— Мабыць, разведалі, што гэта важная асоба, калі павезлі ў легкавушцы, як пана, — паспачуваў Багдан Платонавіч.
Сіліч змоўчаў. У яго і цяпер не павярнуўся язык, каб сказаць страшную праўду пра шыракатварага. «Лепей хай просты чалавек верыць у сваю здагадку i не псуе сабе нервы, гнеўна абураючыся здрадніцкім учынкам. Яму хопіць i таго клолату, што задаў зямляк, які перайшоў да лагерных прыдуркаў. Няхай хоць трошкі забудзецца i адыдзе ад маркотных думак».
Хлопец непакоіўся пра суседа, ашчаджаючы яго, а самога апаноўваў пакутлівы одум.
Усё-такі якое складанае i незразумелае жыццё, што калісьці здавалася такім простым i бесклапотным... Нездарма ж людзі кажуць: «Шыццё пражыць — не поле перайсці». А можа, яно не такое складанае i незразумелае для кемлівага i разумнага чалавека? Дык хіба ж Паўло i гэты шыракатвары — дурні? Яны занадта хітрыя. Ратуюць сваю шкуру, прадажныя стварэнні!
Калі пасля абеду Міхась вылазіў з-пад верхніх нараў, каб апаласнуць бляшанкі, з верхатуры міма яго шаснуў уніз сусед шыракатварага. Худы, высокі юнак трымаў у руках кацялок і, відаць, таксама ішоў да рукамыйніка.
— Куды гэта немцы забралі твайго суседа? — не раздумваючыся, запытаўся Міхась, жадаючы завязаць з хлопцам гаворку.
— Які чорт яго забіраў? Ён сам напрасіўся да іх.
— Чаго?
— Наймацца на службу.
— Куды?
— У татарскі легіён.
— Хіба ён з Татарыі?
— Не. Мы абое з Арэнбургскай вобласці.
— I ты татарын?
— Ага.
— А чаму ж не паехаў з ім, за кампанію?
— Ён падбіваў мяне. Але мне з ім не па дарозе.
— Вы аднапалчане?
— Не. Пазнаёміліся ў лагеры.
— Кім ён быў у арміі?
— Начпродам.
«Там з прадуктамі меў справу, дык тут спалохаўся, што на рацыёне палонных канцы аддасць, — ухмыльнуўся Міхась, —Легіянер знайшоўся! Нябось, такі праныра і там на харчовы склад пралезе».
Хлопцы схадзілі да рукамыйніка, апаласнулі свой посуд і, размаўляючы між сабою, трохі затрымаліся на двары.
Юнака з верхатуры звалі Хасанам. Той год, як пачалася вайна, ён скончыў дзесяць класаў. Вучыўся ў вясковай школе. Збіраўся паступіць на гістарычны факультэт Казанскага універсітэта. А лес распарадзіўся іначай: зрабіў яго мінамётчыкам.
Сіліч адразу не прызнаўся, што ён таксама настаўнік гісторыі. Але выклікала павагу хлопцава перакананне і падкупляла ягоная схільнасць да аблюбаванай прафесіі, у якую Міхась сам быў улюбёны змалку. Таму ён пранікся пачуццём локця і адчуў, як у ім зацеплілася сімпатыя да адзінокага юнака. «От табе і нацыянальнасць, i вясковая школа. У Паўла за плячамі педагагічнае вучылішча ў славутым абласным цэнтры. А мардаты начпрод з вышэйшай адукацыяй. Напэўна, усё залежыць ад маральнай устойлівасці і фізічнай загартоўкі чалавека, а не толькі ад трываласці грунту пад ім!»
Палонныя яшчэ не ведалі, што з Германіі, нарэшце, прыбыла тая каманда, якую з нецярплівасцю чакаў камендант. Калі раніцаю аўтамашыны высадзілі каля лагера вайскоўцаў у ядавіта-жоўтай форме з павязкамі «Тодт» на рукавах і паехалі прэч, многія насцярожыліся.
«Ну от, цяпер усім нам канцы прыйшлі, — мільганула ў Міхасёвай галаве думка, адпаведная ягонаму настрою. — Камендант самачынна забіваў па адным, а яны супольна пачнуць сеяць смерць паскораным метадам».
Камендант рушыў да брамы, а вайскоўцы спыніліся перад ёю, здымаючы з плячэй і беручы напагатоў вінтоўкі. Наглядчыкі кінуліся выстройваць лагер. Збянтэжаныя араваю пасланцоў смерці, Міхась з Багданам Платонавічам інстынктыўна памкнуліся да Хяндогі, якога раптам заўвашылі ў мітуслівым натоўпе. У бязладнай штурханіне іх адцяснілі ў самы хвост калоны. Калі лагерная ахова перадала яе ў браме новай спецкамандзе, да лагера пад’ехаў вялізны грузавік з брызентавым тэнтам над кузавам. З яго кабіны вылез малады нямецкі афіцэр і падышоў да каменданта. Пасля іх кароткай гаворкі камендант крыкнуў штосьці канваірам. Тыя перадалі яго каманду ў галаву калоны і спынілі яе ў той момант, калі яна выйшла з брамы, выцягваючыся на гравійку. Тым часам афіцэр аддаў нейкі загад пяцярым аўтаматчыкам, што вылезлі з кузава. Яны адлічылі з хваста калоны дваццаць палонных і загадалі ім залазіць у грузавік. Адбылося ўсё настолькі нечакана, што Міхась не паспеў апамятацца, як апынуўся ў кузаве. Чатыры пярэднія лавы занялі палонныя, а праз адну парожнюю, на самай задняй, селі немцы, т.рымаючы ў руках аўтаматы. Як толькі бразнулі дзверы кабіны, грузавік крануўся з месца. «Можа, і к лепшаму, што мы трапілі да франтавікоў. Усё-такі яны адвозяць нас падалей ад гэтай смертаноснай каманды,—думаў Міхась. А калі адчуў побач локаць і плячо Багдана Платонавіча ды ўгледзеў на задняй лаве Хяндогу з абодвума таварышамі, яшчэ болей паспакайнеў. — Назіркам трэба трымацца іх. Мо прывязуць у такое месца, адкуль можна будзе хутчэй уцячы».