памерці лягчэй, чымся гібець і пакутаваць у няволі, — разважыў Багдан Платон,авіч.

— Канечне, сослепу перціся на ражон няма чаго, — прамовіў у адказ яму Міхасёў сусед.— Але пры нашых умовах трэба заўсёды быць напагатове. А як толькі трапіцца выпадак, не раздумваючы, уцякаць. Бо тут не выжывеш, калі не рызыкаваць жыццём.

«Хяндога. Значыць, гэта ягонае прозвішча, — падумаў Сіліч. — Трохі нязвычнае, але затое запамінальнае».

7

Пасля вячэрняй паверкі Міхась і Багдан Платонавіч адразу ж улегліся адпачываць. Перажытае за дзень і стаміла фізічна, і змардавала маральна. Абоім хацелася пазбыцца прыкрага самаадчування і пра ўсё забыць. На нарах цяпер папрасторнела. Паўло, мусіць, яшчэ ўдзень пакінуў сваё месца. Ён перайшоў у самы канец стадолы, дзе атабарыліся наглядчыкі, кухары і перакладчык. Напэўна, перакладчык параіў яму перабрацца туды. Заставацца з ранейшымі суседзямі Паўлу было ніякавата. А каб не ўзнікла паміж імі непажаданых непаразуменняў, ён перасяліўся, не чакаючы, пакуль яны вернуцца з працы.

Дзесьці ў глыбіні душы Міхась быў задаволены тым, што Паўло нарэшце пакінуў іх і перабраўся сам, без усялякіх апраўданняў і дакучлівых тлумачэнняў.

Абоім суседзям усё роўна як хто пазавязваў языкі. Размаўляць не хацелася. Яны ляжалі моўчкі, кожны заняты сам сабою. Ляжалі-ляжалі дый, абцяжараныя, перапоўненыя да краёў маркотнымі думкамі і гаротнымі перажываннямі, непрыкметна аддаліся сну. Ён быў падманлівы: Міхась усю ноч трызніў, а Багдан ГІлатонавіч праварочаўся з боку на бок. I ўсётакі, нягледзячы на гэта, іх абоіх ахінаў уяўны спакой.

Раніцаю лагер паднялі раней звычайнага. На дне прыбіральні палонныя ўгледзелі расхрыстанага тапельца. Прыцішаныя вохканні, спачувальныя ўздыхі па няшчасным імгненна перадаваліся з вуснаў у вусны. Пакуль найболей уразлівыя і руплівыя ламалі галовы над тым, як выцягнуць мерцвяка, лагерная абслуга ў сваім закутку схамянулася, што няма дзюбаносага наглядчыка з дзёрзкім позіркам. Яна выявіла гэта па ягонай шапцы з малінавым аколышкам, што ляжала ва ўзгалоўі. Як толькі погалас пра гэта распаўсюдзіўся па лагеры, палонных усё роўна як падмянілі. Шчырую спагадлівасць з людзей выцесніла зацятая злараднасць. Цяпер ніхто з іх нават і не думаў пра тое, каб выцягнуць тапельца.